Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаны на 19 сьнежня 2010 году. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

"Палата прадстаўнікоў з патугамі прыняла рашэньне аб прызначэньні даты выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Тут шмат пытаньняў наконт назіральнікаў, падлікаў галасоў. Калі Лукашэнка захоча зрабіць празрыстыя выбары, то калі ласка — пастаўце лічбавыя камэры, хай любы чалавек на любым выбарчым участку глядзіць, як ідзе падлік. Ня трэба назіральнікаў — паказвай камэры".

"Мы ў вёсцы, простыя жанчыны, ведалі, што выбары будуць да Новага году, бо ён робіць перадвыбарнае турнэ па ўсёй Беларусі: па заводах, па палях, па фэрмах, абяцае прадпрымальнікам, бальніцам, школам. Яны зь Ярмошынай плянавалі зрабіць турнэ, потым зладзіць выбары да Новага году — мы даўно гаварылі, што так яно і будзе".

Мар’я Іванаўна:
"Пачуўшы па "Свабодзе", што выбары ўжо на носе, я хачу зьвярнуцца да Пуціна. Дапамажыце, як толькі можаце, адсунуць Лукашэнку ад улады, каб Ярмошына не зрабіла фальсыфікацыю выбараў, як заўсёды. Як жа абрыдлі яны! Божанька, дапамажыце!"

Андрэй, Салігорск
: "Вакол пагрозы, у інтэрнэце пагрозы, Калінкінай пагрозы… дык, Госпадзе: гарант Канстытуцыі — якое ж ён мае права выстаўляць сваю кандыдатуру?! Ён ня мае права. І юрысты павінны ўсур’ёз гэтым заняцца! Ён ня мае права выстаўляцца на наступны незаконны тэрмін! Гэта антызаконна, антынародна!"

Выказваньне камэнтуе юрыст праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хэльсынскі камітэт" Гары Паганяйла:

"Цалкам згодны са сьцьвярджэньнем гэтага слухача. Як кажуць у народзе, ёсьць "стопудовыя" прававыя падставы лічыць ініцыяваны ім рэфэрэндум 17 кастрычніка 2004 году незаконным і неканстытуцыйным. Што прывяло да ўзурпацыі ўлады і ўлады аднаго чалавека на неабмежаваны тэрмін".

Далей слухачы камэнтуюць паведамленьне невядомага, зьмешчанае ў інтэрнэце, што кіраўнік ураду Расеі Ўладзімер Пуцін загадаў рыхтаваць замах на Аляксандра Лукашэнку:

Ціна: "Тое, што ўчора пачула, заяву нейкага прадстаўніка спэцслужбаў з зашыфраваным голасам — гэта лухта, чарговая правакацыя спэцслужбаў, якія жыруюць за кошт Лукашэнкі і сапраўды хочуць яшчэ нейкіх унёскаў — паразыты!"

Зіноўеў: "Такое адчуваньне, што тэкст для засланага казачка пісаўся ў більярднай менскага клюбу імя Дзяржынскага. Бо спэц пуцінскі ня ведае, дзе вёска Александрыя, але тут такое веданьне Дажынак, што толькі ў клюбе імя Дзяржынскага такія варыянты маглі прыйсьці ў галаву".

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG