Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сілы апазыцыі расьцярушаныя


29 верасьня завяршылася фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Аднак назваць усе прозьвішчы і нават агульную колькасьць сябраў камісіяў пакуль немагчыма. Выканкамы і саветы яшчэ завяршаюць працу. У ЦВК кажуць, што статыстычныя дадзеныя будуць вядомыя ў чацьвер, 30 верасьня.

Лідзія Ярмошына
У Беларусі падчас гэтых прэзыдэнцкіх выбараў створана 155 тэрытарыяльных камісіяў. Агульную колькасьць іх сябраў пакуль ня могуць назваць нават у Цэнтральнай выбарчай камісіі. Яе старшыня Лідзія Ярмошына тлумачыць:

«Тэрытарыяльная камісія фармуецца ў памеры ад 9 да 13 чалавек. Калі камісіі будуць у максымальным складзе, то конкурс на ўдзел у іх будзе — 1,3. Калі склад камісіяў будзе меншым, то, натуральна, і конкурс павялічыцца».

А вось колькасьць прэтэндэнтаў на месцы ў камісіях вядома дакладна — 2681. Прадстаўнікоў апазыцыі сярод іх толькі 70. Прычым, больш за палову вылучала партыя «Справядлівы сьвет». Апазыцыйныя лідэры тлумачаць такую нізкую актыўнасьць аднолькава — маўляў, у тэрытарыяльных камісіях бюлетэні ня лічаць, таму і асаблівай патрэбы трапляць у іх склад няма.

Аляксандар Класкоўскі
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі кажа: абсалютна такія ж аргумэнты гучалі і вясною ў час мясцовых выбараў:

«З аднаго боку, сапраўды, апазыцыйныя лідэры маюць рацыю — самае важнае зьвяно — гэта ўчастковыя камісіі. Менавіта тут літаральна рукамі лічацца галасы. Аднак няма ўпэўненасьці, што намаганьні будуць належным чынам сканцэнтраваныя вось у гэтым зьвяне. Таму што падобная рыторыка гучала і падчас мясцовых выбараў. А ў выніку высьветлілася, што нават калі б улада не фільтравала працэс, усё роўна толькі б невялічкая доля апазыцыянэраў трапіла б у камісіі. Таму што вылучэньне было слабаватым.

Зь вясны, я думаю, сілы апазыцыі не пабольшалі. Наадварот, ёсьць сымптомы таго, што яны яшчэ больш расьцярушаныя».

Мікалай Лазавік
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у размове з «Свабодай» напрыканцы сёньняшняга дня сказаў:

«У адпаведнасьці з плянам нашай працы канчатковая інфармацыя аб фармаваньні тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, іх складзе, колькасьці прадстаўнікоў розных сацыяльных слаёў і г.д., да нас паступіць заўтра. Я думаю, што тыя патрабаваньні, якія існуюць цяпер у нашым выбарчым заканадаўстве, напрыклад, пра тое, што ў камісіі павінна быць ня менш адной траціны прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў і ня больш адной траціны дзяржаўных чыноўнікаў, будуць выкананыя па ўсіх рэгіёнах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG