Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа пагадзіцца пералічваць у расейскі бюджэт 100% экспартнага мыта на нафтапрадукты ў абмен на адмову Расеі ад экспартных пошлін на нафту для Беларусі.

Пра гэта заявіў міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў.

"Як мы можам не пагадзіцца, калі ў аснове гэтай тэмы ляжаць роўныя ўмовы дзейнасьці і рэалізацыі на экспарт нафты для беларускіх і расійскіх НПЗ? Мы ўдзельнічаем у перамовах з гэтай нагоды. Гэта і ёсьць тое, да чаго мы імкнуліся", — зазначыў Снапкоў.

Пра гатоўнасьць Расеі адмовіцца ад экспартнага мыта на нафту для Беларусі ў абмен на ўсё мыта, якое Беларусь будзе атрымліваць ад экспарту сваіх нафтапрадуктаў, заявіў 19 кастрычніка намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў.

"Мы хочам атрымаць кампэнсацыю ад Беларусі. Пакуль варыянт — гэта істотнае павышэньне мыта на нафтапрадукты з тым, каб яны пералічвалі нам усё экспартнае мыта на нафтапрадукты, якія будуць вывозіцца зь Беларусі", — сказаў Шаталаў.

Ён адзначыў, што цяпер стаўка мыта на нафтапрадукты вызначаная на ўзроўні 55% ад мыта на нафту. "Гэта значыць, мы датуем нафтаперапрацоўку Беларусі. Мы ня хочам даваць гэтыя датацыі беларускім прадпрыемствам", — падкрэсьліў Шаталаў.

Па словах Шаталава, стаўка мыта на нафтапрадукты можа павялічыцца да 85—90% ад мыта на сырую нафту ўжо ў 2011 годзе: "Сэнс у тым, каб павысіць у цэлым экспартнае мыта на нафтапрадукты ня толькі для Беларусі, але і для Расеі".

Зараз Беларусь купляе нафтапрадукты ў Расеі з выплатай 100% мыта. З 1 кастрычніка стаўка экспартнага мыта на сьветлыя нафтапрадукты складае 191,8 даляра за тону, на цёмныя — 103,3 даляра. Паводле дадзеных Белстату, за студзень-жнівень сярэдні кошт адной тоны нафтапрадуктаў, якія закупляюцца ў Расеі, павялічыўся на 78,6% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.
XS
SM
MD
LG