Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя школаў ня мае права прымаць наяўныя грошы


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

“Народная Воля” на першай паласе на тэму выбараў зьмясьціла артыкул Паўла Шарамета “Агонія”.

Юрыст Гары Паганяйла прапануе чытачам артыкул пад загалоўкам “Як я буду галасаваць на рэфэрэндуме”. Аўтар дае парады, як пракантраляваць падліковую камісію.

Калода карт з выяваю адыёзных асобаў беларускай палітыкі заняла сваё месца ў Парыскім музэі картаў для гульні.

Ніл Гілевіч у адказ на публікацыі “ЛіМ”а надрукаваў артыкул “Нішто паклёпу не стрымае”.

А Лявон Баршчэўскі ў адказ на прамову Аляксандра Лукашэнкі ў Берасьці наконт эўрапейскай адукацыі напісаў кароткі артыкул пад загалоўкам “Войны зь дзецьмі не выйграюцца”.

Газэта “Мясцовы час” у Пінску ў працяг выбарчай тэмы зьмясьціла матэрыял пра сустрэчу Джорджа Расэла й Коні Джэксана зь мясцовымі сябрамі БХК.

Пінскаму дому-інтэрнату для дзяцей з паслабленым слыхам споўнілася 50 гадоў. Паўль Мартін Нісэн і Эком Эльмар зь нямецкага гораду Нібюль прывезьлі дзецям прыстасаваньні для ўзмацненьня гуку й розныя падарункі.

А зь нямецкага гораду Альтэна (гэта горад-пабрацім Пінску) прыехала дэлегацыя на сьвята гораду. Пінску – 907 гадоў.

Газэта “Ганцавіцкі час” распавядае пра паборы ў школах у артыкуле “Зьбіраючыся на ўрок, не забудзьцеся пра “аброк”. Школы павінны былі нарыхтаваць сельскагаспадарчую прадукцыю. Гарадзкія школы прызвычаіліся ўсё перакладаць на плечы бацькоў: тыя зьбіраюць грошы й гародніну. Дзеці носяць у школу бульбу, капусту, моркву, а ў адной школе нават варэньне. Наколькі законныя паборы грошай і гародніны? Гэтае пытаньне высьвятлялі журналісты. Чыноўнікі іх запэўнілі, што адміністрацыя школаў ня мае права прымаць наяўныя грошы. Усё трэба прапускаць праз касавыя апараты, якіх, натуральна, у школах няма.

Цікавы матэрыял “Ганцавіцкі час” прысьвяціла яшчэ адной навучальнай установе. У Ганцавічах 50 гадоў існуе інтэрнат для дзяцей з псыхічнымі адхіленьнямі. Асноўны дыягназ – алігафрэнія. Дык вось, 5 дзяцей з гэтага інтэрнату нікому нічога не сказаўшы, паехалі ў Менск на рэспубліканскі чэмпіянат па у-шу. Там яны сказалі, што прыехалі са звычайнага інтэрнату. Ніхто не пацікавіўся, дзе іхны трэнэр, і дзяцей дапусьцілі да спаборніцтваў. У выніку – 4 срэбраных мэдаля і адзін бронзавы. Так што ўсе пяцёра перамаглі сталічных аднагодкаў, якія займаліся ў спартовых сэкцыях, і вярнуліся з мэдалямі.
XS
SM
MD
LG