Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ і партыя Качыньскага падпісалі сумесную дамову ў Варшаве


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
У Варшаве адбылася сустрэча старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, кандыдата ў прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва з старшынём партыі «Права і справядлівасьць» Яраславам Качыньскім і яго намесьнікам Адамам Ліпіньскім. Падчас сустрэчы палітыкі абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі і ва Ўсходне-Цэнтральнай Эўропе ды падпісалі сумесную дамову пра супрацоўніцтва.

У ёй у прыватнасьці адзначаецца, што абедзьве партыі маюць агульнае бачаньне Эўропы, у выніку чаго яны плянуюць ладзіць супрацоўніцтва па падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама моладзевых і культурніцкіх ініцыятываў. Таксама было дамоўлена пра падтрыку Саюзу палякаў у Беларусі ды беларускай меншасьці ў Польшчы. Пасьля падпісаньня дамовы ўдзельнікі сустрэчы далі прэс-канфэрэнцыю для прадстаўнікоў польскіх СМІ, дзе выклалі зьмест дамовы, падзяліліся сваім бачаньнем сытуацыі ў Беларусі.

У размове з Свабодай Аляксей Янукевіч адзначыў:

«Увага прэсы была насамрэч вялікай. Паводле маіх ацэнак, каля 30 ці нават болей журналістаў. Вельмі шмат тэлеканалаў, фотакарэспандэнтаў, пішучых карэспандэнтаў. Сутнасьць пытаньняў, якія задавалі і спадару Яраславу Качыньскаму і нам, палягала ў тым, ці рэальная зьмена Лукашэнкі. Тут наш адказ быў наступным: «Так, мы верым, што зьмена Лукашэнку магчымая, і мы працуем, каб яна адбылася ў часе гэтай выбарчай кампаніі.

Другім пытаньнем было пытаньне адносна пазыцыі Расеі. І тут пазыцыі спадара Яраслава Качыньскага, Рыгора Кастусёва і мая шмат у чым сышліся: Расея імкнецца павялічыць свой уплыў ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсім рэгіёне. І гэта такі досыць небясьпечны фактар. Што тычыцца Польшчы, то, паводле партыі Качыньскага, Варшава мусіць даць вельмі дакладны сыгнал адносна таго, што незалежная Беларусь, якая мае дэмакратычны ўрад без уплыву расейскага фактару, — у польскіх нацынальных інтарэсах. Паводле спадара Качыньскага, вельмі важна, каб гэта выразна і дакладна гучала».

Яраслаў Качыньскі пажадаў Партыі БНФ і Рыгору Кастусёву посьпехаў на выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG