Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму не абвешчана жалоба?


У выніку аварыі на «Пінскдрэве» загінула 14 чалавек. Чаму ўлады ўдзяляюць мала ўвагі гэтай трагедыі? Ці адпавядае гэта грамадзкім настроям? Як рэагуе на трагедыю апазыцыя?


Удзельнікі: дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі і філёзаф Валянцін Акудовіч.

Віталь Сіліцкі
Валянцін Акудовіч
Валер Карбалевіч


Чаму ўлады ўдзяляюць мала ўвагі гэтай трагедыі?


Валер Карбалевіч: «Ад самага пачатку аварыі ўлады імкнуцца зьменшыць маштаб падзеі, не акцэнтаваць на ёй увагі. Не абвешчана агульнанацыянальная жалоба, як гэта прапанаваў зрабіць Мілінкевіч. Хоць Лукашэнка ладзіў паездку па Берасьцейскай вобласьці, але не заехаў у Пінск. Гэта зьвязана зь перадвыбарчай кампаніяй, ці праблема нашмат шырэй? Здаецца, ня першы раз беларускія ўлады неяк пазьбягаюць трагічных тэмаў, баяцца абвяшчаць жалобу, нават калі абставіны вымагаюць гэтага. Чаму?»

Віталь Сіліцкі: «Я толькі што зь Пінску. Што тычыцца паводзінаў мясцовых уладаў, то асаблівых пытаньняў у мяне няма. Яны зрабілі ўсё больш-менш па-людзку. Выдзелены кампэнсацыі пацярпелым, прадпрыемства кампэнсуе крэдыты, у Пінску абвешчана жалоба, ажыцьцяўляецца дабрачынны збор сродкаў.
Усе мы, ня толькі вышэйшая ўлада, прапусьцілі вялікую бяду. Таму што ў нас няма культуры датычнасьці да чужой бяды.

Але на самым версе гэтую тэму палічылі патрэбным прыкрыць. Бо ідзе выбарчая кампанія. Але ўсе мы, ня толькі вышэйшая ўлада, прапусьцілі вялікую бяду. Таму што ў нас няма культуры датычнасьці да чужой бяды. І гэта ўжо ня ў першы раз. Быў пажар у доме састарэлых. Была трагедыя з самалётам польскага прэзыдэнта Качыньскага. І тады жалобу не абвяшчалі. Гэта праблема несучаснасьці, нецывілізаванасьці ўлады. Але гэта праблема шырэйшая.

Валенцін Акудовіч: «Перад выбарамі ўладзе не хацелася б псаваць свой імідж. Але ўлада можа пашкодзіць сама сабе такім глухім замоўчваньнем гэтай праблемы. Таму што беларускія дзяржаўныя мэдыі шмат паведамляюць пра кожны выпадак гібелі людзей у іншых краінах. А тут замоўчваньне. Улада ўхіляецца ад сваіх непасрэдных абавязкаў. Лукашэнка не прыехаў на месца здарэньня. Не абвешчана жалоба хаця б у вобласьці. Улады абвясьцілі Беларусь топасам, амаль сынонімам раю. Паводле афіцыйнай лініі, усё дрэннае здараецца дзе заўгодна, толькі ня ў нас».

Трагедыя і грамадзтва


Карбалевіч: «Вось сп. Акудовіч кажа, што такімі паводзінамі ўлада сабе шкодзіць. А можа ўлады тут дзейнічаюць у рэзананс з грамадзкімі настроямі? Людзі ня любяць непрыемных навінаў, чужое гора — гэта псыхалягічны стрэс для чалавека, і ён імкнецца яго пазьбягаць. Дык можа ў гэтым пытаньні народ і ўлада ці, як раней казалі, народ і партыя адзіны?»

Сіліцкі: «У Пінску людзі незадаволены паводзінамі вышэйшай улады. Людзі кажуць, што Лукашэнка гэтым часам кагосьці віншаваў, камусьці выказваў спачуваньні за межамі Беларусі. А ў Пінск не заехаў. Яны адчуваюць, што пра іх забылі.
Мы з гэтых маштабных нацыянальных катастроф ніяк ня можам перайсьці ў іншы рэжым бачаньня сьвету і каштоўнасьцяў.

Праблема ня столькі ў абыякавасьці грамадзтва, колькі ў адсутнасьці інфармацыі. Людзі чулі пра дваіх загінулых. А пра тое, што ўжо 14 памерла, многія ня ведаюць. Вось пінчукі былі зьдзіўленыя, калі я, прыехаўшы зь Менску, ім распавядаў пра вялікую колькасьць памерлых».

Акудовіч: «Беларусы абыякавыя да катастроф сваіх і чужых. Прычыны — у гістарычнай памяці, у тым, што засела ў мэнтальных падвалінах. Беларусь — краіна пэрманэнтных катастроф. Тут за час войнаў гублялася і палова, і траціна насельніцтва. Я пісаў, што беларусы абыякавыя і да Чарнобыльскай катастрофы. Беларус вымярае бяду індывідуальна. Бо калі чалавек гіне, то яму ўсё роўна, колькі яшчэ гіне людзей. І мы з гэтых маштабных нацыянальных катастроф ніяк ня можам перайсьці ў іншы рэжым бачаньня сьвету і каштоўнасьцяў».

Рэакцыя незалежнага грамадзтва


Карбалевіч: «А як рэагуе на трагедыю апазыцыя?»

Сіліцкі: «Праблема ў тым, што катастрофа нарастала паступова. Спачатку загінула два чалавекі. І гэта ўспрынялі спакойна, бо ў аўтамабільных аварыях можа гіне больш кожны дзень. І толькі пазьней вылезла лічба 14.

Таму ня толькі ўлада, але і апазыцыя не зрэагавала. Аблажаліся ўсе. Калі я пытаўся ў некаторых апазыцыйных палітыкаў, чаму яны не рэагуюць на трагедыю, то атрымаў парадаксальны адказ: баімся абвінавачваньня ў тым, што робім рэйтынг на касьцях людзей. Сытуацыя ідыёцкая.

Другі момант — некаторыя апазыцыйныя палітыкі кажуць: а чаму прэтэнзіі менавіта да мяне? Усё ж апазыцыя мусіць паказваць, што яна чымсьці лепшая, чым гэтая ўлада. Ня моцна пацярпелі б выбарчыя бюджэты, калі б апазыцыйныя кандыдаты скінуліся і аказалі дапамогу сем’ям загінуўшых у тых жа памерах, што аказала дзяржава.

Яшчэ адна праблема — каб ведаць сытуацыю ў рэгіёнах, трэба мець сваіх людзей на месцах. А ў нас цяпер выбарчая кампанія вельмі віртуалізавалася».

Акудовіч: «Апазыцыя — гэта тыя ж самыя беларусы. І яны хварэюць на тыя ж хваробы. Акрамя таго, апазыцыя ня вельмі крэатыўная. Вось Мілінкевіч заклікаў уладу абвесьціць жалобу. І магчыма, уладзе давядзецца неяк рэагаваць».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG