Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выступіў на зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Чакалася, што ён аб’явіць пра свой удзел у новых прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата, аднак гэтага не адбылося. Тым ня менш выступ Аляксандра Лукашэнкі на зьезьдзе афіцыйных прафсаюзаў нагадваў перадвыбарчы. Ён заявіў, што чарговая пяцігодка павінна стаць «пэрыядам абнаўленьня».


Кіраўнік краіны паабяцаў, што ў Беларусі будуць падвышацца заробкі і пэнсіі, ня будуць скарачацца заробкі дзяржслужачым, ня будзе падвышэньня пэнсійнага ўзросту і гэтак далей. Ён назваў беспадстаўнымі папрокі ў тым, што ўлада перад выбарамі паддобрываецца да народа, павышаючы заробкі. Лукашэнка заявіў, што яму непатрэбнае прэзыдэнцтва, калі людзі будуць думаць, што да іх паддобрываюцца.

Камэнтуючы гэтыя заявы, палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што Лукашэнка скарыстаў трыбуну ФПБ, каб дэ-факта прэзэнтаваць сваю перадвыбарчую праграму:

«І, натуральна, тэзы зробленыя так, каб спадабацца шырокім слаям электарату. Але гэта звычайныя тэзы, нічога наватарскага ў іх няма. І калі раней пад гэтыя тэзы быў грунт вялікай эканамічнай падтрымкі з боку Расеі, то сёньня, як вядома, з Расеяй Лукашэнка на нажах. І на чым будуць трымацца вось гэтыя абяцаньні цяжка сказаць».

Таксама ў сваім выступе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусі перашкаджаюць рэалізаваць альтэрнатыўныя пастаўкі энэрганосьбітаў у краіну. Маўляў, «уключыўся вядомы зьнешні рычаг», паражняком стаяць трубы, яны не працуюць, але блякуюцца. Лукашэнка заявіў, што незалежнасьць і сувэрэнітэт «каштуюць вельмі дорага».

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, Украіна адмовіла ў выкарыстаньні нафтаправоду «Адэса-Броды» для транспартаваньня вэнэсуэльскай нафты. Прыбалтыйскія краіны таксама ня маюць намеру выкарыстоўваць нафтаправод для перапампоўваньня гэтай нафты з балтыйскіх партоў:

Расея не забараняе ў Расеі купляць нафту па тых цэнах ці нават ніжэйшых за тыя цэны, па якіх Беларусь купляе нафту ў Вэнэсуэлы.
«Але гэта ня ставіць Беларусь у нейкія дрэнныя ўмовы, бо Расея не забараняе ў Расеі купляць нафту па тых цэнах ці нават ніжэйшых за тыя цэны, па якіх Беларусь купляе нафту ў Вэнэсуэлы. Таму тут няма праблемы, якую агучыў прэзыдэнт».

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня мае намеру ўмешвацца ў працэс стварэньня палітычных партый і грамадзкіх арганізацый у краіне, ладзячы «партыйныя гульні». Маўляў, яму падкідалі ідэі «пагуляць у партыйнае будаўніцтва», стварыць у краіне падкантрольную партыю. Ён паабяцаў далей супрацоўнічаць з ФПБ і іншымі «нармальна» настроенымі «слупамі» грамадзтва. Пры гэтым Лукашэнка зноў абрынуўся на апазыцыю, якую назваў «ворагамі народа».

Класкоўскі: «Гэта хутчэй такія рытуальныя загаворы, абуджэньне вядомых прапагандысцкіх стэрэатыпаў. Сёньня апазыцыя, пры тым, што яна мае тэарэтычна большыя шанцы, бо Расея цісьне як ніколі, у той жа час расьцярушаная як ніколі. Таму гэтыя заявы рытуальныя, і гэта не абавязкова сьведчыць, што кампанія будзе брутальнай. Бо перад рэжымам і яго кіраўніком абвастрылася праблема легітымацыі, прычым і з боку Расеі таксама».

Раней старшыня ФПБ Леанід Козік заявіў, што яго арганізацыя падтрымае Аляксандра Лукашэнку ў выпадку яго вылучэньня кандыдатам на пасаду кіраўніка краіны. Ён выказаў гатоўнасьць сабраць подпісы ў яго падтрымку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG