Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Негарэлае – апошняя станцыя бальшавіцкай імпэрыі


Зьміцер Бартосік, Негарэлае Новая перадача сэрыі "Падарожжы Свабоды"



Пыльная шырокая вуліца ідзе ўздоўж чыгункі. Сонную цішыню мястэчка час ад часу парушае толькі грукат колаў хуткіх цягнікоў, пасажыры якіх сёньня нават не зьвяртаюць ніякай увагі на назоў прамільгнулай станцыі. Негарэлае. Слова, якое 66 гадоў назад выклікала ў каго жах, у каго надзею. Апошняя станцыя бальшавіцкай імпэрыі. Воляю лёсу і Рыскай дамовы, уязная брама ў камуністычны рай. І цягнік “Парыж — Негарэлае” нікім не ўспрымаўся як хохма ці недарэчнасьць. Паслухаем негарэльца, гісторыка Анатоля Валахановіча:

(Валахановіч: ) “Уладзівасток — Стоўпцы” і “Негарэлае — Парыж”. Гэтыя маршруты, чаму яны былі? Шырыня чыгункі ў нас была большая, а там меншая. Таму з зазорам кілямэтраў сорак было зроблена на Стоўпцы і на Негарэлае. І цягнікі заходзілі ці да нас сюды, ці на Стоўпцы. І тут такі самы цягнік, васямнаццаць вагонаў былі на левым баку. І людзі са сваімі шмоткамі туды пераходзілі. Вагон такі, месца такое. Таму, калі першы раз Горкі прыехаў у 1928 годзе, дык ён на зямлю негарэльскую ня стаў. На пэроне яго зьнялі на рукі і перанесьлі ў вагон. І ёсьць фатаздымачак такі, дзе кадэбісты глядзяць за сьпінай людзей. Ён там выступаў”.

Ад той легендарнай станцыі сёньня нічога не засталося. Будынкі вакзалу, рэстарану і мытні згарэлі падчас апошняй вайны. Але некаторыя старыя людзі згадваюць тое Негарэлае зь непадробнай скрухаю. Згадвае былая настаўніца Клара Новаш, якая ў той час была піянэркай.



(Новаш: ) “Дзе цяпер крама, пагранічны атрад быў, абгароджаны дротам. Тут было чыста, хораша. Шчыльны плот. Стаялі памежнікі з сабакамі. Калі прыбывалі цягнікі, сюды нікога не пускалі бяз пропуску. У нас тут былі тратуары. Ня тое, што цяпер… Чысты, харошы гарадок…”

Калючыя драты з сабакамі… Сапраўды, як тут не засумаваць па шчасьлівым дзяцінстве.

Алена Сьцяпанаўна Сямашка — ганаровы грамадзянін Дзяржынскага раёну, заслужаная настаўніца рэспублікі, былы дэпутат Вярхоўнага Савету БССР часоў хрушчоўскай адлігі. І… апантаная непрыхільніца сёньняшняга беларускага кіраўніка.



(Карэспандэнт: ) “Сёньняшні час, ці ён нагадвае 1950-я гады?”

(Сямашка: ) “Не-не”.

(Карэспандэнт: ) “Лукашэнка выступае такім савецкім чалавекам. Лёзунгі справядлівасьці сацыяльнай…”

(Сямашка: ) “Ведаеце, я стараюся яго зусім ня слухаць. Я, калі яго ўбачыла першы раз, зь яго гэтай прычоскай, я сказала — гэта “а ля Гітлер”. Больш я пра яго нічога не кажу. Вось мае адносіны да яго. Мне не падабаецца, што ён беларускай мовы ня ведае, з жонкай не жыве — гэта нічога ня варта. А сынам даў такое жыцьцё, аб якім я магу толькі марыць для свайго сына”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ганаровая грамадзянка Дзяржынскага раёну?”

(Сямашка: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “Акрамя званьня ці ёсьць нейкія матэрыяльныя даброты?”

(Сямашка: ) “Нічога. Павага ад майго суседа. Больш ні ад каго павагі”.

Сусед спадарыні Алены, пэнсіянэр Уладзімер Антонавіч — чалавек сапраўды ўнікальны. Як для свайго веку, так і для свайго часу. Сівы прыгажун, падобны на расейскага актора Валянціна Гафта. Першае, што кідаецца ў вочы ў ягонай кватэры — гэта нацыянальны сьцяг. А калі вам пашчасьціць зь ім сустрэцца ў адной чарзе, не называйце імя цяперашняга правадыра: вам гарантаваная гарачая спрэчка.

(Уладзімер: ) “У нас жа многа разумных людзей. Не сышоўся ж сьвет клінам на гэтым конюху. У нас разумных людзей — вось так! Вайтовіч, Колас, Шушкевіч, Багданкевіч. Вы іх ведаеце, што іх пералічваць. Іх ня зьлічыш сотнямі на руках і нагах. Можна яго спароць. Трэба яго спароць. Столькі перасадзіў людзей ні за што”.

Ці ня дзякуючы таму, што з падобнымі настроямі ў Негарэлым не адзін стары Ўладзімер, на мясцовых выбарах каторы раз запар перамагае апазыцыянэр — сябра “Народнай грамады”, настаўнік гісторыі Ўладзімер Мішура.



(Карэспандэнт: ) “Колькі разоў вы абіраліся ў мясцовы савет?”

(Мішура: ) “Тройчы. І тройчы на альтэрнатыўнай аснове. І тройчы выйграваў выбары зь вялікім адрывам ад сваіх супернікаў”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым сакрэт вашай папулярнасьці?”

(Мішура: ) “Ня ведаю. Магчыма, я ад сваіх абавязкаў дэпутацкіх ніколі не адмаўляўся. У маёй праграме была запісана: “Нясеце да мяне ўсе вашы клопаты, і я паспрабую іх вырашыць”.

(Карэспандэнт: ) “Існуе такая думка, што самы прасунуты электарат жыве ў сталіцы. А правінцыя — гэта электаральнае балота. Вы згодны з такой думкай?”

(Мішура: ) “Не. Як і ў любой краіне, палітыкай цікавіцца нязначная колькасьць людзей, 10—15 працэнтаў. Астатнія жывуць звычайнымі бытавымі пытаньнямі: ці ёсьць праца, ці ёсьць хлеб, як забясьпечваюць вас мэдыцынскім абслугоўваньнем, як працуе школа? Вось што цікавіць большасьць людзей. І вінаваціць іх у тым, што яны апалітычныя, было б грэхам”.

Са словаў спадара Мішуры, каб мець палітычны посьпех на выбарах, трэба, каб людзі бачылі ў табе ня столькі палітыка, колькі абаронцу сваіх інтарэсаў — перш за ўсё юрыдычных правоў.

Ганна Шавель адна зь нямногіх негарэльскіх вэтэранаў мінулай вайны, што дажылі да 60-годзьдзя Перамогі. Ёй, дачцэ старшыні калгасу, у 1941 годзе не было ніякай іншай дарогі, акрамя як у партызанскі лес. Усю вайну яна была партызанскай сувязной, ледзь не штодня рызыкуючы жыцьцём. І да гэтай пары носіць у душы крыўду на многіх суайчыньнікаў. Бо ня раз чула ад людзей, што пайшла партызаніць, “каб кароў чужых есьці”. Над маім пытаньнем, каго вяскоўцы баяліся найбольш, Ганна Іванаўна доўга ня думае.



(Шавель :) “У вайну самыя шкодныя былі літоўцы. Мароз па скуры. Была аблава — наехалі і літоўцы, і паліцаі. І як прыехалі — Госпадзі! Ляжыць двухмесячнае ў калясцы. Ва ўпор страляе. Што яно вінавата! Гэтыя карнікі, як можна… Дзіцянё, маленькае. Ня трэба ўжо, ня лашчы ты яго. Як лягушку возьме, швырнець”.

Калі вы пачуеце чыстую расейскую гаворку на вуліцах Негарэлага, не бянтэжцеся — гэта водгукі гісторыі. Напрыканцы 19 стагодзьдзя расейскія чыгуначнікі прыяжджалі сюды на працу. Таму шмат хто зь негарэльцаў мае расейскія карані. Раіса Сяргееўна — адна зь іх. Папрацаваўшы ўсё жыцьцё ў агенцтве “Аэрафлот”, напачатку 1990-х Раіса Сяргееўна кінулася ў бізнэс, каб пракарміць сям’ю. Як кажа сама, ледзь жывая засталася.

(Раіса: ) “Я з самых першых. Як пачалося, дык пайшла — здуру. Таму што гэта на выжываньне. Ты едзеш у паездку, і ты ня ведаеш, прыедзеш ты адтуль ці не. Езьдзілі ў Польшчу. Колькі разоў былі пад рэкетам, гэта страшна падумаць. Я цяпер нічога не баюся. Я ўжо настолькі абпаленая гэтым жыцьцём, што ўжо нічога не баюся, хаця жыву адна”.

Менавіта ад Раісы Сяргееўны я даведаўся пра такі цікавы факт. Да гэтае пары пасёлак Негарэлае — не газыфікаваны.

(Раіса: ) “Побач зь Менскам, 45 кілямэтраў! А бацька езьдзіць па пушчах усё газ праводзіць. Дык да нас хай прыедзе паглядзіць. У мяне суседзі багатыя людзі, яны мяне ўгаварылі. І я здуру пагадзілася на гэты газ. Я пракляла ўсё на сьвеце. Я ня ведаю, як могуць пэнсіянэры паставіць газ. Мне сорамна сказаць, я зіму сядзела на хлебе і малацэ. Усё! Колькі мне каштаваў гэты газ! За нашы грошы. Вуліца вялікая, а толькі шэсьць чалавек пагадзіліся. Сын запіў якраз, не працуе. Дзецям трэба дапамагчы. Ой, што расказваць…”

Ледзь не палова негарэльцаў працуе ў сталіцы. Гадзіна ў электрычцы — і вы на працы. Някепскім месцам для працы лічыцца чыгунка. Але за апошні год адбыліся цудоўныя зьмены зь мясцовым калгасам. Яго прыватызавала менская фірма “Крэон-агра”. І за кароткі тэрмін заробкі павялічыліся на адзін нулік: з 30—40 тысяч да 300—400 тысяч. Многія пачынаюць вяртацца да зямлі. Але самым унікальным прадпрыемствам Негарэлага, безумоўна, зьяўляецца завод вульляў. Гаворыць Уладзімер Мішура:

(Мішура: ) “Мы называем яго гігантам негарэльскай індустрыі. Адзіны, калісьці, у эўрапейскай частцы Савецкага Саюзу воскаперапрацоўчы і вульлёвы завод. Працуюць. Тым болей, што кліентаў хапае. Пакупнікоў навалам. Толькі давай прадукцыю. Праўда, яна ня вельмі танная. Болей за 200 тысяч адзін вулей. Складана, але ж купляюць. І пасечнікі, і дзяржаўныя пасекі, якія ёсьць у спэцыялізаваных гаспадарках”.

Паштовая станцыя на старым тракце “Менск — Наваградак” за часамі Вялікага Княства, чыгуначная станцыя Расейскай імпэрыі, брама сталінскага СССР — Негарэлае магло б быць мэмарыяльным месцам. Ад 16 стагодзьдзя, з часу першых вестак пра Негарэлае, гісторыкі не знайшлі ніводнай згадкі пра якое стыхійнае бедзтва. Ні маланкі, ні пажару. Як быццам сама назва аберагае гэтае мястэчка ад бедаў. А можа, сапраўды гэтае месца аберагаюць вышэйшыя сілы? І слава Негарэлага яшчэ наперадзе?
XS
SM
MD
LG