Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску допыты прайшлі, у Магілёве — чакаюць


На працягу сёньняшняга дня супрацоўнік сьледчага аддзелу менскай міліцыі Дзяніс Дышчанка дапытаў актывістку грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Алену Мядзьведзеву, яе мужа Сяргея Сініцкага і яе дачку Вераніку Папко. Апошняй, з кім сустрэўся міліцыянт, была суседка Мядзьведзевай Алена Чарнова.

На яе аформлены мабільны тэлефон, якім карыстаецца Мядзьведзева — гэта й стала нагодай для допыту. Плацёжную квітанцыю па аплаце паслуг мабільнай сувязі знайшлі міліцыянты ў ходзе ператрусу 18 траўня ў кватэры Мядзьведзевай.

Чарнова: «Я адразу сказала, што палітыкай не цікаўлюся. Ён тады запытаў, чаму я сябрую зь Мядзьведзевай, якая ёй займаецца: „Што больш няма з кім акрамя яе?“. Выпытваў у мяне сьледчы, ці была я на сустрэчах зь Някляевым. Я сказала, што была на двух, аднак да канца не дасядзела. Ён на сустрэчах чытаў свае творы».

Пытаньняў пра фінансаваньне бабруйскіх акцыяў «Гавары праўду» Чарновай сьледчы не задаваў.

Гэтыя пытаньні задаваліся Алене Мядзьведзевай і яе мужу Сяргею Сініцкаму.

Мядзьведзева: «Я мяркую, што на Някляева актыўна зьбіраецца кампрамат, каб потым яго скарыстаць падчас перадвыбарчай кампаніі лідэра „Гавары праўду“. Чатыры месяцы яны чакалі, бо Някляеў не заяўляў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Цяпер заявіў — і тут пачаліся допыты».

Калі ў Бабруйску допыты скончыліся, то ў Магілёве іх толькі чакаюць. Сёньня на допыт тэлефанаваньнем выклікалі мясцовага актывіста «Гавары праўду» Сяргея Лапуціна. Ён адмовіўся бяз позвы гутарыць зь міліцыянтамі. Яны паабяцалі яе прывезьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG