Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Дубянецкі — чалавек чыну


Міхась Дубянецкі, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч. 1981 год

Міхась Дубянецкі, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч. 1981 год

Залатым часам беларускага кнігавыданьня можна назваць 80-я гады мінулага стагодзьдзя, калі ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» выходзілі забароненыя на працягу дзесяцігодзьдзяў кнігі. Дырэктарам выдавецтва тады працаваў Міхась Дубянецкі, якога ня стала дваццаць гадоў таму — у верасьні 1990 году.


У нашай гутарцы «за круглым сталом» бяруць удзел паэты Сяргей Законьнікаў, Леанід Дранько-Майсюк і доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая. Вядзе перадачу Міхась Скобла.

Міхась Скобла
Міхась Скобла: «Спадарства, у часы Дубянецкага-выдаўца яшчэ існаваў Савецкі Саюз, была афіцыйная цэнзура. Пытаньне колішняму супрацоўніку „Мастацкай літаратуры“ — як выдавецтву ўдавалася ў той час выдаваць тое, што другім і ня сьнілася?»

Леанід Дранько-Майсюк: «Акурат таму ўдавалася, што выдавецтвам у той час кіраваў Міхась Фёдаравіч Дубянецкі. Такіх людзей у Польшчы называюць „чалавек чыну“. Міхась Фёдаравіч быў чалавекам буйнога маштабу, ён валодаў мастацтвам дзяржаўнага мысьленьня. Ён кіраваў выдавецтвам і адначасова хацеў, каб „Мастацкая літаратура“ мела свае кнігарні, прычым ня толькі ў Менску, каб выдавецтва мела сваю паліграфічную базу, каб тыя грошы, якія выдавецтва зарабляла, ішлі на разьвіцьцё беларускай кнігі, пастаноўку беларускіх спэктакляў, беларускага кіно. Вядома, у тых умовах рэалізаваць такія цудоўныя мары было немагчыма, але Міхась Фёдаравіч не здаваўся, ён быў сьмелы і інтэлігентны. І на ягоным прыкладзе я зразумеў, што інтэлігентнасьць, шляхетнасьць сынанімічныя сьмеласьці, мужнасьці. Ён быў па-сапраўднаму мужным чалавекам. Дубянецкі адкрыта адстойваў сваю пазыцыю перад чыноўнікамі з Дзяржкамдруку, з апарату ЦК, ён не баяўся цэнзуры. Часам ён пасылаў мяне ў цэнзурны камітэт на вуліцу Камсамольскую, каб адстаяць той ці іншы верш у кніжцы Ніны Мацяш, Алеся Пісьмянкова, Уладзімера Караткевіча. Памятаю, у кнізе Міколы Маляўка быў надрукаваны таленавіты, але дастаткова сьціплы верш, які называўся „Бескароўная вёска“. Адна гэта назва ў 1984 годзе выклікала выбух чорных эмоцый у Галоўліце. Яны гэты верш палічылі антысавецкім! Як гэта — савецкая вёска, і без кароваў? Дык вось, Міхась Фёдаравіч бараніў усіх — маладых, сталых, вядомых і невядомых пісьменьнікаў».


Скобла: «Дубянецкі ў выдавецтва прыйшоў з ЦК КПБ, дзе працаваў і Сяргей Законьнікаў. Скажыце, спадар Сяргей, хіба былому цэкоўцу Дубянецкаму дазвалялася больш, чым каму? Чым вы можаце патлумачыць той невялічкі рэнэсанс айчыннага кнігавыданьня, які назіраўся ў „Мастацкай літаратуры“ ў 80-я гады?»

Сяргей Законьнікаў
Сяргей Законьнікаў: «Я б не сказаў, што гэта быў невялічкі рэнэсанс. Гэта быў вялікі рэнесанс. Справа ў тым, што Міхась Фёдаравіч добра ведаў чыноўніцкую кухню: і Галоўліт, і Дзяржкамдрук БССР, і ЦК КПБ. Ён ведаў слабыя месцы ў сыстэме цэнзуры, таму што з 1968 па 1975 год працаваў інструктарам аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК. Ён змог выкарыстаць сваё веданьне для адстойваньня справядлівасьці, пісьменьнікаў і іх твораў. У Дубянецкага былі, вядома ж, свае любімцы ў добрым сэнсе гэтага слова. Ён вельмі любіў Уладзімера Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча. Ён сябраваў зь імі, таму для яго гэта была ня толькі прафэсійная справа — адстаяць таленавітых пісьменьнікаў. Гэта было яшчэ і абаронай сяброў».

Дранько-Майсюк: «Я дадам, што Дубянецкі вельмі любіў яшчэ Міхася Стральцова і быў вельмі засмучаны з той нагоды, калі Дзяржкамдрук не дазволіў Міхасю Стральцову выпусьціць свой двухтомнік. Стральцову дазволілі аднатомнік, і для Міхася Фёдаравіча гэта быў адзін з самых сумных дзён, што цудоўнаму пісьменьніку Стральцову не далі ўбачыць сваю творчасьць у поўным аб’ёме».


Законьнікаў: «Калі падобнае здаралася, то Дубянецкі ўспрымаў такія дзеяньні як асабістую абразу».


Скобла: «Вось вы сказалі, спадар Сяргей, што Дубянецкі ведаў, як абысьці цэнзуру. А як можна было яе абысьці?»

Леанід Дранько-Майсюк
Дранько-Майсюк: «Я магу адказаць на гэтае пытаньне. Памятаю, я быў рэдактарам „Дня паэзіі-84“. У гэтай кнізе цэнзарамі было зроблена вельмі шмат заўвагаў. Усе заўвагі я прынёс у выдавецтва, зайшоў да Міхася Фёдаравіча, паказаў яму. Ён усё вывучыў і тут жа напісаў запіску ў цэнзурны камітэт. Маўляў, ён, як дырэктар выдавецтва, улічыў першую, другую, трэцюю і чацьвёртую заўвагі, а наконт пятай заўвагі была гаворка ў ЦК партыі, хаця ніякай гаворкі не было. З тою запіскай я ізноў пайшоў у цэнзурны камітэт. Там яе прачыталі і паставілі на тытульную старонку пячатку: „Дазволена да друку“. І ўсё. А я са спалохам у голасе, атрымаўшы запіску з рук Дубянецкага, спытаўся: „Міхась Фёдаравіч, а раптам пазвоняць у ЦК партыі?“ Ён кажа: „Лёня, не пазвоняць“. Так выяўляўся ягоны прынцып, творчы і грамадзянскі — трэба рызыкаваць».


Скобла: «Спадарства, аднойчы я быў сьведкам наступнай сцэны: пісьменьнік спрабаваў надпісаць кнігу загадчыцы бібліятэкі, а тая не зусім тактоўна падказвала: лепш падаруйце кнігу нашай бібліятэцы, бо дома я кніг не трымаю — надакучваюць на працы. Ірына, а як дома адносіўся да кніг ваш бацька?»


Ірына Дубянецкая: «У нашай хаце жылі 5 чалавек і бібліятэка (пасьля сьмерці бабулі засталіся ўчатырох). Бібліятэка займала шмат месца, каля 7000 кніг на дастаткова малой плошчы. У нас у хаце беларуская літаратура зьбіралася практычна ўся. Бацька падпісваўся на ўсе магчымыя выданьні. Часта кнігі дубляваліся з той прычыны, што аўтары часта падпісвалі яму свае кнігі, але ён яшчэ і сам падпісваўся на гэтыя кнігі ці набываў. Калі мы былі маленькія, бацька нас прывучаў да кнігі. Ён дзяліў кнігі на самыя прыгожыя і каштоўныя — залаты фонд, на кнігі срэбнага фонду і проста енігі. Калі мы бралі кнігі, бацька пытаўся, ці памылі рукі? Да кнігі трэба было падыходзіць з чыстымі рукамі. А рукі памыць — гэта як рытуал ачышчэньня. Таму кніга для нас была не камунікатыўная рэч, не забаўляльная, не адукацыйная рэч, а — зьява культуры. І ня проста зьява, а носьбіт-квінтэсэнцыя чалавечай культуры. Я далучуся трохі да гаворкі пра рэнэсанс беларускага кнігадрукаваньня пры бацькавым дырэктарстве. Гэта было зьвязана зь яго разуменьнем культуратворчай ролі кнігі. Бацька ўвогуле быў культуратворчым чалавекам, таму ён засноўваў новыя сэрыі, запрашаў да супрацоўніцтва самых таленавітых людзей, ня толькі людзей слова, але і людзей алоўка ці пэндзьля. Кніга павінна была быць прыгожай і дасканалай ва ўсіх адносінах. Штогод савецкія выдавецтвы езьдзілі на міжнародныя выставы-кірмашы — у Маскву і Франкфурт-на-Майне. Бацька езьдзіў толькі ў Маскву, таму што ў Франкфурт яго не выпускалі. Дык вось, «Мастацкая літаратура» на той час прадавала кніжак больш, чым усе астатнія рэспублікі Савецкага Саюзу, разам узятыя! Мовамі бацька не валодаў, і калі амэрыканскія ці нямецкія выдаўцы хацелі зь ім пагаварыць, то стараліся абыходзіцца без перакладчыкаў, таму што перакладчыкі былі хлопцамі ў пагонах. Выдаўцы з бацькам кудысьці сыходзілі і — цудоўна дамаўляліся. Адзін амэрыканец, які вельмі доўга супрацоўнічаў з Савецкім Саюзам, аднойчы сказаў, што Дубянецкі — першы нармальны савецкі чалавек, якога ён сустрэў у сваім жыцьці… А яшчэ мне хочацца адзначыць стаўленьне бацькі да людзей, якія працавалі ў выдавецтве. Ён надзвычай любіў сваіх супрацоўнікаў, мне здавалася, што ён натхняў іх рабіць добрыя кнігі. Ён дзяліў людзей на дзьве катэгорыі — геніяльныя і таленавітыя. Трэціх не было. Ён бачыў у чалавеку толькі лепшае«.


Дранько-Майсюк: «Так, гэта праўда, Міхась Фёдаравіч вельмі любіў сваіх супрацоўнікаў. І калі раніцай ён выходзіў з дому (а жыў ён ад выдавецтва вельмі блізенька), то бачыў, як супрацоўнікі ідуць на працу. Людзі маглі ісьці ў розным псыхалягічным стане. І вось аднойчы Дубянецкі сустрэў Рыгора Яўсеева, цудоўнага паэта-сатырыка, які працаваў у выдавецтве рэдактарам і, скажам шчыра, любіў чарку. І вось Міхась Фёдаравіч убачыў, што менавіта а 8 гадзіне раніцы Рыгору Яўсееву трэба выпіць 50 грамаў. Ён падышоў да Рыгора, даў яму ключ ад сваёй кватэры і сказаў: „Рыгорачка, зайдзі далікатненька да мяне, там на бальконе стаіць… Усё не бяры, але выпі грамаў 100, і я праз паўгадзіны чакаю цябе на рабоце“. І Рыгор Яўсееў скарыстаўся з такой інтэлігентнай паслугі Міхася Фёдаравіча».


Скобла: «Гэта сапраўды незвычайны выпадак — начальнік прапанаваў выпіць свайму падначаленаму ў службовы час… Мяне ўразіла, як у сваім дзёньніку, які цяпер друкуецца ў часопісе „Дзеяслоў“, Міхась Дубянецкі апісвае выдадзеныя ім кнігі. Апісвае падрабязна, пералічвае ўсіх рэдактараў-карэктараў, мастакоў-аздобнікаў, наклад, дату падпісаньня ў набор і — абавязкова — шыфры цэнзараў. Апісвае — як пераможна падпісвае чыюсьці капітуляцыю».


Законьнікаў: «Дубянецкі быў сапраўдным абярогам для пісьменьнікаў. Ён ведаў, што творцы не павінны знаходзіцца пад нечым прымусам, яны ў палоне свайго дару. І ён заўсёды бараніў гэты пісьменьніцкі дар. Ён бараніў чатырохтомнік Васіля Быкава, дзе хацелі зьняць аповесьць „Мёртвым не баліць“. Ён бараніў кніжку Пімена Панчанкі „Маўклівая малітва“. Ён адстойваў „Знак бяды“ Быкава. Трэба было прыкласьці шмат намаганьняў, каб адстаяць нейкую пазыцыю. Але гэта Дубянецкаму ўдавалася. Удавалася адстаяць Алеся Адамовіча, Алеся Разанава — вельмі цяжка ішла ягоная кніжка „Шлях-360“. Міхась Фёдаравіч быў на вастрыі змаганьня. Часам яму трэба было дапамагчы. І, калі мог, у нейкіх вельмі складаных сытуацыях, я дапамагаў. Дубянецкі быў мудры, недзе з кімсьці мог дамовіцца, але калі трэба было, ён быў вельмі апантаным у сваім адстойваньні».


Дранько-Майсюк: «Міхась Фёдаравіч усіх зьдзівіў, калі выдаў у 1981 годзе факсымільнае выданьне „Вянка“ Максіма Багдановіча. Я ў той час быў студэнтам Літаратурнага інстытуту і памятаю, як у сьнежні 1981 году ў маскоўскім Цэнтральным доме літаратара праводзілася вечарына, прысьвечаная паэзіі Максіма Багдановіча. І там якраз гэты „Вянок“ прадаваўся, асобнік каштаваў 1 рубель. Я купіў 10 асобнікаў і пасьля дарыў кнігі сваім маскоўскім сябрам. Пасьля, калі я пачаў працаваць у выдавецтве „Мастацкая літаратура“, нейкім цудам у 1983 годзе у нас выйшаў забаронены раман Уладзімера Караткевіча „Нельга забыць“. Але мы разумелі, што кожны цуд мае рэальную аснову — не было б Міхала Фёдаравіча Дубянецкага, не зьявіўся б гэты раман».


Скобла: «Дарэчы, ён праляжаў у шуфлядзе 20 гадоў!»


Дубянецкая: «Адзінае, што бацька тады ня змог адстаяць назву «Леаніды ня вернуцца да зямлі». Якраз тады дзяржаўныя Леаніды былі на адлёце… І ніхто не хацеў разумець, што Караткевіч меў на ўвазе сузор’е. Дазволілі надрукаваць раман толькі пры ўмове, калі назва будзе «Нельга забыць».


Дранько-Майсюк: «Я хачу, каб слухачы Радыё Свабода зьвярнулі ўвагу на тое, што Міхась Дубянецкі ў змаганьні за беларускую кнігу сваё здароўе паклаў. Ён хацеў выдаць у „Мастацкай літаратуры“ геніяльную п’есу Янкі Купалы „Тутэйшыя“, кнігу паэзіі Алеся Гаруна „Матчын дар“. Ён усё дзеля гэтага рабіў. Ён ішоў проста ў бой, у агонь — яму гэтага не далі зрабіць. Гэтыя кнігі выйшлі пазьней, але мы павінны памятаць, што бяз сьветлай душы, бяз сьветлай энэргетыкі Міхала Дубянецкага гэтых выданьняў магло папросту ня быць».


Законьнікаў: «Дубянецкаму многае ўдалося. Паглядзіце, якія выходзілі кніжкі ў тыя гады, якія тыражы былі — 50 000, 100 000 асобнікаў! Мы з Міхасём Фёдаравічам паглядзелі, што робіцца ў Эстоніі, у Латвіі, у Літве, у іншых саюзных рэспубліках, і рашылі іхні досьвед выкарыстаць тут».


Скобла: «А раскажыце, як канкрэтна ЦК КПБ падымала тыражы беларускіх кніг».


Законьнікаў: «Калі мы вывучылі практыку суседзяў, то заўважылі, што паэтычныя зборнікі ў Эстоніі і Латвіі маюць тыражы 12-15 000, а часам даходзіла да 50 000. Для таго, каб нашы пісьменьнікі мелі больш-менш нармальны заробак, мы падвысілі стаўкі (Дубянецкі прабіваў гэта). І пісьменьнікі пачалі атрымліваць патыражныя. Як гэта было? Скажам, тыраж кнігі 3000 павялічваецца да 6000, і пісьменьнік атрымлівае падвойны ганарар».


Дубянецкая: «Хачу сказаць пра адно выданьне, якое дагэтуль выходзіць — дзякуючы бацьку. Гэта славутае, якое ня мае аналягаў у сьвеце, выданьне беларускага фальклёру — „Бібліятэка народнай творчасьці“. Тады пачалі выдавацца зборнікі народнай творчасьці саюзных рэспублік — па 2, 3, 4 тамы. І недзе наверсе вырашылі, што для беларускага фальклёру хопіць 4 тамы. Гэтае рашэньне трапіла да бацькі, і ён адразу, на хаду, склаў сьпіс: калядныя песьні, жніўныя песьні, купальскія песьні, чарадзейныя казкі, легенды і паданьні, народны тэатар… Бацька склаў сьпіс і патлумачыў, што беларускі фальклёр вельмі багаты, ён патрабуе адкрытай сэрыі. І сёньня гэтая сэрыя ёсьць выдатным люстэркам беларускага фальклёру, і сапраўды вы ня знойдзеце такога нідзе больш у сьвеце. Тамы яшчэ дагэтуль выходзяць».


Скобла: «Іх, па-мойму, выйшла больш за паўсотні. Сяргей Законьнікаў ужо згадаў, як даводзілася Міхасю Дубянецкаму змагацца за кнігі Быкава. Я памятаю, пра гэта былі публікацыі, калі забаранялі Быкава ў Менску, дырэктар выдавецтва зьвяртаўся наўпрост у ЦК КПСС. Выходзіць, ён ігнараваў вашу ўстанову, спадар Сяргей. Як ставіліся ў ЦК КПБ да такога самаўпраўства Дубянецкага?»


Законьнікаў: «Па складзе свайго характару ён мог ігнараваць каго заўгодна. Дубянецкі быў вельмі напорысты, ён ішоў да канца. Склаўшы тую тэлеграму адносна Быкава, Міхась Фёдаравіч званіў мне і чытаў яе па тэлефоне. Гэта ёсьць у дзёньніку, ён пра гэта піша. Я паслухаў і сказаў, што ёсьць адна зачэпка, вельмі страшная: не чапайце Сеўрука, таму што ён нам натворыць бяды. Дубянецкі не згадзіўся з гэтым, сказаў, што трэба назваць „герояў“ сваімі імёнамі. І тэлеграма ўсё ж пайшла Зімяніну ў Маскву.

Потым, вядома ж, была рэакцыя з ЦК КПСС: што ў вас там за дырэктар выдавецтва, якога вы ня можаце супакоіць, і ён такія тэлеграмы шле?!

Потым, вядома ж, была рэакцыя з ЦК КПСС: што ў вас там за дырэктар выдавецтва, якога вы ня можаце супакоіць, і ён такія тэлеграмы шле?! Па-рознаму тут рэагавалі, але трэба аддаць належнае Аляксандру Кузьміну, які часам лагодна гаварыў Міхасю Фёдаравічу: „Не яршыся, не нападай, давай спакайней“. Аляксандар Трыфанавіч у нечым разумеў рацыю Дубянецкага, але ж ён быў сакратаром ЦК, а значыць — шрубачкай сыстэмы, таму і ён, будзем гаварыць праўду, баяўся за сваю пасаду».


Скобла: «Але гэтыя канфлікты не праходзілі незаўважна, і, наколькі я ведаю, Дубянецкі быў усё ж зьняты са сваёй пасады. Тлумачылася, што па стане здароўя, а як было насамрэч?»


Дубянецкая: «Леанід вельмі добра сказаў, што бацька паклаў здароўе на змаганьне за беларускую кнігу. Што тычыцца згаданай гісторыі з выданьнем «Мёртвым не баліць». Уся яна праходзіла праз нашую хату, праз нашую сям’ю. Гэта была маланка, якая проста разрывалася штодзённа. Бацька расказваў, як на чарговай выставе ў Маскве ягоны калега ангелец сказаў яму: «Мне трэба „Мёртвым не баліць“. Вярнуўшыся ў Менск, бацька распачаў вельмі актыўныя захады, каб у чатырохтомніку Быкава была гэта аповесьць. Памятаю, сам Быкаў здаўся, сказаў: ня трэба змагацца, ты толькі нажывеш сабе бяды. Але бацька вырашыў ісьці да канца. Гэта было вельмі нэрвова, спачатку быў загад зьняць дырэктара імгненна, потым быў новы загад з Масквы, каб з галавы дырэктара „Мастацкай літаратуры“ волас ня ўпаў. Памятаю, мы тады ўсёй сям’ёй былі гатовыя цягам 24 гадзінаў пакінуць Беларусь. Мы ведалі, што сядзім на міне, якая можа выбухнуць у любы момант. Мы ўсёй сям’ёй падтрымлівалі бацьку як маглі».


Скобла: «Тут я, Ірына, прыгадваю радкі зь верша вашай сястры Галіны Дубянецкай: „тата Бастыльлі крушыць, мама гадуе півоні“. Атрымліваецца, што камяні з гэтых разбураных Бастыльляў закочваліся проста ў хату?»


Дубянецкая: «Камяні закочваліся ўвесь час, але бацька быў вельмі сьмелы ў сваіх выказваньнях і думках, ён быў проста адважны чалавек. Як ужо сказаў Леанід, сапраўдная інтэлігентнасьць не сумяшчальная са страхам, у тым ліку са страхам за сваю пасаду і за сваю сям’ю. Бо калі ты жывеш у страху, ты хлусіш сваёй сям’і. Бацька выхоўваў нас у праўдзе. І мама, якая „гадавала півоні, а не крушыла Бастыльлі“, калі ён пачынаў гаворкі на кухні, зачыняла дзьверы, каб не было чуваць. Гэта былі гаворкі пра ўсё — у тым ліку пра палітычную сытуацыю ў краіне. Памятаеце, лёзунг позьняй брэжнеўшчыны „Эканоміка павінна быць эканомнай“? Тады ЦК выдаў загад эканоміць на ўсім. На паперы, на шрыфтах. Бацька на нейкім паседжаньні ў ЦК КПБ тады сказаў: „Вы хочаце ператварыць краіну ў Таварыства сьляпых?“ І ім не было чым крыць».


Скобла: «І яшчэ адзін істотны факт біяграфіі Міхася Дубянецкага: ён старшыняваў на тым сходзе „Мартыралёгу Беларусі“, які адбыўся 19 кастрычніка 1988 году ў менскім Чырвоным касьцёле (тады — Доме кіно), на якім быў створаны Аргкамітэт БНФ. Вы, спадар Сяргей, здаецца, на тым сходзе таксама прысутнічалі?»


Законьнікаў: «Прысутнічаў. Стварэньне і Мартыралёгу, і Аргкамітэту БНФ ішло з самым актыўным удзелам Міхася Фёдаравіча. Ён з Зянонам Пазьняком яшчэ раней вёў перамовы. Тое паседжаньне Дубянецкі вёў вельмі строга, таму што яму перашкаджаў з самага пачатку Расьціслаў Бузук, прадстаўнік ЦК. Міхась Фёдаравіч быў бледны, Васіль Уладзімеравіч Быкаў быў бледны, але яны абодва ўтрымаліся ля мікрафону. А Дубянецкага пачалі проста фізычна адпіхваць ад мікрафону, проста фізычную сілу прымянілі, але паседжаньне не ўдалося сарваць».


Скобла: «Ужо амаль дзесяць гадоў, спачатку ў часопісе „Полымя“, цяпер — у часопісе „Дзеяслоў“, друкуецца дзёньнік Міхася Дубянецкага. Ірына, як доўга працягнецца публікацыя гэтага незвычайнага жыцьцяпісу вашага бацькі?»


Дубянецкая: «Мне складана адказаць на гэтае пытаньне. Бацька пісаў свае дзёньнікі патаемна, начамі. Ніхто пра іх ня ведаў. Потым частка дзёньнікаў знайшлася, але мы дагэтуль ня ведаем, дзе запісы апошніх гадоў, калі праходзіла самае інтэнсіўнае грамадзкае жыцьцё. Зусім нядаўна знайшліся дзёньнікі за яшчэ адзін год».


Дранько-Майсюк: «Дзёньнікавыя запісы Дубянецкага друкуюцца пад назвай „Трэба рызыкаваць“. І гэтыя словы спалучаныя ў нашай сьвядомасьці зь Міхасём Дубянецкім. Для мяне асабіста гэтыя дзёньнікі — працяг той вялікай мэмуарнай літаратуры, да якой належаць такія выдатныя творы, як „Споведзь“ Ларысы Геніюш, „Аповесьць для сябе“ Барыса Мікуліча, „Лісткі календара“ Максіма Танка. Калі дзёньнікі Міхася Дубянецкага выйдуць асобнай кнігай, гэта будзе ў нашым беларускім культурным полі вялікай падзеяй».

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG