Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім гаспадарчым судзе сёньня аднаўляецца працэс супраць установы "Правы альянс", закрыцьця якой дамагаецца Менгарвыканкам.

Сёньня пазоў Менгарвыканкаму мае разглядацца па сутнасьці. Першае паседжаньне суду адбылося 15 верасьня. Судзьдзя Васіль Данілюк высьветліў, што ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму не адмовілася ад свайго пазову да "Правага альянсу" і настойвае на закрыцьці ўстановы. "Правы альянс" абараняецца.

Болей як 6 гадоў пад назвай "Правы альянс" спрабавала зарэгістравацца палітычная партыя правых кансэрватыўных поглядаў, але няўдала. З "Правым альянсам" адбывалася тое самае, што і зь іншымі апазыцыйнымі суб'ектамі палітычнага жыцьця ў апошнія гады — пад рознымі падставамі Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі адмаўляла.

У выніку летась была зарэгістраваная інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова "Правы альянс". Супрацоўнікі ўстановы кажуць, што партыя і ўстанова – не адно і тое ж, бо дзейнасьць у іх розная. У Менгарвыканкаме лічаць інакш. Чыноўнікі спасылаюцца на друкаваныя матэрыялы арганізацыі і на сайт з інфармацыяй палітычнага зьместу. Дырэктар установы "Правы альянс" Юрась Карэтнікаў раней даводзіў суду, чаму ня трэба верыць паперам і інтэрнэту:

"Высокі суд, мы лічым прэтэнзіі Менгарвыканкаму неабгрунтаванымі і мяркуем, што пазоў трэба адхіліць. Чаму? Інфармацыйна-кансталтынгавая ўстанова "Правы альянс" ня мае ніякага дачыненьня да гэтай брашуры і адміністраваньня гэтага сайту, хоць там у нечым і можа адлюстроўвацца дзейнасьць установы. Але, між іншым, пасьля атрыманьня пазову мы азнаёміліся з сайтам і ніякай спасылкі на нашу ўстанову там не знайшлі".

Супрацоўнікі ўстановы "Правы альянс" заяўлялі ў судзе, што распачалі і праводзяць кампанію змаганьня з травянымі сумесямі "Спайс", "Крысталіюс" і іншымі, якія, хоць і ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы, яшчэ нядаўна не былі забароненыя для продажу ў Беларусі. Таксама ўстанова актыўна вядзе кампанію "Анты-мак" па абмежаваньні продажу макавага насеньня, якое маладыя наркаманы выкарыстоўваюць для атрыманьня наркотыку.

Паводле Юрася Карэтнікава, за гэтую працу ўстанова мае шэраг падзяк ад высокіх чыноўнікаў. З другога боку, мяркуе дырэктар, тыя чыноўнікі, якія чамусьці зацікаўленыя ў распаўсюдзе шкодных сумесяў, арганізавалі перасьлед установы "Правы альянс".

Сёньня стане вядома, як да такіх аргумэнтаў бакоў паставяцца ў Менскім гаспадарчым судзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG