Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўца папалохалі ды паўторна дапыталі


Валянцін Лабачоў

Валянцін Лабачоў


Магілёўскага актывіста незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт» Валянціна Лабачова паўторна дапытаў участковы міліцыянт Артур Балотнікаў. Міліцыянт дамагаўся адказаў на пытаньні, зьвязаныя з намерамі актывіста правесьці 6 лістапада акцыю з выкарыстаньнем бел-чырвона-белай сымболікі.

Лабачоў: «Участковы выклікаў мяне, каб перапісаць пратакол апытаньня. Такі ж пратакол ужо складалі на мяне 6 лістапада, калі затрымалі. Ён мне не патлумачыў, навошта яму яшчэ адно апытаньне. Ён таксама сказаў мне, што мая справа разглядаецца кіраўніцтвам Ленінскага аддзелу міліцыі, і што мяне могуць арыштаваць да трох сутак. Потым, праўда, сказаў, што нічога мне ня будзе. Мне яшчэ ўчастковы загадаў, каб я пераказаў хлопцам, якіх разам са мной затрымлівалі, што ён іх таксама чакае. Калі ня прыйдуць, у іх будуць праблемы».

6 лістапада васемнаццацігадовага Валянціна Лабачова і двух ягоных сяброў арыштавалі супрацоўнікі спэцслужбаў, якія ахоўвалі тэрыторыю ля магілёўскага палаца гімнастыкі. Акурат тады яго наведваў Аляксандар Лукашэнка. Хлопцы зьбіраліся ўзьняць на паветраных шарыках некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў, каб іх змаглі пабачыць тыя, хто прыйшоў на адкрыцьцё спартовага збудаваньня.

У міліцыі Валянціна Лабачова пратрымалі больш за тры гадзіны. У яго канфіскавалі паветраныя шарыкі й некалькі сьцягоў.
XS
SM
MD
LG