Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Помнік Льву Сапегу паставілі, нягледзячы на пратэст праваслаўнага сьвятара


Леў Сапега

Леў Сапега

Помнік зьявіўся ў райцэнтры Лепель Віцебскай вобласьці — гэты горад быў заснаваны Львом Сапегам, знаным палітыкам, дыпляматам, адным з самых уплывовых дзяржаўных дзеячаў у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.

Ініцыятыва ўсталяваць помнік на беразе возера побач з касьцёлам сьвятога Казіміра належала пробашчу мясцовай парафіі ксяндзу Андрэю Аніскевічу.

Ксёндз Андрэй распавёў, што да гэтай ідэі дужа няўхвальна паставіліся мясцовыя праваслаўныя сьвятары, адзін зь іх нават накіраваў ліст у гарвыканкам, каб помнік ставіць забаранілі. У першую чаргу таму, што ён нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і, а напрыканцы жыцьця прыняў каталіцкую веру, а таксама з тае нагоды, што ў яго часы ВКЛ і Рэч Паспалітая варагавалі з расейскай дзяржавай.

У гарвыканкаме, кажа ксёндз Андрэй, ліст прачыталі, але рашэньня не зьмянілі — бо імя Льва Сапегі непарыўна зьвязана з гісторыяй Лепеля, які ўпершыню згадваецца ў 1439, як вёска і маёнтак на востраве Лепельскага возера.

У 1563 г. паселішча атрымала статус гораду (цяпер вёска Стары Лепель). А ў 1586 г. Леў Сапега заснаваў у вёсцы Белая, за тры кілямэтры ад яго, мястэчка Белы Лепель або Новы Лепель, куды былі перанесены гандлёвы цэнтар, а таксама пабудаваныя замак, царква і касьцёл. Такім чынам пачалася гісторыя сучаснага Лепеля, дзе жывуць каля 18 тысяч чалавек.

Адкрыцьцё помніка адбылося 11 верасьня, у Дзень горада. Помнік стварыў скульптар Леў Аганаў, дарэчы, аўтар помніка Папу Рымскаму Бэнэдыкту ХVI, усталяванаму каля касьцёла сьвятога Тадэвуша ў мястэчку Лучай Пастаўскага раёна. Агульная вышыня помніка з пастамэнтам каля 3,5 мэтраў. Бронзавы Леў Сапега стаіць, трымаючы ў правай руцэ булаву — адзнаку гетманскай улады, а левай абапіраецца на эфэс шляхецкай шаблі.

Дарэчы, падкрэсьліў ксёндз Андрэй, канструктыўна помнік зроблены так, каб яго не маглі пашкодзіць вандалы — рука з булавой прыціснута да цела скульптурнага героя, і гэта не дазволіць адпілаваць фрагмэнт, калі знойдуцца ахвотныя паквапіцца на дарагі каляровы мэтал. Днямі вакол плянуюць падключыць і камэры відэаназіраньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG