Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звычайна двойчы ў год — увосень, калі пачынаецца новы навучальны год, і ўвесну, перад тым, калі трэба рабіць рамонт, — у школах адбываецца сэзон так званых пабораў. Бацькі зьбіраюць грошы на патрэбы школы ці на рэчы, неабходныя для навучаньня ці камфортнага знаходжаньня ў клясе дзяцей. Наколькі гэта законна, куды ідуць грошы бацькоў, ці можна абысьціся без пабораў?

Сярэдняя адукацыя ў Беларусі — бясплатная і даступная, і гэта гарантавана артыкулам 49 Канстытуцыі. Але кожны з бацькоў школьнікаў можа падзяліцца, у якія грошы абыходзіцца вучоба. Як мінімум, адну «мінімалку» (35 тысяч) трэба пералічыць на афіцыйны рахунак школы. Потым пачынаюцца паборы на патрэбы клясы. А гэтае паняцьце надзвычай шырокае: пачынаючы ад дробязяў, кшталту на пітную ваду, аднаразовы посуд і туалетную паперу, працягваючы DVD-прайгравальнікамі, лямпамі дзённага сьвятла і заканчваючы эўрарамонтам.

Бабуля дзьвюх унучак адной з прэстыжных сталічных гімназіяў, спадарыня Ганна распавяла:

«Гурткі платныя, факультатывы платныя. Наагул на ўтрыманьне аднаго дзіцяці ў школе трэба прыкладна 200 тысяч у месяц. Паколькі дзетак двое, атрымліваецца каля 100 эўра. Для клясы старэйшай дзяўчынкі трэба было купіць паліцы, нейкія шуфлядкі, яшчэ штосьці. Школьны будынак стаіць на гэтым месцы больш за 100 гадоў. Чаму кожны год дзеці зьбіраюць на мэблю? Напэўна, гэта павінна курыраваць Міністэрства адукацыі. Урэшце, набыцьцё мэблі для клясаў — гэта ягоны клопат».

А вось маці хлопчыка зь іншай сталічнай гімназіі спадарыня Ірына кажа:

«Раней паборы такія былі. Мы зьбіралі ў мінулым годзе на нейкі прыёмнік, потым на нейкія дапаможнікі. Сёлета нешта дзіўнае: 1 верасьня ў нас сабралі нейкія капейкі, невялікія грошы на туалетную паперу. Мабыць, нешта зьмянілася, мабыць, на нешта яшчэ будуць зьбіраць… А яшчэ бываюць выпадкі, вядома, калі перад сьвятамі кшталту Дня настаўніка ці Дня жанчын зьбіраюць па 5-10 тысяч на падарункі. А так, каб на патрэбы школы, апошнім часам такога няма».

У беларускім заканадаўстве няма ніводнага нарматыўнага акту, які б прымушаў бацькоў пералічваць якія-небудзь сродкі на рахунак ці здаваць грошы на патрэбы школы. Мясцовыя органы ўлады і Міністэрства адукацыі, маўляў, выдаткоўваюць дастаткова сродкаў на ўтрыманьне школ, сьцьвярджаюць чыноўнікі ад адукацыі. Настаўнікі кажуць адваротнае:

Я як клясны кіраўнік абавязаная зрабіць рамонт у клясе. За якія сродкі?
«Афіцыйна забаронена нават капейку ўзяць з бацькоў. Дык а за якія грошы я выпішу па 5 экзэмпляраў газэт „Юный спасатель“, „Переходный возраст“? Выпісваем газэты нікому непатрэбныя, у клясе псуецца, ламаецца мэбля. У асноўным, рамонт ажыцьцяўляецца за кошт бацькоў. Я як клясны кіраўнік абавязаная зрабіць рамонт у клясе. За якія сродкі?»

Вось і даводзіцца настаўнікам шукаць фінансавай падтрымкі ў бацькоў. Прычым, калі раней зьбіраньнем дадатковых сродкаў займаліся бацькоўскія камітэты, то цяпер гэты орган называецца апякунскай радай, кажа інспэктар аднаго раённага ўпраўленьня адукацыі спадарыня Сьвятлана:

«Апякунская рада зьбірае, не бацькоўскі камітэт, а апякунская рада. І ідзе ўсё на фонд школы. Паколькі зараз усе асноўныя скаргі, кожная другая, ідуць на паборы грошай, то прынамсі на паперы, калі правяраеш, усё ў парадку. Ёсьць выбары сяброў апякунскай рады, ёсьць справаздачы: паступіла такая сума, у адну клясу набылі лямпы дзённага сьвятла, у другую — карнізы… То бок справаздачнасьць даволі адкрытая».

Начальнік упраўленьня школьнай адукацыі Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў кажа, што, калі і ёсьць выпадкі зьбіраньня сродкаў, то гэта толькі зь ініцыятывы саміх бацькоў:

«Мне ня вельмі падабаецца, калі кажуць „школьныя паборы“. Гэта няправільна. Гэта паборы, якія, магчыма, на тэрыторыі школы робяцца. І робяцца аднымі бацькамі з другіх бацькоў. Справа ў тым, што ў пэдагогаў няма такіх функцыяў рабіць гэтыя паборы, грошы браць з бацькоў. Хто будзе ў гэтым заўважаны, будзе звольнены адразу. Ёсьць апякунская рада, ёсьць палажэньне аб апякунскай радзе, і там усё прапісана. Адміністрацыя школы ў асобе дырэктара, пэдагогаў ніякага дачыненьня да гэтага ня мае. Гэта адны бацькі бяруць грошы ў другіх бацькоў».

Прычым, як заўважыў чыноўнік Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў, часьцяком бацькі з уласнай ініцыятывы і перагібаюць, зьбіраючы на рэчы далёка ня першай неабходнасьці альбо на шыкоўны рамонт.
Дзіця пайшло ў першую клясу. Настаўніца заяўляе: „Патрэбны ноўтбук“.


Такім чынам, калі апякунская рада дае дабро, а бацькі згодныя фундаваць, то можна ў клясе нават эўрарамонт зрабіць, шклопакеты ўсталяваць. Часьцей за ўсё пра патрэбы клясы ці школы бацькі даведваюцца ад настаўнікаў ці дырэктара, якія не прымушаюць, нават ня просяць, а рэкамэндуюць апякунскай радзе набыць неабходнае.

Маці старшаклясьніцы спадарыня Галіна перакананая:

«Мне здаецца, памер пабораў наўпрост залежыць ад сумленьня настаўнікаў. Калі настаўніца нармальная, абмяжоўваецца ўсё цалкам адэкватнымі сумамі: на туалетную паперу, на ваду, на сурвэткі — у школы рукі да гэтага не даходзяць, ёй бы іншыя дзіркі залатаць. Але калі настаўніца, да прыкладу, патрабуе ноўтбук, як было ў маёй знаёмай… Дзіця пайшло ў першую клясу. Настаўніца заяўляе: „Патрэбны ноўтбук“. Навошта першаклясьнікам ноўтбук, і як 25 вучняў будуць паміж сабой яго дзяліць? Зразумела, каму патрэбны ноўтбук, і ці пабачаць яго дзеці ў клясе».

Здаваць грошы ці не здаваць на рамонт, новую мэблю ці туалетную паперу — справа цалкам добраахвотная, сьцьвярджае інспэктар упраўленьня адукацыі спадарыня Сьвятлана.

«Калі ты заўпарцісься і скажаш: „Ня буду здаваць грошы“, зь цябе ніхто ня можа нічога патрабаваць, акрамя „фэ“ настаўнікаў. Калі гэта цябе не кранае, ты можаш наагул не здаваць. Любыя паборы — добраахвотныя».

Такім чынам, здаваць грошы ці не — вырашаць бацькам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG