Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Дубянецкі


Уладзімер Арлоў, Менск 4.3. 1927 в. Востраў (цяпер Пінскі раён) – 3. 9. 1990, Менск (Эфір 23 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

У дзяцінстве заходнебеларускі хлопчык Міхал стаў сьведкам таго, як увосень 1939-га чырвонаармейцы, што патрабавалі называць іх “вызваліцелямі”, расклалі каля школы вогнішча з кнігаў. Савецкі афіцэр кідаў у полымя ўсё, што было надрукавана “не по-русски”. Як мне ўяўляецца, тое вогнішча і запраграмавала стаўленьне Дубянецкага да новай улады. Тым больш, што неўзабаве НКВД арыштавала за антысавецкую агітацыю ягонага бацьку.

На першы погляд, Міхал Дубянецкі рабіў пасьпяховую кар’еру: скончыў Рэспубліканскую і Вышэйшую партыйныя школы, працаваў на адказных пасадах у менскіх выдавецтвах, з посьпехам займаўся літаратурнымі перакладамі зь некалькіх моваў, быў прызначаны інструктарам сэктару друку ЦК КПБ... Яму зайздросьцілі, але Міхал Хведаравіч не лічыў, што жыцьцё ўдалося. Ён быў з тых, хто ня проста разумеў антычалавечую сутнасьць таталітарызму, але і рыхтаваўся кінуць яму выклік.

Шчодра надзелены арганізатарскімі здольнасьцямі, Дубянецкі шмат зрабіў для разьвіцьця ў Беларусі энцыкляпэдычнай справы. Калегі сьцьвярджаюць, што менавіта ён быў ініцыятарам шматтомнага выданьня твораў беларускага фальклёру. Ягоны талент кнігавыдаўца найбольш поўна раскрыўся на пасадзе дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Прымаючы на працу новага супрацоўніка, Дубянецкі зазвычай казаў: “Запомніце, вы прыйшлі працаваць рэдактарам, а ня цэнзарам”. Добра ведаючы “кухню” савецкай цэнзуры, ён здолеў давесьці да сустрэчы з чытачом шмат сумнеўных з гледзішча ўлады кнігаў, у тым ліку выдаў чатырохтомнік Васіля Быкава, уключыўшы туды крамольную аповесьць “Мёртвым не баліць”.

Уся лёгіка жыцьця Дубянецкага прывяла яго ў шэрагі тых, хто пры канцы 1980-х узяў на сябе адказнасьць за будучыню Беларусі. Ён быў сярод ініцыятараў стварэньня “Камітэту-58”, што падрыхтаваў Устаноўчы сход “Мартыралёгу Беларусі” 19 кастрычніка 1988 году. На тым гістарычным сходзе, дзе старшыняваў сп.Міхал, быў утвораны Аргкамітэт БНФ “Адраджэньне”.

Дубянецкі стаў адным з найактыўнейшых сяброў як Грамадзкай рады “Мартыралёгу” так і Аргкамітэту (а затым і першага Сойму) БНФ. Ён умеў трымаць удар. Ён быў побач з намі на векапомных агульнабеларускіх “Дзядах” 30 кастрычніка 1988-га. Ягоны ня гучны, але прасякнуты вераю ў сваю праўду голас прымушаў заціхаць шматтысячныя мітынгі.

Дубянецкага пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам, якому заставаўся яшчэ год да таго, каб стаць дзяржаўным.

Пасьмяротную публікацыю ягоных мэмуараў пад адметнай назваю “Трэба рызыкаваць...”, распачатую ў часопісе “Полымя” Сяргеем Законьнікавым, у траўні 2000 году помсьліва спыніў прызначаны ўладамі новы галоўны рэдактар М.Мятліцкі.
XS
SM
MD
LG