Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук запрасіў Більта і Сікорскага ў Беларусь на выбары


Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Кандыдат на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах ад АГП Яраслаў Раманчук перадаў міністрам замежных спраў Польшчы і Швэцыі, а таксама прэм’еру Літвы запрашэньні наведаць Беларусь у часе выбараў.

Наведаўшы міжнародную канфэрэнцыю ў сталіцы Швэцыі, Яраслаў Раманчук запрасіў міністра замежных спраў гэтай краіны Карла Більта наведаць Беларусь двойчы: як да выбараў, гэтак і ў часе галасаваньня.

«Самае галоўнае, што я прапанаваў яму выступіць з ініцыятывай арганізацыі візыту з удзелам прадстаўнікоў Эўразьвязу, каб дакладна выкласьці пазыцыю Эўропы напярэдадні выбараў. З падобнай ініцыятывай я зьвярнуўся і да міністра замежных спраў Польшчы Радэка Сікорскага, і цяпер ідзе ўзгадненьне фармату візыту, яго магчымасьцяў. Карл Більт сказаў, што гэта вельмі важная прапанова, да якой уважліва паставіліся».

На думку Раманчука, Польшча і Швэцыя здольныя паспрыяць таму, каб прысутнасьць Эўразьвязу на выбарах у Беларусі была істотнай.

Аналягічнае запрашэньне Яраслаў Раманчук перадаў і прэм’еру Літвы Андрусу Кубілюсу.

Апрача таго, Раманчук атрымаў пазытыўны адказ ад кіроўнай партыі Швэцыі — Кансэрватыўнай — на прапанову ініцыяваць перад выбарамі разгляд беларускага пытаньня ў Эўрапейскім парлямэнце. А ў лістападзе чакаецца візыт у Беларусь дэлегацыі швэдзкага Рыксдагу.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, сярод іншага, прапануюць Эўразьвязу не адмяняць эўрапейскія санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў да таго часу, пакуль ня пройдуць прэзыдэнцкія выбары, і разгледзець пытаньне санкцыяў ужо па выніках іх правядзеньня. Паводле спадара Раманчука, у Эўразьвязе падтрымліваюць такую пазыцыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG