Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту распавялі, што ў інтэрнаце ад іх патрабавалі адмовіцца ад сваіх подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта.

Студэнтка пятага курсу Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тацяна Сіліцкая жыве ў інтэрнаце. Дзяўчына распавяла:

«Недзе а 6-й вечара зайшоў у мой пакой чалавек, які назваў сваё імя і імя па бацьку, але я толькі запомніла, што яго завуць Павал. Ён спачатку пераканаўся, што гэта насамрэч я, а потым спытаўся, ці ставіла я свае подпісы за чатырох кандыдатаў.

Ён мне пачаў казаць, што вось вы студэнтка, жывяце ў інтэрнаце, і гэта ж ня тое, што плаціць за кватэру. Кажа, што вам хутка атрымліваць дыплём, а вы ствараеце сабе праблемы. Вы ж так можаце сэсію ня здаць, і вас не дапусьцяць да абароны дыплёму.

Ён патрабаваў, каб я адмовілася ад свайго подпісу. Спачатку мне было страшна, паўгода мне засталося вучыцца… А потым страх прайшоў.
Спачатку мне было страшна, паўгода мне засталося вучыцца… А потым страх прайшоў.
Мне стала нават брыдка, што вось людзі такімі рэчамі займаюцца.

Вось тут са мной мае аднакурсьнікі. Але ніхто ня хоча называць сваё прозьвішча. Баяцца, але абураюцца.

Гэты Павал абышоў чатыры інтэрнаты нашы. Усіх запалохваў, пагражаў праблемамі і патрабаваў, каб адмаўляліся ад подпісаў».

Каардынатар ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча Яраслаў Грышчэня паведаміў:

«Студэнты прыходзяць, распавядаюць, што ім пагражаюць. Ня толькі праблемы з вучобай абяцаюць, але, напрыклад, казалі, што ў цябе жонка цяжарная, маўляў, падумай, як жыць далей, і ўсё такое.

Па 150 званкоў. Пытаюцца, ці не жадаеце адмовіцца. Калі ў адных пытаюцца, то да студэнтаў прыходзяць і нахабна патрабуюць адмовіцца. Думаю, што маюць нейкі загад зьверху і жадаюць выслужыцца. Вырашылі, што так пакідаць нельга. Будзем зьвяртацца ў пракуратуру і Цэнтравыбаркам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG