Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не радыяцыяй, дык мэліярацыяй


Сёньня — Усясьветны дзень аховы месцаў пасяленьня чалавека, а таксама фаўны і флёры.

Некалькі новых маштабных праектаў, якія рэалізуюцца цяпер у Беларусі, выклікаюць вялікую трывогу ў эколягаў і грамадзкасьці. Найперш гэта будаўніцтва атамнай электрастанцыі і мэліярацыя беларускага Палесься. Новыя зьвесткі пра гэтыя будоўлі падаюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Астравецкая АЭС: пляцоўку рыхтуюць, але ня ведаюць, што будзе далей…

Дырэктар будаўніцтва Астравецкай АЭС Міхаіл Філімонаў у сваім працоўным кабінэце.
На пляцоўцы Астравецкай атамнай станцыі працягваюцца падрыхтоўчыя работы, праўда, ніхто пакуль ня можа з пэўнасьцю сказаць, калі пачнуць будаваць саму станцыю.

Прыехаўшы на будоўлю атамнай станцыі ў Астраўцы, найперш я наведаў дырэкцыю, якая месьціцца ў адным з двух ужо збудаваных дамоў для супрацоўнікаў станцыі. Пакуль у гэтых дамах жывуць прыкамандыраваныя будаўнікі з розных гарадоў Беларусі.

Дырэктар будаўніцтва Міхаіл Філімонаў па пытаньнях, датычных будаўніцтва станцыі, параіў мне зьвяртацца ў прэс-службу міністэрства энэргетыкі, праўда, усё ж сказаў, што вядуцца працы па падрыхтоўцы самой пляцоўкі для будаўніцтва АЭС.

І вось я на пляцоўцы за вёскай Газа, да яе ўжо праклалі новую асфальтавую дарогу. Бачна, як езьдзяць самазвалы, працуюць бульдозэры і экскаватары. Са мной мясцовыя праваабаронцы Іван Крук і Мікола Ўласевіч. Яны зьдзіўляюцца, што працы вядуцца даволі інтэнсіўна.

Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Мікола Ўласевіч кажа, што яшчэ летам акрамя базы мэханізацыі, якая перад намі, нічога не было.

Уласевіч: «Бачу, што тут ёсьць дастаткова шмат тэхнікі: бульдозэры інтэнсіўна выроўніваюць пляцоўку пад будучае будаўніцтва станцыі. Практычна можна канстатаваць, што вядуцца працы па падрыхтоўцы аб’екта да будаўніцтва».

Іван Крук зьдзіўлена дадае, што першапачаткова станцыю плянавалі будаваць прыкладна ў 4 кілямэтрах, на месцы былога запаснога аэрадрому.

Крук: «На гэтым месцы былі палеткі, сеялі тут, і вось каля лесу былі каталіцкія могілкі. Людзі кажуць, што 15 кастрычніка павінен сюды прыехаць Лукашэнка, каб самому паглядзець, як вядуцца працы».

Іван Крук і Мікола Ўласевіч — астравецкія актывісты, якія выступаюць насупраць будоўлі АЭС на пляцоўцы, дзе будзе будучая станцыя.

Я падыходжу да кіроўцы МАЗа, які возіць тут пясок і ўдакладняю, ці менавіта тут пабудуюць станцыю?

Спадар: «Так, напэўна тут. Ну, вось мы раўняем пляцоўку».

Карэспандэнт: «А бытоўкі для чаго стаяць?».

Спадар: «Ды мы тут абедаем, адпачываем, тут добра кормяць».

Вагончыкі для будаўнікоў на пляцоўцы, дзе вядзецца падрыхтоўка да будаўніцтва станцыі.

Карэспандэнт: «А заробкі добрыя?»

Спадар: «Недзе мільён чатырыста, працуем па 12 гадзін».

Карэспандэнт: «Усе астравецкія, ці ёсьць аднекуль яшчэ?»

Спадар: «Не, тут з Жодзіна, Берасьця, Магілёва, адусюль…».

Да нас падыходзіць прараб будоўлі, але, калі даведваецца, што я з Радыё Свабода, гаворыць неахвотна. Усё ж пытаюся: калі пачнуць будаваць саму станцыю?

Спадар: «Я ня ведаю, мая справа якасна будаваць, а вырашаць ці будзе тут АЭС — не мая справа. Скажуць будаваць, буду будаваць, а не — паеду на іншы аб’ект».

Насупраць будаўнічай пляцоўкі, адразу праз дарогу — невялікая вёска Бабраўнікі, скіроўваю сюды. Людзі пераворваюць поле.

Жыхары вёскі Бабраўнікі, якая праз дарогу ад будаўніцтва, не зважаюць на тое, што рыхтуюць пляцоўку пад станцыю, у іх клопаты больш надзённыя…

Разгаварыўся і пытаюся, што яны ведаюць пра будаўніцтва.

Сталы спадар: «Пакуль ніхто нічога ня кажа, але калі яны ўжо дарогі парабілі, то мы ўжо ня ў сілах нешта памяняць».

Спадарыня: «Ніхто нічога не прыходзіў і нічога нам не казаў, нічога…»

У маладога спадара пытаюся, ці не спрабаваў ён уладкавацца на працу, дзе будуюць пляцоўку.

Спадар: «Я спрабаваў, пытаўся, але пакуль не бяруць…»

Карэспандэнт: «А што сказалі?»

Спадар: Сказалі: «Чакайце. А я сам толькі пасьля войска вярнуўся…».

Праз дарогу бачу яшчэ краны, людзі кажуць, што там будуюць чыгунку. І вось размаўляю з будаўнікамі.

Спадар: «Будуем чыгуначны пуцеправод праз Астравец на атамную станцыю».

Карэспандэнт: «І шмат мастоў такіх збудавалі?»

Спадар: «Вось два масты і адзін пуцеправод, але ўсе яны бліжэй да Астраўца».

Будаўніцтва чыгуначнага пуцеправоду блізу вёскі Бабраўнікі, які цягнецца да пляцоўкі АЭС.

І болей ніякай канкрэтыкі. Адзінае, што дакладна ўдалося ўдакладніць у дырэкцыі станцыі — там не працуе і не працаваў былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімер Саўчанка, хаця інфармацыя пра гэта зьяўлялася і ў дзяржаўных СМІ. Пра гэта мне паведаміў дырэктар будаўніцтва Міхаіл Філімонаў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Тысячы гектараў новай мэліярацыі

Як мінімум тры тысячы гектараў прыроднай тэрыторыі Столінскага раёну на Берасьцейшчыне яшчэ сёлета будуць пераведзены ў разрад сельгасугодзьдзяў і пашы. Тут цяпер найвялікшыя ў Беларусі аб’ёмы мэліярацыі. Прычым, уся гэтая праца фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту.

Паводле дзяржаўнай праграмы 2011-2015 гадоў на Століншчыне будзе ўведзена ў эксплёатацыю каля 14 тысяч гектараў новых зямель. Паводле кіраўніцтва Столінскага прадпрыемства мэліярацыйных сыстэм, працы ня будуць пагражаць населеным пунктам, а толькі прынясуць карысьць сельскай гаспадарцы. Цяпер мэліярацыя ўжо пачалася, і вядуцца працы, адзначаецца чыноўнікамі ПМС:

«Да канца году плянуецца ўвядзеньне ў СПК Рубель 1075 гектараў. Далей СПК Велямічы: да канца году — 600 гектараў, і ў СПК Палесьсе ОБМ сёлета будзе ўведзена ў эксплёатацыю каля 1200 гектараў».

Сродкі вылучаюцца зь дзяржаўнага бюджэту. Пакуль перабояў ніякіх няма. Але для жыхароў вёскі Рубель пэўныя нязручнасьці з-за мэліярацыі ўжо створаныя. Вёска аказалася літаральна адрэзаная ад лесу, кажа мясцовая жыхарка:

«Нязручнасьці ў тым, што людзі практычна ня могуць трапіць у лес. Цяпер акурат сэзон нарыхтоўкі дроў у лесе. Многія накіроўваюцца ў ягады, грыбы. Добра, што хоць побач з працамі няма ніякіх вёсак».

Эканаміст па сельскай гаспадарцы, эколяг зь Пінску Віталь Каратыш адзначае, што дзяржаўныя інтарэсы чыноўнікамі разумеюцца вышэй за бясьпеку жыхароў. Памылкі ў экалёгіі не жадаюць прызнаваць. Асушаныя балоты цяпер уяўляюць сабою, па словах Віталя, забалочаныя землі, якія немагчыма цяпер выкарыстоўваць. На значнай плошчы асушаных балот цяпер расьце толькі трава:
Эфэктыўнасьць мэліярацыі пад вялікім пытальнікам.

«Частка зямель, якія знаходзіліся вышэй, пакуль выкарыстоўваецца ў севазвароце. Але нізкія землі нават пасьля дажджоў вымакаюць. З тарфянікамі заўсёды існуюць праблемы. Эфэктыўнасьць мэліярацыі пад вялікім пытальнікам. Таму, мяркую, ня варта рабіць новыя наступы на прыроду. Чаму б не выкарыстоўваць тое, што ёсьць? Гэта было б мэтазгодна».

Паводле эканаміста, новая мэліярацыя толькі часова прынясе пэўныя посьпехі, але яны вельмі сумнеўныя. Мала аналізуюцца наступствы:

«Наступствы прынясуць толькі шкоду экалёгіі. Такім чынам і без таго разбураная палеская прырода яшчэ больш пацерпіць».

Практычна ўсё Палесьсе цяпер пакутуе з-за таго, што на экалягічнае ўладкаваньне не хапае сродкаў. А яно вельмі неабходнае, лічыць эколяг зь Пінску Аляксей Дуброўскі. Акрамя іншага эколяг назірае шэраг праблем у выкарыстаньні тарфянікаў на Палесьсі:

«Да гэтага часу некаторыя асушаныя балоты выкарыстоўваюць пад пашу, але гэта забаронена пастановамі Мінпрыроды і Саўміну. Акрамя іншага часта прыходзіцца назіраць і пылавыя буры. У красавіку ні ў якім выпадку нельга праводзіць працы на тарфяніках. Але ў цэлым на сёньня многія палі проста закінутыя».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У лясах Слаўгарадчыны расьце ўзровень радыяцыі

Жыхар Слаўгараду Валер Васілеўскі ня першы год намагаецца прыцягнуць увагу да праблемы неўтылізаванага радыяцыйнага грунту ў раёне. Былы работнік спэцыялізаванага прадпрыемства «Радон» заяўляе, што для эканоміі паліва грунт не давозілі да магільніка, а пакідалі ў лясах.

Валера Васілеўскага звольнілі з «Радону» ў 2002 годзе. Як ён сьцьвярджае, за паказаньні супраць кіраўніка. На яго ў 2001 годзе завялі крымінальную справу й вінавацілі ў службовай падробцы й прыпісках. Сьледчаму Васілеўскі заявіў, што радыяцыйны грунт пакідалі ў лесе, не давозячы паўсотні кілямэтраў да магільніку. Пазьней такія факты пацьвердзіла ўпраўленьне па ліквідаваньні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы аблвыканкаму:

«Там адзначана, што кіроўцы, якія вывозілі радыяцыйны грунт у лясны масіў вёскі Аляксандраўкі пакараныя адміністрацыйна. Наш раён наагул самы такі забруджаны. Было дзесяць кюры, а з гэтага году павысілі да 15. Так, што мы жывём у радыяцыі. Ну, ганяюць троху — не даюць зьбіраць грыбы ды ягады. Аднак есьці ж хочацца».
Грунт мусяць вывозіць з пункта „А“ ў пункт „Б“, а калі ў прамежкавы пункт вывозіцца, значыць ідзе эканомія саляркі.

Колькі ў лясах Слаўгарадчыны не давезенага да магільніка радыяцыйнага сьмецьця Валеры Васілеўскі дакладна ня ведае. Ён аднак гатовы паказаць вядомыя яму месцы. Адно зь іх непадалёк ад вёскі Ходарава.

«Там высыпана ў лесе. Побач засеянае калгаснае поле. І тут жа недалёка гэта вёска. Там людзі ходзяць. Грыбы зьбіраюць. Лес нарыхтоўваюць. Дровы».

Жыхароў вёскі Ходарава некалі зьбіраліся адсяляць. Потым перадумалі. У ёй жыве 38 чалавек. Бальшыня пэнсіянэры. Жыве і адна шматдзетная сям’я. Цяпер радыяцыйны фон у вёсцы павышаны, прызналі ў Гіжэнскім сельскім савеце. Пра несанкцыянаваны сьметнік паблізу паселішча сельсаветчыкі ня ведаюць.

Днямі гэты сьметнік пабачыў магілёўскі праваабаронца Ўладзімер Краўчанка. Вось ягонае меркаваньне:

«Грунт мусяць вывозіць з пункта „А“ ў пункт „Б“, а калі ў прамежкавы пункт вывозіцца, значыць ідзе эканомія саляркі. І вось дзеля гэтай эканоміі радыяцыйны грунт раскідваюць па навакольлі».

Крымінальную справу, зь якой слаўгарадзкая гісторыя з радыяцыйным грунтам пачалася, скончылася нічым. Яе закрылі, бо не знайшлі складу злачынства. Чыноўнікі ўпарта не знаходзяць й несанкцыянаваныя сьметнікі «У адпісках імкнуцца іх наагул ня згадваць», — кажа Валеры Васілеўскі.
XS
SM
MD
LG