Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах згадалі 250 дзён абароны


Вячаслаў Сіўчык — адзін з арганізатараў абароны Курапатаў.

Вячаслаў Сіўчык — адзін з арганізатараў абароны Курапатаў.

Ва ўрочышчы Курапаты, дзе знаходзіцца мэмарыял ахвярам палітычных рэпрэсіяў 30-х гадоў 20 стагодзьдзя, згадвалі, як 9 гадоў таму пачыналася абарона Курапатаў ад будаўнічай тэхнікі.

Больш за 20 актывістаў «Маладога фронту», іншых дэмакратычных арганізацый і жыхары Менску сабраліся ў Курапатах, каб згадаць, з чаго пачыналася абарона мэмарыялу, і падкрэсьліць адданасьць тым ідэям, якія ў верасьні 2001 году паклікалі дзясяткі людзей на мужны ўчынак.



Сузаснавальнік Партыі БХД Павал Севярынец згадваў падзеі 20 верасьня 2001 году.

«Калі мы прыехалі, бульдозэры тут ужо трушчылі дрэвы, крыжы былі зламаныя на кавалкі. А нас было ўсяго некалькі маладафронтаўцаў. І ў галаве ў мяне было толькі, што вось мы зараз паспрабуем утаймаваць гэтага п’янага бульдазэрыста, гэтых рабочых і паедзем назад, ва ўправу. Але мы ўбачылі, што ў іх ёсьць загад, што яны ставяць сваю тэхніку проста супроць людзей, і ўсё. І ўрэшце, калі ён паехаў на апошнія крыжы, мы сталі ланцугом упоперак».

Павал Севярынец

Як звычайна бывае пасьля нейкай гістарычнай падзеі, згадкі пра яе супярэчлівыя. Зьміцер Касьпяровіч, які таксама сёньня дзяліўся ўспамінамі пра пачатак абароны Курапатаў, згадаў пра 19 верасьня. Паводле Зьмітра Касьпяровіча, увечары таго дня яму пазваніла знаёмая актывістка і распавяла пра спробу сваіх аднадумцаў спыніць будаўнічыя працы ў Курапатах. Але, як паведаміла знаёмая Касьпяровічу, гэта не ўдалося, добраахвотнікаў проста разагналі будаўнікі. Але ўжо 20 верасьня да канца дня на абарону Курапатаў паўсталі дзясяткі людзей, зь якімі не лічыцца было немагчыма.

Кіраўнік Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч таксама згадаў: пасьля першай перадачы Радыё Свабода пра пачатак абароны Курапатаў пачалі прыяжджаць зусім незнаёмыя людзі, прывозіць вопратку, харчы, падтрымліваць маральна. Тады абаронцы зразумелі, што перамога магчымая, згадвае актывіст.

Сёньня ў Курапатах гучалі імёны некаторых зь дзясяткаў вэтэранаў таго 250-дзённага змаганьня. Згадвалася, як Алесь Поклад ледзь не згарэў у намёце, які падпалілі правакатары. Як Хведара Жывалеўскага ледзь не засыпаў пяском бульдозэр, але абаронца Курапатаў не сышоў зь месца. Згадвалі нябожчыка, незалежнага журналіста Ўладзімера Кармілкіна, які стварыў сапраўдны фоталетапіс абароны Курапатаў. Гучалі імёны Любові Сакалоўскай, Яўгена Афнагеля ды дзясяткі іншых. 82-гадовы Вацлаў Нямковіч, які жыве побач, распавёў пра тое, што і пасьля ўратаваньня Курапатаў цягам 9 гадоў працягваецца змаганьне за захаваньне мэмарыялу. Яму ўжо тройчы даводзілася аднаўляць мэмарыяльны надпіс на ўваходзе пасьля дзеяньняў вандалаў:

«Бачым, маладзёны ўжо нясуць гэтыя літары ад надпісу, адарваныя. А раней мы іх бачылі, такія „заведзеныя“ былі, відаць, пад наркотыкамі. І пачаў я іх прасіць ды сароміць, каб аддалі тыя літары. І яны аддалі. Потым мы іх да мяне ў кватэру на Каліноўскага аднесьлі, і я ўсе аднавіў».

Вацлаў Нямковіч

Здаля за сходам назіралі міліцыянты і людзі ў цывільным, але мерапрыемству не перашкаджалі.


Варта нагадаць, што толькі адна з шматлікіх спраў аб вандалізьме ў Курапатах скончылася тым, што злачынцаў знайшлі, але і тым разам яны фактычна пазьбеглі пакараньня. Раней ніхто з будаўнікоў, якія руйнавалі Курапаты, а таксама з чыноўнікаў, які кіравалі гэтымі дзеяньнямі, таксама не панёс ніякага пакараньня.
XS
SM
MD
LG