Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма ў мяне сям’і. Ёсьць дзеці. І дзяржава» — пад такім загалоўкам газэта «Літовскій курьер» апублікавала эксклюзіўнае інтэрвію з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Адносна шанцаў іншых прэтэндэнтаў


«Я гэтых людзей добра ведаю. Калі яны подпісы ня могуць сабраць, якія ў іх могуць быць шанцы? І я вымушаны быў нядаўна зьвярнуцца да народа і папрасіць: „Падпішыцеся за іх“. Хай яны ўдзельнічаюць у прэзыдэнцкай кампаніі. Бо скажуць, што Лукашэнка перашкаджаў збору подпісаў. Я гатовы за іх подпісы зьбіраць. Вы разумееце? Вось іх шанцы, і мае шанцы. Але я не перабольшваю маю заслугу і ролю сваю ў гэтым».

Пра асабістае жыцьцё


«Мне складана казаць пра асабістае жыцьцё, бо людзі ня вельмі вераць… Яны думаюць, што прэзыдэнты — гэта такія цары, для якіх усё даступна. Збольшага гэта так…

Але я ўпэўнены, што кожны прэзыдэнт паглыблены ў праблемы і круціцца, як у віры.

Напрыклад, прэзыдэнт Беларусі, як і прэзыдэнт Расеі, ня можа на кагосьці іншага ўскласьці свае абавязкі, дапусьцім, на час адпачынку… Таму і адпачынку ў прэзыдэнта як такога быць ня можа.

Я вам шчыра кажу, я ня ведаю, што такое «асабістае жыцьцё». Я жыву ў рэзыдэнцыі са сваім малым. Як прэзыдэнта мяне не празьмерна, але ахоўваюць.

Увогуле не разумею, што такое асабістае жыцьцё. У дзіцячы садок я сёньня пайду забіраць малога. Гэта ўжо, напэўна, асабістае жыцьцё? Але гэта імгненьні. Я буду ехаць з гарадзкой рэзыдэнцыі, вырашу ўсе праблемы, якія па графіку мусяць быць, завітаю ў дзіцячы садок, які месьціцца ў 200 мэтрах ад хаты, забяру малога. Сёньня трэніроўкі няма. Гэта нават не мерапрыемства — трэніроўка.

За паўтара дзясятка гадоў я настолькі ўжо, напэўна, закарчанеў, што не разумею, што такое асабістае жыцьцё. Па-мойму, у мяне ўсё замкнёна на працы. У мяне няма сяброў — для прэзыдэнта гэта, напэўна, і непрымальна, таму што сябры па-рознаму пачынаюць сябе паводзіць.

Я асьцерагаюся блізка падпускаць да сябе людзей, каб яны зрабіліся тваімі сябрамі. Гэта заўсёды вылезе бокам. Потым ён пачынае спэкуляваць гэтым, ён пачынае нешта выгандлёўваць для сябе.

Пра чацьвёрты тэрмін


«Кажуць: „Вось, Лукашэнка ўжо чацьвёрты тэрмін…“. Калі ласка, можаце мяне не абіраць. Але я ня мог ня вылучыць сваю кандыдатуру па адной простай прычыне. Вось уявіце, што я не вылучаю кандыдатуру, людзі на мяне разьлічвалі, а хтосьці прыходзіць да ўлады, і ўсё пайшло дагары нагамі. Дзяржаву нехта ўключыў у склад чагосьці або прыватызавалі ня так, закрыліся прадпрыемствы — словам, абвалілася краіна. Што скажа народ? А ты, Лукашэнка, чаму забаяўся? Чаму ты зьбег? Таму я прапаную людзям тое, што я яшчэ магу зрабіць».

Пра сала і бульбу


Сала я зь дзяцінства ня еў, а калі цяпер ем сала, то зусім няшмат… Устрымліваюся ад залішняга ўжываньня бульбы.

Пра самы паршывы дзень у жыцьці


«Па дакумэнтах 30 жніўня — у мяне дзень нараджэньня. Фактычна я нарадзіўся 31-га. І мой малыш нарадзіўся 31-га. Мы нават нарадзіліся ў адзін і той жа час раніцай. Дні нараджэньня я наогул не адзначаю. Гэта для мяне самы паршывы дзень у жыцьці, таму што, на жаль, у гэты дзень ты робісься на год старэй. У нас у сям’і не было прынята і цяпер не прынята адзначаць яго. Усе гэта ведаюць, і мяне ніколі не віншуюць…

У нас у сям’і не было прынята і цяпер не прынята адзначаць яго. Усе гэта ведаюць, і мяне ніколі не віншуюць.
Ну, хай будзе 30-га. Зрабіў сябе старэйшым на суткі. А рэальна ў адзін дзень, у адну гадзіну праз 50 гадоў нарадзіўся малыш гэты, гэтак жа, як і я. Гэта не піяр-кампанія. Што я, адзіны прэзыдэнт, у якога ёсьць дзеці? Але спытай у вас, у каго ёсьць дзеці, вы ня скажаце. А я ведаю. І іх мора. Яны ня хочуць выдаваць публічнасьці сваіх дзяцей не ад жонкі, ад іншых жонак, яшчэ ад кагосьці. Я неяк падзяліўся з Пуціным сваімі меркаваньнямі наконт малога, і ён мне сказаў: «Аляксандр Рыгоравіч, дзеці ж ад Бога». Дзеці ад Бога. Чаго тут саромецца? Гэта па-першае. Па-другое, пяць гадоў таму гэта было зьвязана з прэзыдэнцкай кампаніяй. Ніхто ня ведаў майго малога. Яму быў адзін гадок тады. І адзін вядомы палітык — можна дастаць з архіву і паглядзець — пачаў мяне папракаць у тым, што ў мяне дзесьці на старане ёсьць сын. Ён ні на якой старане ня быў. Ён жыў заўсёды ў маім доме, ён заўсёды быў побач са мной. Больш з маці, паколькі я ж ня мог пра яго клапаціцца, калі яму быў усяго гадок. І пайшлі чуткі, што ў прэзыдэнта ад кагосьці ёсьць дзіця і г.д. І пасьля гэтага ў мяне размова з Пуціным адбылася. І я сабе пакляўся, што ні ў якім выпадку не павінен хаваць гэтага дзіцяці — гэта сапраўды дар Божы. Як ён нарадзіўся, як гэта было — гэта мая асабістая справа. Так здарылася, нарадзілася дзіця. У яго ёсьць маці, у яго ёсьць бацька. Чаму я павінен яго хаваць? Больш за тое, у мяне да дзяцей пачуцьцё матчына…

«Я вельмі люблю дзяцей»


«Я вельмі люблю дзяцей. Я заўсёды аддаваў усё сваім дзецям. І ня толькі сваё. У мяне такое стаўленьне нават праз свайго малыша і цяпер да дзяцей Беларусі. Я не хачу, каб яны былі сіротамі. Калі нейкі бацька ці маці кідаюць дзіця, яны заслугоўваюць месцы толькі ў турме. Але мы іх прымусілі ўсіх працаваць і кампэнсаваць…

Мяне пачалі папракаць, што я нібыта дзесьці кагосьці хаваю. А навошта мне гадавалае дзіця камусьці паказваць? А потым болей. Калі мяне няма дома, ён ня еў і ня піў. Пасталеў, тата — і ўсё ідзе сьледам. Мяне гэта ня так ужо і прыгнятала, таму што побач са мной заўсёды людзі, я дзесьці заняты. А тым больш цяпер. Калі гэта ў царкве або душэўная сустрэча з папам рымскім. Вось Коля з папам рымскім сустракаўся. Вы ўявіць сабе ня можаце, што ён там быў галоўнай дзейнай асобай, а ня я. Італьянцы так любяць дзяцей. Яны былі зьдзіўлены. Я нядаўна сустракаўся з памочнікам папы рымскага, ён, перш за ўсё, пра дзіця пачаў гаварыць. Папа загадаў спытацца, як Коля, як ён жыве. Так, ён зрабіўся часткай палітыкі, такі яго лёс, бо ён нарадзіўся ў бацькі-прэзыдэнта.

Але ў гэтым ёсьць адзін момант, які я заўсёды падкрэсьліваю. Я такім чынам паказваю ўсім бацькам, што вы павінны хоць бы да сваіх дзяцей ставіцца так, як я стаўлюся да свайго».

Пра свой заробак


«Так, у мяне ёсьць грошы. Мой заробак, амаль увесь, у скрыні пісьмовага стала. Я адкрыў рахунак нядаўна, прызнаюся, рахунак, на які можна пакласьці грошы да надыходу паўналецьця. Старэйшыя ўжо самі працуюць, павінны самі зарабляць. А як складзецца лёс гэтага малога, я ня ведаю. Буду жывы, я ўсё для яго зраблю. А калі штосьці са мной здарыцца? Таму я гэты рахунак адкрыў, і там некалькі мільёнаў нашых рублёў на рахунку. Але гэта бессыстэмна. Частка грошай — у пісьмовым стале. Прыходзяць дзеці старэйшыя, і малодшы ўжо заўважыў: „Ай, тат, ну навошта табе гэтыя грошы, мы купім маме, бабулі, яшчэ нешта…“ Вядома, навошта мне гэтыя грошы, мяне дзяржава цяпер апранае і корміць, таму яны забіраюць. А гэты малы бачыць, што яны забіраюць: „Тата, ты заробак атрымаў? — Атрымаў. — Я цябе ахоўваю — ты мне павінен заплаціць“. Вось дзьве-тры паперкі нясе да сябе ў спальню, пакладзе ў свой гаманец. Потым ідзе ў дзіцячы садок, а каля дзіцячага садка ёсьць крама. Удзень ён ня сьпіць і просіць загадчыцу: „Пойдзем на двор“. Ён заходзіць у краму (у яго гэтыя грошы, якія ён у мяне ўзяў і назьбіраў) і кажа: „Давайце што-небудзь тату купім“. І прыносіць мне, напрыклад, пену для галеньня. Я кажу: „Я, сынок, пенай не галюся“. — „Я прынёс — галіся“… Але сказаць, што ў мяне мільёны і нават мільярды — паверце, гэта хлусьня. Калі б гэта было, ты б гэта ня змог схаваць… Цябе б здалі з трыбухамі. Або калі б у тваіх дзяцей былі такія грошы».

Пра сямейнае жыцьцё і жонку ворага


Я заўсёды прызнаваў, што я ня ўзор сямейнага жыцьця. Так у мяне жыцьцё склалася. Проста адзін хавае, а іншы не. Падае сябе як вялікі сем’янін, быў тут адзін палітык, які, калі ў яго памерла жонка, на каленях стаяў і рыдаў. Я кажу добра, няхай бярэ жонку і едзе ў Нямеччыну лячыцца. Ён адмовіўся. Я ведаў, што ў гэты час ён жыў зь іншай. Што яна даўно ня жонка яму, але ён разыграў яе ў палітычнай гульні, зладзіў спэктакль. Усе спачувалі. А чаго спачуваць? І я быў вымушаны жонку свайго заўзятага ворага лячыць у шпіталі. Жонка-та ў чым вінаватая? Колькі магчыма, мы ратавалі. Рак невылечны. І па яго віне. І ён сябе пазыцыянуе як добры сем’янін. Я — дрэнны. Але ніхто мяне не папракне ў маіх адносінах да дзяцей. А гэта сьвятое.

Няма ў мяне сям’і, у мяне ёсьць дзеці, якія ўсе — ад маленькага да вялікага — служаць дзяржаве. Гэта мая дзяржава. Я — яе першы прэзыдэнт, і я хачу ўзьняць плянку прэзыдэнцтва на такія нябёсы, каб яе потым ніхто не апусьціў. Прыйдуць пасьля Лукашэнкі і будуць параўноўваць наступных начальнікаў і мераць па першым прэзыдэнце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG