Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Урочышча Курапаты Менскага раёну
Тут з 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году цягам 250 дзён адбывалася кругласутачная народная вахта ў абарону пахаваньняў ахвяраў бальшавіцкага тэрору ад разбурэньня пры будаўніцтве дарогі. У часе вахты адбыліся жорсткія сутычкі зь міліцыяй. Пралілася кроў.
Кульмінацыя шматмесячнага супрацьстаяньня абаронцаў Курапатаў з будаўнікамі, якім было загадана пашырыць менскую кальцавую дарогу, наступіла 8 лістапада 2001 году. Удзень бульдозэры зруйнавалі крыжы, а ўвечары спэцназаўцы напалі на лягер абаронцаў, зьбіваючы людзей кулакамі, нагамі, дубінкамі, утоптваючы іх у раскіслы восеньскі жвір, кідаючы іх, як дровы, у машыны і вывозячы ў пастарункі. Лес поўніўся крыкамі, стогнамі. Мастака Рыгора Кійка зьбілі да крыві, да страты прытомнасьці.

Але гэты гвалт не зламаў людзей, — кажа былы лідэр “Маладога Фронту” Павал Севярынец:

“Пасьля разгону і бурэньня намёту быў проста адчай. Але некалькі чалавек, сабраўшыся ў лесе, вырашылі стаяць да канца — аднаўляць намёт, аднаўляць варту, аднаўляць крыжы. І ўсю ноч мы пілавалі і зьбівалі гэтыя крыжы. І якім жа шокам для амапаўцаў і будаўнікоў было зьяўленьне новых крыжоў за гэтую ноч!..”

На наступны дзень народу сабралася яшчэ болей. Людзі ўсталёўвалі новыя крыжы, бульдозэры іх руйнавалі. Курапаты былі ачэпленыя спэцназам. Успамінае актывіст Партыі БНФ-КХП Уладзімер Юхо, які бараніў крыж, пастаўлены ім у памяць свайго рэпрэсаванага дзеда:

“Крыж з расьпяцьцем Хрыста быў ампаўцамі і людзьмі ў цывільным зьнесены няведама куды. Тады было зьнішчана больш за сто крыжоў. На другі дзень, 9 лістапада, я быў зноў у Курапатах і ўсталяваў яшчэ адзін крыж і не даваў яго засыпаць. Ён так пад палатном і застаўся”.

Больш за паўсотні чалавек былі аштрафаваныя, некалькіх арыштавалі. Дзясяткі былі зьбітыя.

Кругласутачная вахта ў Курапатах працягвалася з 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Кожны дзень з Курапатаў гучалі рэпартажы Радыё Свабода, сабраныя пазьней у кнізе “Дарога праз Курапаты”. У абароне бралі ўдзел сотні чалавек — і вэтэраны апазыцыйнага руху, і зусім юныя “маладафронтаўцы”, “зубры”. Нямала было і дзяўчат, жанчын. У намёце яны сустрэлі і новы 2002 год.

Менавіта ў гэтыя 250 гераічных дзён і начэй Курапаты сталі народным мэмарыялам. Народ паставіў тут крыжы памяці па сотнях тысяч ахвяраў чырвонага тэрору. Народ абараніў магілы і крыжы ад новай улады, якая гэтым гвалтам пацьвердзіла сваю пераемнасьць са сталінізмам.


  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG