Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Раманчук пра сустрэчы з кіраўнікамі Польшчы


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
Кандыдат у прэзыдэнты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук правёў шэраг сустрэч на вышэйшым узроўні з прадстаўнікамі заканадаўчай і выканаўчай улады Польшчы. Тэма перамоваў — становішча ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Вынікам перамоваў зь міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім, старшынём Сэйму Польшчы Багданам Барусевічам, а таксама іншымі афіцыйнымі асобамі сталася дамоўленасьць пра магчымасьць падтрымкі дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі падчас і пасьля выбарчай кампаніі, паведаміў Яраслаў Раманчук:

"Ім было вельмі цікава, куды будзе скіраваная Беларусь пасьля прыходу дэмакратыі — на Усход ці Захад. Што тычыцца саміх выбараў, то Польшча прытрымліваецца той пазыцыі, што калі беларускія дэмакратычныя кандыдаты ня будуць мець сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях і ня здолеюць падлічваць галасы, то такія выбары ня могуць быць прызнаныя адкрытымі і дэмакратычнымі".

Паводле Яраслава Раманчука, прадстаўнікі польскага ўраду намераныя працягнуць праграму навучаньня імя Каліноўскага для рэпрэсаваных студэнтаў, таксама будуць па-ранейшаму падтрымлівацца "Радыё Рацыя" і "Белсат". Сярод важных тэмаў, якія абмяркоўваліся з польскімі палітыкамі, былі і становішча Саюзу палякаў у Беларусі, і напружанасьць у беларуска-расейскіх дачыненьнях, кажа Яраслаў Раманчук:

"Безумоўна, гэта абмяркоўваецца, у тым ліку тэмы, якія ўздымае Расея: зьнікненьне Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага. Чаму Расея ўздымае гэтае пытаньне, фактычна, вінаваціць рэжым у злачынствах, а Польшча маўчыць, маўчыць і Эўразьвяз? Гэта неяк дрэнна выглядае, і я гэта яшчэ раз агучыў і, спадзяюся, што пытаньне будзе зрушана".

Паводле Яраслава Раманчука, палітычнай ангажаванасьці візыту не перашкодзілі сустрэчы з польскімі бізнэсоўцамі, якія таксама чакаюць палітычных зьменаў у Беларусі, каб актывізаваць эканамічнае жыцьцё. Як паведаміў Яраслаў Раманчук, пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты вышэйшыя дзяржаўныя асобы Польшчы плянуюць сустрэцца з удзельнікамі выбарчай кампаніі, а таксама лідэрамі дэмакратычных сіл Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG