Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Правы альянс” спрабуюць ліквідаваць


дырэктар установы «Правы альянс» Юрась Карэтнікаў (справа) і заснавальнік ўстановы Аляксей Скуратовіч.

дырэктар установы «Правы альянс» Юрась Карэтнікаў (справа) і заснавальнік ўстановы Аляксей Скуратовіч.

У Менскім гаспадарчым судзе пачаўся разгляд пазову Менгарвыканкаму да ўстановы «Правы альянс». Чыноўнікі настойваюць на ліквідацыі «Правага альянсу», актывісты кажуць пра помсту за барацьбу з наркотыкамі.

Ліквідацыі ўстановы «Правы альянс» дамагаецца ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму на той падставе, што арганізацыя нібыта дзейнічае не адпаведна статуту. А менавіта займаецца палітыкай, у прыватнасьці, выпусьціла брашуру з прапагандай пэўных палітычных поглядаў. Вось як супрацоўніца юрыдычнай управы Менгарвыканкаму даводзіла гэта суду.

«Доказам гэтага ёсьць вось гэта брашура, дзе на 45-й старонцы сказана, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве мэтай установы «Правы альянс» ёсьць «заваяваньне палітычнай улады».

Таксама ў якасьці прыкладу пазастатутнай дзейнасьці адказьнікаў прадстаўніца Менгарвыканкаму назвала сайт, на якім зьмешчаная інфармацыя пра рэгістрацыю ўстановы «Правы альянс» у 2009 годзе. Адкуль зьявілася ў Менгарвыканкаме брашура зь інфармацыяй пра ўстанову «Правы альянс»? На гэтае пытаньне судзьдзі Васіля Данілюка прагучаў адказ, што ў Менгарвыканкам яна трапіла зь міністэрства юстыцыі, а адкуль яе ўзялі чыноўнікі міністэрства — невядома.

Ва ўстанове «Правы альянс» кажуць, што ня маюць дачыненьня да згаданай брашуры ды сайту, і што ўвогуле трэба разьмяжоўваць грамадзкую ініцыятыву па стварэньні палітычнай арганізацыі «Правы альянс» і інфармацыйна-кансалтынгавую ўстанову з такой жа назвай. Маўляў, першая ўжо шэсьць гадоў марна спрабуе атрымаць рэгістрацыю, другая была зарэгістравана год таму зь першай спробы. Чаму ж сталічныя ўлады цяпер пачалі змаганьне за ліквідацыю ўстановы «Правы альянс»?

Дырэктар установы Юрась Карэтнікаў кажа пра дзьве асноўныя вэрсіі.

«У красавіку цягам месяца нас правяралі на адпаведнасьць статуту нашай дзейнасьці па 18 пунктах і не знайшлі парушэньняў. Прычым тады таксама існаваў гэты сайт, праводзіліся нашы кампаніі. Таму нам таксама цікава, што стала прычынай іску аб ліквідацыі нашай арганізацыі? Магчыма, гэта зьвязана з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі, ці з нашай кампаніяй «Анты-мак».
Неўзабаве пасьля таго, як мы ініцыявалі кампанію „Анты-мак“ і пачаліся спробы ўціску на нашу структуру.


Установа «Правы альянс» праводзіць кампанію за забарону неабмежаванага продажу макавага насеньня і продажу празь інтэрнэт паўлегальных наркатычных сумесяў «Спайс», «Крысталіўс» ды іншых. Паводле актывіста кампаніі Аляксандра Гусева, за гэтую дзейнасьць «Правы альянс» мае падзяку ад Савета бясьпекі, ухваліў ініцыятыву міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Аляксандр Гусеў мяркуе, што гэтая дзейнасьць магла не падабацца тым, хто мае сваю долю ад незаконнага абароту наркатычных сумесяў і макавага насеньня.

«Відаць, што гэты бізнэс мае вельмі моцнае лобі ў органах улады. Неўзабаве пасьля таго, як мы ініцыявалі кампанію „Анты-мак“ і пачаліся спробы ўціску на нашу структуру».

У Менгарвыканкаме такія падазрэньні абвяргаюць. Што да іншых прычын пазову супраць установы «Правы альянс», намесьнік начальніка ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму Зьміцер Антаневіч даць камэнтар адмовіўся.

Працэс у Менскім гаспадарчым судзе супраць установы «Правы альянс» працягнецца 1 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG