Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва Масквы можа каштаваць Менску больш за 3 мільярды даляраў


Мінфін Расеі прапануе адмяніць мыта на нафту для Беларусі, але ў абмен забраць усе прыбыткі беларускага бюджэту ад экспарту нафтапрадуктаў. Адначасова мяркуецца падвысіць расейскае экспартнае мыта на нафтапрадукты да 80-90% ад нафтавага, каб не датаваць нафтаперапрацоўку Беларусі. Што прынясе Беларусі такі варыянт вырашэньня нафтавай спрэчкі?

Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін паабяцаў адмяніць мыта на расейскую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. Але гэта адбудзецца пасьля ратыфікацыі Менскам пакету пагадненьняў аб стварэньні адзінай эканамічнай прасторы. Тады ж, пасьля паседжаньня Саўміну саюзнай дзяржавы ў Маскве, намесьнік кіраўніка расейскага Мінфіну Сяргей Шаталаў адзначыў, што гэтая адмена магчымая толькі пры кампэнсацыі страт расейскага бюджэту. Цяпер Сяргей Шаталаў агучыў варыянт гэтай кампэнсацыі: за кошт усіх прыбыткаў Беларусі ад продажу нафтапрадуктаў. Ці ёсьць гэта працягам ціску на Беларусь з боку Расеі?

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, ад 1995 году існавала беларуска-расейская дамова, згодна зь якой Беларусь павінна вяртаць Расеі мыта на нафтапрадукты, зробленыя з расейскай нафты:

“Тады яны прапанавалі, каб мы вярталі ёй 85% гэтага мыта на нафтапрадукты, якія ідуць зь Беларусі на Захад. Беларусь не выконвала гэтага пагадненьня амаль што 10 гадоў. То бок яна забірала ў свой бюджэт тое, што яны дамовіліся адпраўляць у расейскі бюджэт. І калі цяпер Расея падлічыць, колькі вінаватая Беларусь за невыкананьне гэтага пагадненьня, то будзе вельмі вялікая сума. Беларусі ў адказ і крыць ня будзе чым. Гэта расейскі бюджэт забірае прыродную рэнту. Гэта яе багацьце. І гэтае багацьце Расея ня хоча аддаваць проста так”.

Калі расейскі бок рэалізуе такі сцэнар, што можа чакаць Беларусь? Спадар Злотнікаў адзначыў, што Беларусі многае ня выгадна з-за неэфэктыўнай эканомікі:

“І калі па цэнах сусьветнага рынку спажывае газ і нафту Польшча, то Беларусь, гэтая эканоміка, пры такіх цэнах існаваць ня можа. Ёй ужо нічога не дапаможа”.

Эканамічны аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак адзначыла, што Беларусь перапрацоўвае ня толькі расейскую, але і вэнэсуэльскую і беларускую нафту:

“У любым выпадку давядзецца неяк знаходзіць мэханізм падзелу прыбыткаў ад экспарту нафтапрадуктаў. Мы прыходзім да таго мэханізму, які ў Беларусі ўжо існаваў. Зь іншага боку, чаго хацелі, таго можам і дабіцца. Бо калі будзе адменена мыта для расейскіх кампаніяў, якія пастаўляюць нафту на давальніцкіх умовах, становіцца прывабнай беларуская нафтаперапрацоўка. Галаўны боль, як загрузіць беларускія НПЗ, зьнікае. А з другога боку, рытарычнае пытаньне: а што рабіць з вэнэсуэльскай нафтай?!”

Адначасова Расея прапануе перайсьці на іншы прынцып фармаваньня мыта на нафтапрадукты. Цяпер яно складае ў сярэднім прыкладна 50% ад мыта на нафту. Расейскі бок лічыць, што такім чынам датуе беларускую нафтаперапрацоўку. Таму мяркуецца падвысіць расейскае экспартнае мыта на нафтапрадукты да 80-90% ад нафтавага:

“Для расейскай эканомікі гэта насамрэч выгадна, бо асноўны экспарт у Расеі — гэта нафта, а не нафтапрадукты. У Беларусі — наадварот. Як пазьбегчы канфлікту інтарэсаў бакоў? Беларускі бок будзе сур'ёзна ўзважваць усе перавагі і мінусы такой прапановы”.

Экспарт нафтапрадуктаў — адна з найбольш важных крыніцаў валютных прыбыткаў для беларускай эканомікі. Што яна страціць ад новай нафтавай ініцыятывы Расеі? Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка бачыць у гэтых прапановах Расеі "гульню ката з мышкай". Ён мяркуе, што ў гэтай сытуацыі афіцыйны Менск павінен дамовіцца з расейскім бокам аб стварэньні кансорцыюму па сумеснай здабычы, вытворчасьці і продажы нафты і нафтапрадуктаў:

“І тады нічога губляць ня будзе. А так Беларусь губляе, што мела задарма. Беларусь на нафце, на экспартным мыце зарабляла амаль па 3,5 мільярда даляраў. Яна нічога не губляе, а проста не атрымае гэтай субсыдыі. Маральная пазыцыя Беларусі ў гэтым выпадку няправільная. Мы не павінны прэтэндаваць на частку цаны расейскай нафты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG