Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Асабліва жорстка пазыцыю Мілінкевіча крытыкуюць у камандзе Някляева”


Belarus - Vital Tsyhankou, Minsk Bureau, 26Jan2009

Belarus - Vital Tsyhankou, Minsk Bureau, 26Jan2009

Масква паспрабуе адхіліць Аляксандра Лукашэнку з пасады прэзыдэнта на працягу паўтара года, заявіў Аляксандар Мілінкевіч нямецкай газэце. Паводле кіраўніка Руху “За свабоду”, галоўная палітычная інтрыга ў краіне пачнецца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня, якія, на ягоную думку, безумоўна, выйграе Аляксандар Лукашэнка. Паводле Мілінкевіча, пасьля выбараў Расея паспрабуе зьмясьціць Лукашэнку з пасады прэзыдэнта. Пра гэтую заяву Мілінкевіча ды пра іншыя палітычныя падзеі тыдня мы гутарым з аглядальнікам “Свабоды” Віталем Цыганковым.

Ганна Соўсь: Віталь, як у Менску ацэньваюць заяву Мілінкевіча, што кажуць пра яе ў палітычных колах?

Віталь Цыганкоў: Прызнаюся, што такія заявы Аляксандра Мілінкевіча розныя палітычныя структуры ацэньваюць даволі неадназначна. З аднаго боку, ёсьць многія людзі, якія заклапочаныя той праблемай, што ўзьняў Мілінкевіч, тым, што сапраўды, расейскі чыньнік апошнім часам набывае ўсё большае значэньне. І тыя намеры Крамля, пра якія кажа Мілінкевіч, выглядаюць даволі відавочна для многіх, і тут няма вялікага адкрыцьця.

Зь іншага боку многія вельмі крытычна ставяцца да гэтых выказваньняў Мілінквіча, урэшце, як увогуле да ягонай пазыцыі пасьля таго, як ён вырашыў не вылучацца на гэтых выбарах. Заўважце, што Мілінкевіч кажа пра тое, што будзе пасьля выбараў, якія, на ягоную думку выйграе Лукашэнка. Але многія людзі не жадаюць пагаджацца з такой перадвызначанасьцю, яны хочуць змагацца за перамогу на гэтых выбарах, а не пасьля. Асабліва жорстка пазыцыю Мілінкевіча крытыкуюць прадстаўнікі каманды Ўладзімера Някляева, якія лічаць, што такія выказваньні не спрыяюць мабілізацыі сілаў дэмакратычных актывістаў на гэтых выбарах. Фактычна тут сутыкнуліся два палітычныя падыходы, два прыярытэты. Для адных галоўнае – зрынуць Лукашэнку любым коштам, з дапамогай хоць д'ябла, хоць чорта, хоць Масквы. Другія, як Мілінкевіч, дбаюць пра тое, што будзе пасьля выбараў – але тым самым прызнаюць, што выбары ўжо прайграныя.

Соўсь: У канцы мінулага тыдня ў Менску адбылася даволі прыкметная падзеі – джэнтэльмэнскае пагадненьне паміж Уладзімерам Някляевым і Андрэем Саньнікавым. На вашую думку, ці можна назваць гэта першым крокам да аб'яднаньня апазыцыйных кандыдатаў на гэтых выбарах?

Цыганкоў: На жаль, не. Я шчыра спытаўся у камандаў абодвух гэтых кандыдатаў, ці будзе здымацца Саньнікаў на карысьць Някляева – і ў абодвух камандаў адказвалі, што ніхто гэтага рабіць не зьбіраецца. Як, дарэчы, не зьбіраюцца здымацца на чыю-небудзь карысьць і большасьць з астатніх 10 кандыдатаў, якія, як выглядае, будуць зарэгістраваныя. Урэшце, многіх ужо неяк раздражняе пазыцыя каманды Някляева, якая лічыць, што менавіта лідэр кампаніі "Гавары праўду" – самы моцны кандыдат і ўсе астатнія дзеля перамогі дэмакратыі павінны стаць пад ягоныя штандары. Іншыя кандыдаты кажуць: “Я таксама самы пэрспэктыўны, чаму я павінен здымацца дзеля кагосьці, хай ён здымаецца дзеля мяне”. У любым выпадку хаця б джэнтэльмэнскае пагадненьне аб каардынацыі дзеяньняў – гэта ўжо нейкі крок наперад. Магчыма, калі кандыдаты ўжо пераканаліся, што адзінага наўрад ці будзе, можна гаварыць прынамсі аб каардынацыі намаганьняў на Плошчы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG