Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін: Большасьць камісій утвораныя з парушэньнем закону


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Нэгатыўную ацэнку фармаваньню ўчастковых выбарчых камісій далі каардынатары кампаніі «За свабодныя выбары».

Як адзначыў Сяргей Калякін, ва ўчастковыя камісіі ў асноўным трапілі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзяне, вылучаныя шляхам збору подпісаў.

«Удзельная вага палітычных партый у камісіях толькі 2,6%. Ад апазыцыйных палітычных партый у камісіі трапілі толькі 0,27%. У камісіі ўключана 42% прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў. «Гэта ў асноўным прадстаўнікі „Белай Русі“, БРСМ, Беларускага саюзу жанчын, Саюзу вэтэранаў, Фэдэрацыі прафсаюзаў. Ёсьць таксама такія дзіўныя арганізацыі, як ОСВОД, Чырвоны Крыж ды іншыя. Менавіта яны ў большасьці сваёй занялі гэтыя 42%» , — падкрэсьліў каардынатар кампаніі «За свабодныя выбары» Сяргей Калякін.

Паводле ягонай думкі, закон патрабуе, каб камісіі фармаваліся з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў.

«Гэта ня значыць, што ўсе грамадзкія аб’яднаньні маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у камісіі і могуць удзельнічаць у выбарах. Для гэтага ў іх статутах павінна быць запісана, што яны ўдзельнічаюць у выбарах. Яны бяруць на сябе палітычныя функцыі. Калі ў палітычных партый у статутах прапісана, што яны займаюцца палітычнай дзейнасьцю, удзельнічаюць у выбарах, то ў ОСВОДу, Чырвонага Крыжа, Саюза жанчын, БРСМ нічога гэтага няма. Гэта значыць, яны дзейнічаюць у парушэньне статуту, а значыць, паводле закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях, і ў парушэньне дзейнага заканадаўства», — заявіў Калякін.

Такім чынам, паводле ягоных слоў, як мінімум 40% сяброў участковых выбарчых камісій незаконна трапілі ў гэтыя камісіі, паколькі былі вылучаны з парушэньнем заканадаўства.

«Гэтыя камісіі ўжо сёньня ня могуць быць органам, які будзе ажыцьцяўляць кіраўніцтва ўсім выбарчым працэсам. Сёньня трэба адмяняць выбары, і ўсю працэдуру трэба пачынаць наноў»,— перадае словы Калякін БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG