Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Там абсталяваньне было зношана на 100%, але людзей прымушалі працаваць”


Выбух 25 кастрычніка ў цэху ДВП канцэрну «Пінскдрэў» забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. «Свабода» працягвае цыкль рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем’яў ахвяраў пінскай трагедыі.



Аляксандар Сяргеевіч Калодзіч (1987–2010)



Размаўляю з Антанінай Самуілаўнай і Сяргеем Ананьевічам Калодзічамі, бацькамі Сашы Калодзіча. Да размовы далучаецца Юля Калодзіч, сястра загінулага.

«Для нас усе ягоныя ўчынкі былі добрыя. Ён заўсёды адклікаўся на чужыя праблемы, на тое, каб дапамагчы, таму ў яго было вельмі шмат сяброў. Нікому ні ў чым не адмаўляў. Усе яго любілі, на пахаваньне сабраліся больш за 200 чалавек. Гэта ня лічачы сваякоў».


Аляксандар Калодзіч — самы малады з загінулых падчас трагедыі ў Пінску. Хлопцу было толькі 23 гады. Ён скончыў 3-ю пінскую сярэднюю школу, потым 137-ю прафэсійную вучэльню. Сям’я Калодзічаў вялікая — у маленькай кватэры вырасьлі пяцёра дзяцей. Аляксандар жыў з бацькамі, братам і малодшай сястрой. Нядаўна на невялікі крэдыт, які ўгаварыў узяць старэйшую сястру, набыў ужываны аўтамабіль:

«Такі шустры быў. Усё хацеў пасьпець. Яшчэ да войска здаў на правы і казаў, што купіць сабе аўтамабіль. Прыйшоў з войска і пачаў адкладаць грошы. І вось нядаўна, на дзень народзінаў у ліпені, набыў „Нісан“, на якім пасьпеў паезьдзіць толькі 4 месяцы».


Паўтара года таму Аляксандар Калодзіч прыйшоў з вайсковай службы, якую праходзіў ва ўнутраных войсках МУС, а канкрэтней — у крыміналістычным цэнтры ў Менску. Хлопцу прапаноўвалі заставацца служыць па кантракце, але Аляксандар адмовіўся, вярнуўся ў Пінск. А працаваць на «Пінскдрэў» пайшоў таму, што тут рабіў ягоны старэйшы брат Алег. Яны працуюць у адным цэху, толькі 25-га кастрычніка Алег на працу ня выйшаў, таму і ўратаваўся.

Сваякі Аляксандра вельмі наракаюць на ўмовы працы на прадпрыемстве, а таксама на стаўленьне да іх з боку кіраўніцтва аб’яднаньня:

«Зь людзьмі там абыходзіліся не па-чалавечы. Вось дзяўчына, якая загінула, яна ж выбягала, на ёй усё гарэла, а яна крычала: „Я ж прасіла, я ж папярэджвала, што нельга было запускаць!“ Відаць, выцяжка была забітая, бо шмат гэтага пылу. Там абсталяваньне было зношана на 100%, яго трэба было даўно мяняць, але людзей прымушалі працаваць».

Калі наша размова падыходзіла да заканчэньня, у хаце зазваніў тэлефон. Бацька Сяргей Ананьевіч пасьля кароткай размовы пераказаў яе зьмест родным: «На трэцюю гадзіну дня нас запрашаюць на размову ў гарвыканкам. Кожную сям’ю асобна». Было бачна, што Калодзічы маюць што сказаць наконт стаўленьня да іх у гэтыя дні кіраўнікоў «Пінскдрэва»:

«Гэта здарылася ў панядзелак, а нам кіраўніцтва пазваніла толькі ў чацьвер. „Прыйдзіце і атрымайце грошы, 3 мільёны“. Прыйдзіце, і ўсё. Больш нічога не сказалі».


Бацькі Аляксандра Калодзіча паведамілі, што зьбіраюцца падаваць у суд на кіраўніцтва аб’яднаньня «Пінскдрэў», якое яны лічаць адказным за гібель іх сына Аляксандра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG