Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухачы абмяркоўваюць розныя аспэкты прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Асобы тых ці іншых патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта часам маюць супрацьлеглыя ацэнкі. Ці можа быць прэзыдэнтам краіны чалавек, які не размаўляе па-беларуску, ці будуць ва ўсіх кандыдатаў роўныя ўмовы і аднолькавы час для агітацыйнай кампаніі ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі?

Наш слухач з Салігорску параўноўвае ўмовы, у якіх давядзецца весьці перадвыбарчую агітацыю кандыдатам ад апазыцыі і Аляксандру Лукашэнку, і называе іх несправядлівымі:

«Я думаю, што вакол пануе несправядлівасьць, несумленнасьць, абсурднасьць. Вось ужо аб’яўлена прэзыдэнцкая кампанія па выбарах. Чаму на гэты пэрыяд Лукашэнку не прымусілі сысьці ў адпачынак? Дык хаця б яго трэба прыбраць з тэлеэкранаў. Ён жа суткамі сядзіць у экранах тэлевізараў, і кожны выпуск навінаў агітацыю за яго вядуць. Няўжо яго нельга абмежаваць? Мне здаецца, трэба зьвярнуць на гэта ўвагу суседніх дзяржаў, ад якіх будуць прысутнічаць назіральнікі. Якое ж гэта раўнапраўе? Адзін атрымае 15 хвілін, а другі — 10 раз па 15 хвілін у дзень. Несправядліва».

Мікола Статкевіч
Патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзыдэнта Мікола Статкевіч камэнтуе званок слухача:

«Я думаю, што было б правільна, калі б умовы ва ўсіх былі аднолькавыя. Але гэта немагчыма рэалізаваць у сёньняшніх умовах, бо такія ўмовы — для дэмакратычнай краіны, а ў нас да дэмакратыі вельмі далёка.

Ніякія звароты да іншых краінаў у гэтым накірунку плёну не дадуць. Самім трэба вырашаць свае праблемы».


Наш слухач выказвае сваё меркаваньне наконт таго, ці павінен кандыдат на пасаду прэзыдэнта ведаць беларускую мову і размаўляць на ёй:

«Я лічу, што нам трэба абраць прэзыдэнта, які размаўляе на беларускай мове. Я вось паслухаў Цярэшчанку — у яго мова, як у Лукашэнкі, — расейская. А вось Уладзімер Някляеў мне падабаецца, у яго наша родная прыгожая гістарычная мова. А Лукашэнку час сыходзіць у адстаўку»


Вінцук Вячорка
Палітык Вінцук Вячорка камэнтуе гэтае выказваньне:

«У краінах Цэнтральнай Азіі, дзе, безумоўна, да дэмакратыі вельмі далёка, увялі моўны крытэр як адборачны для кандыдатаў на прэзыдэнта. Там прэзыдэнтам ня можа быць чалавек, які не валодае мовай дзяржаваўтваральнага народу. Як для кансалідацыі народу і нацыі ўнутры краіны, так і для пазыцыянаваньня дзяржавы за мяжой, мова ў вуснах галавы дзяржавы абсалютна неабходная. Гэта ня толькі функцыянальны, але й знакавы чыньнік. Таму любы чалавек у нармальнай краіне, які прэтэндаваў бы на высокія дзяржаўныя пасады і ня толькі прэзыдэнцкую, абавязаны валодаць дзяржаўнай мовай».


Наш слухач вырашыў набыць Выбарчы Кодэкс у кнігарні. Высьветлілася, што за 10 гадоў ён стаў каштаваць у 10 разоў больш.

«Сёньня зайшоў у краму, каб набыць Выбарчы Кодэкс. Дык вось, у мяккай вокладцы ён каштуе амаль 9 тысяч. Прыехаўшы дадому, дастаў стары кодэкс 2000 году, паглядзеў на цану — 959 рублёў. Цікава, які быў сярэдні заробак у 2000 годзе, каб параўнаць цэны?

І другое назіраньне: вось па тэлевізіі ўжо паказваюць пасяджэньне, як дэпутат Давыдзька, тэатрал наш вядомы, гаварыў пра нейкія адмацавальныя талёны, потым у навінах паказвалі яго ж інтэрвію.

Таксама ён гаварыў пра нейкія адмацавальныя талёны для студэнтаў, што будзе занадта шмат валтузьні. Пагартаўшы Кодэкс, я бачу, што ніякіх адмацавальных талёнаў ён ня ўтрымлівае. Што гэта за дэпутаты, якія жывуць учорашнім, а то і заўчорашнім днём?»


Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG