Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горыч Негарэлага


У Негарэлым сёлета адбыліся дзьве нібы ўзаемавыключальныя падзеі. Паселішча страціла статус пасёлка гарадзкога тыпу, і адначасова ў наваяўленай вёсцы ўзьнік аграгарадок. Вэртыкаль Дзяржыншчыны празь мясцовы друк тут жа адрапартавала пра «значныя сацыяльныя пераўтварэньні ды мерапрыемствы па добраўпарадкаваньні». Негарэлае, дарэчы, знаходзіцца побач з аднайменнай чыгуначнай станцыяй, якая мае гістарычнае значэньне — тут да 1939 году праходзіла мяжа СССР — мяжа паміж Усходам ды Захадам. Пры праезьдзе празь яе мясцовыя відарысы ня выклікалі ў мяне аптымізму: змрочныя казарменныя будынкі, яўна кінутая воданапорная вежа. Так што вырашыў у Негарэлым спыніцца-азірнуцца.

Скажу адразу: адміністрацыйнае новаўвядзеньне выклікае дагэтуль у тутэйшых, сярод якіх 70% пэнсіянэраў, рэзкае непрыняцьце. У часе вандроўкі я спыніў на ровары 63-гадовага Ўладзіміра Коласа. А зайшоўшы ў ФАП, які рамантуецца, пагутарыў з санітаркай Людмілай Дзяшкевіч.


Колас: «Перавялі сельсавет у Энэргетык. Паспрабуй дабярыся старыкам — гэта раз. Па-другое, старшыня Скорабагатаў абяцаў зрабіць дарогу. І што?! Няроўнай як была, так і засталася. І ваду правесьці абяцаў. Уявіце — у каго калодзеж ё, у каго не. І такая вада іржавая, што піць немагчыма яе. І даводзіцца цягаць яе далёка старым — во такія пірагі…»

Дзяшкевіч: «Незразумела, чаму скарацілі гэты сельсавет. Таму што негарэльцаў — якіх 900 чалавек, плюс побач дачнікаў за тысячу чалавек. Цяпер ісьці пехатой за 3 км. А ў нас трамваі ня ходзяць…»

На станцыі мяне сустрэў краязнаўца, былы настаўнік гісторыі, 64-гадовы спадар Уладзімір Мішура.


Карэспандэнт: «Я чуў, захаваліся людзі, якія памятаюць, як у Негарэлым перакідвалі на іншы фармат рэек цягнікі…»

Мішура: «Было такое, таму што эўрапейская каляіна меншая на 18 см. І сюды былі цягнікі Парыж — Негарэлае, зь Негарэлага на Ўладзівасток, Харбін. Гэта быў зорны час, калі тут былі Маякоўскі — „на горизонте белые снега і Негорелое“. Таксама лётчык-выпрабавальнік Какінакі, Юліюс Фучык, Анры Барбюс, Рамэн Ралан, Бэртальд Брэхт, Поль Робсан, Гербэрт Уэлс. Тады прыпісалі памежнікаў, стала 3 тысячы жыхароў, і надалі статус гарадзкога пасёлка. Зьнікла мытня, мяжа — і пачаўся заняпад…»

Карэспандэнт: «І Негарэлае пачало гарэць без пажараў…» (Сьмяюцца)

Заходзім побач у краязнаўчы музэй, што арганізаваў суразмоўца. Ён жа — стваральнік гербу Негарэлага, які так і не прыняты пасялковым саветам і захоўваецца толькі тут. Спадар Уладзімір тлумачыць выявы на ім.


Мішура: «Чыгунка і шаша ўверсе ды пчаліныя соты, бо быў адзіны вульлевы завод у эўрапейскай частцы СССР. А рог — паштовая станцыя, што з 16 стагодзьдзя была. Негарэлае было маленькае паселішча, створанае ў 1870 годзе, калі была пабудаваная чыгунка Маскоўска-Берасьцейская. Апошнім часам у Негарэлым не спыняецца ніводзін пасажырскі цягнік — толькі электрычкі…»

Спадар Мішура для Негарэлага — асоба знакавая Ён старэйшы на Дзяржыншчыне дэпутат рай- і пассаветаў ды апазыцыянэр. Сябра БСДГ-НГ. Стаяў ля заснаваньня беларускай сацыял-дэмакратыі ў найноўшай гісторыі Беларусі разам з, паводле яго, «надзвычай мудрым ды адукаваным» прафэсарам Міхасём Ткачовым. Супольныя ўспаміны я-ткі перарываю пытаньнем:

Карэспандэнт: «Вы казалі, вас ніколі не чапала ані ўлада, ані начальства за погляды за ўсе 7 дэпутацкіх сэсій рознага рангу. Альбо вы звышканьюнктурнік…»

Мішура: «Альбо дэмакрат, а не рэвалюцыянэр, у якога галоўная мэта — абарона правоў працоўных. Двойчы даводзілася ўваходзіць у канфлікт з уладамі. Калі перад зьездам АДС у часе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў да мяне прыехалі са Стаўпечынскага КДБ пытацца, ці паеду на зьезд — кажу: паеду, а калі ў чым вінаваты, дасылайце павестку. І ў мінулым годзе пры зборы подпісаў накат быў. Але ўдалося сабраць 200 подпісаў…»

Спадар Уладзімір хворы на ногі і рэдка зараз перасоўваецца на адлегласьці. Тым ня менш вырашае вандраваць са мной. Адразу за станцыяй — шэсьць «баракаў». Прынамсі, так самі жыхары называюць драўляныя, урослыя ў зямлю, некалі пафарбаваныя ў чырвонае колішнія чырвонаармейскія казармы, што сталі іх жытлом. Заходзім у першую ж пабудову, дзе жыве ў двух пакойчыках былая мэдычная сястра, 45-гадовая Марыя Бурак. Убачанае шакавала. Абадраныя шпалеры, задымленыя да чарнаты столь ды сьцены, перакошаная грубка, нямытыя вокны даюць вечны паўзмрок. І галоўнае — сама жанчына: з ахвярнымі вачыма, заматаная ў сукенку з воўны пасярод сонечнага дня. Расказвае.


Бурак: «Вада з калёнкі, дровы няма каму папілаваць, якое ж ацяпленьне — хто мне дапаможа? Прыбіральня на вуліцы. За кватэру маці плаціць 30 тысяч — за што плацім, невядома!»

Спадарыня Бурак — інвалід, хворая на рак. Пры канцы плача.

Бурак: «Малака купіце, катлет — я есьці хачу. Інвалідная пэнсія — каля 40 тысяч, на год даецца — я ня ведала. Сын машыністам, але даўно ўжо не было…»

Я дапамагаю, чым магу. На вуліцы гутару яшчэ з адным тутэйшым жыхаром, 44-гадовым чыгуначнікам, спадаром Вячаславам Кулікоўскім.

Кулікоўскі: «У 2006 годзе рабілі каміны, павінны былі ашаляваць іх „галоўкі“, а хаты пячныя. Капітальны рамонт дома не рабіўся 20 год — а нашы баракі з 1926-га. А дровы ў нас няма дзе захоўваць. У калёнку на вуліцы мы ня ходзім, бо пад вядро вады набярэш — і больш не цячэ. Колькі ні прыяжджалі рамантаваць, зробяць паказуху, і ўсё. Хто трымаў раней курэй — цяпер дорага і няма дзе, толькі свае гародзікі…»

Карэспандэнт: «А вы чулі, што ваша начальства панапісвала, што ўсе вашы праблемы вырашаныя?»

Кулікоўскі: «Ды ну, хіба толькі на паперы. Нават калі „галоўкі“ тыя не здалі, хіба можна па пажарнай частцы? Дом стаў пажаранебясьпечны, іскры валяць. А калёнка ўзімку замярзае, і вады няма — а ўсе ж пэнсіянэры. Зносіць ніхто нічога не зьбіраецца — „жывіце да 2020 году“. І ніякіх пэрспэктыў!»

Карэспандэнт: «А галасаваць пойдзеце?»

Кулікоўскі: «Во мы канкрэтна рашалі — калі будуць наяжджаць, ня вырашыцца нешта, галасаваць не зьбіраемся. І гэта ўсе дамы…»

* * *

Усе, з кім сустракаўся на цэнтральнай, выцягнутай на некалькі кілямэтраў вуліцы, раілі дайсьці да Ленінскай, 121. 20 жыхароў трохпавярховага дома падпісаліся пад зваротам-пратэстам у адміністрацыю прэзыдэнта. Я ў 2-пакаёвай кватэры прыёмаздатчыцы на чыгунцы, спадарыні Валянціны Гармазы. Мілавідная жанчына не хавае эмоцый, паказваючы пакрытыя цьвільлю сьцены.


Гармаза: «У 1966-м годзе дом наш пабудаваны. За гэты час рамонт 2 разы рабілі. Паводле папер — капітальны, на самой справе касмэтычны: паклеілі, пафарбавалі. Не мянялі ані рамаў, ані трубаў. А належыць ЖКГ. Хоць кватэра не прыватызаваная, мы дзьверы, вокны памянялі самі. Вада ў нас іржавая, гарачай няма. За газ плацім не па лічыльніку, а „па сярэдняму“. А ўзімку за двухпакаёвую кватэру плацім 65 тысяч. А аклад у мяне — 469 тысяч. У гэтым годзе ў нас аграгарадок — вы ішлі, бачылі, як пошту ашалёўваюць, платы па цэнтральнай вуліцы ставяць…»

Карэспандэнт: «А вы чулі, што ўлады прапануюць жыхарам самым аплаціць іх усталяваньне?»

Гармаза: «Размова такая была. І каб наш дом хай хоць уцяплілі б! Бачыце, вільготнасьць якая ў кватэры? Бо звонку сьцены практычна голыя — цэмэнт выдалены. І калі холад, вецер, — усё ідзе ў кватэру. Зьвярнуліся ў наш Дзяржынскі райвыканкам. І ў райвыканкаме адказалі, што аніякага рамонту ў гэтым годзе не прадугледжана. У мяне ўнучка маленькая, 4 годзікі, і ў такой вільгаці жыве…»

Свабодна праходжу праз браму адзінага мясцовага заводзіка па вытворчасьці вульлёў. Калісьці яго называлі тут «гігантам негарэльскай індустрыі». Між іншым, сапраўды грымеў — быў адзіным на эўрапейскай частцы СССР. 120 працоўных штомесяц выраблялі 1000 хатак для пчолаў. Цяпер тут ані гуку пасярод працоўнага дня, хоць лічацца працуючымі яшчэ 30 чалавек. Адшукваю брыгадзіра станочнікаў Уладзіміра Любецкага ды рабочага Аляксандра Гурэцкага. Майстравітыя, гледзячы па ладнай «вульлёвай» прадукцыі на складзе, мужыкі ня ўтойваюць пэсымізму.


Спадарства: «А цяпер трэба іншае нешта рабіць, яны ж дарагія: адзін — 420 тысяч. Але таньней нельга: у нас па 500 тысяч аклад, у дырэктара — мільён 200. Лес дарагі — не купіць. Улетку хоць бартэры ішлі: мы ім — вульлі, яны — лес. А ўзімку будзем сядзець бяз працы — збыту няма. Каб фэрмэрства было, мо б бралі…»

Карэспандэнт: «А ў выпадку нармальнай рынкавай эканомікі экспартныя магчымасьці аднавіліся б?»

Спадарства: «Езьдзілі ў Гомель на пчаліны кірмаш — там вульлі з Польшчы, Віетнама. Калі прыватнік зрабіў, пусьціць таньней. А тут жа дзяржструктура — і падаткі заплаці, і заробак аддай, бо трэба трымаць сталяра, вартаўніка, дырэктара, яго намесьніка. Усе на акладах, іх трэба карміць. Абсталяваньню ж зараз 70 гадоў, развалілася ўсё, што пры камуністах — ніводнага трактара, ніякіх машын. Так што ніхто не працуе з гэтым заводам — цягнем лямку…»


Разам з памянёным спадаром Мішурам гутарым з вартаўніцай — спадарыняй Нэлі Баглай.

Баглай: «На гэтым заводзе не хапае сьвятла, у дрыгве вунь ужо вуткі завяліся. А я і дзень, і ноч вартую. Атрымліваю з усімі дабаўкамі 340 тысяч…»

Мішура: «Што вы кажаце — 500 даляраў у вас!» (Сьмяюцца.)

Спадарыня Нэлі ўзгадвае пра тое, што непакоіць усіх негарэльцаў.

Баглай: «Адразу за Негарэлым такая дрыгва. Відаць, з лазьні прасочваецца вада. І з-за таго, што там пастаянна ўзровень вады, у нас яна не сыходзіць і пад дамамі, Дык яны зрабілі ў цэнтры „шасэйку“ — і ў гэтым заключаецца аграгарадок. Мы ходзім па праезнай частцы, у нас няма вады, каналізацыі. Узімку прыбіральні ніхто не прыбірае — там горы!»

Веруючая жанчына і маці сама пераводзіць размову на палітычныя тэмы.

Баглай: «Майму дзіцяці, Маргарыце, 14 год. У школе выбіраюць прэзыдэнта школы. Кажу — і цябе могуць, калі будзеш актыўнай. „Мяне ня выберуць, таму што я ня сябра БРСМ“. А яна ня будзе, бо мы веруючыя хрысьціяне. Баліць душа з-за гэтага бардака!»

Вяртаемся на станцыю са спадаром Мішурам. У дарозе ён толькі са скрухай кажа:

Мішура: «Сорамна было глядзець, як жывуць людзі, у якіх умовах — як у бярлозе фашыстоўскага зьвера…»


Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG