Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначалі ўгодкі Лява Сапегі на Гарадзеншчыне?


Радыё Свабода, Горадня 450-годзьдзе з дня нараджэньня Лява Сапегі сёньня на Гарадзеншчыне адзначылі толькі навукоўцы: у Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы пачалася міжнародная канфэрэнцыя. Палітычнага, грамадзкага й вайсковага дзеяча, дыплямата, мысьляра, аўтара Статуту Вялікага княства Літоўскага навукоўцы назвалі чалавекам трэцяга тысячагодзьдзя.

Сапега імкнуўся рэалізаваць ідэал прававой дзяржавы

Ініцыятарам канфэрэнцыі выступіла прафэсар Сьвятлана Марозава. Яна цьвердзіць, што ў Горадні існуе, па-першае, выдатная гістарычная школа, а, па-другое, Леў Сапега меў наўпростае дачыненьне да гэтага гораду.

Марозава: “Несумненна, між Горадняй і Сапегам маецца гістарычная сувязь. Сапега быў у ліку апошніх дзяржаўных мужоў, які ў Старым замку знаходзіўся побач са Стэфанам Баторам у апошнія яго хвіліны. Менавіта Сапега пісаў урадоўцам у Вільню паведамленьне пра сьмерць караля й склікаў іх сюды, у Горадню, дзеля вырашэньня неадкладных спраў”.

На канфэрэнцыі сёньня шмат каго з навукоўцаў уразіў даклад дасьледчыка зь Берасьця Генадзя Праневіча “Леў Сапега – чалавек трэцяга тысячагодзьдзя”. Аўтар паказаў Сапегу як практычнага палітыка, які яшчэ ў ХVІ ст. імкнуўся рэалізаваць ідэю гуманізму ў сацыяльным жыцьці, рэалізаваць ідэал прававой дзяржавы, ідэю свабоды чалавечай асобы, стварыць прававыя гарантыі.

Г.Праневіч: “На сёньняшні дзень такой асобы, унівэрсальна адоранай... мы ня маем”.
Я запытаўся ў спадара Праневіча, каго з сучасных беларускіх палітыкаў ён паставіў бы побач зь Лявом Сапегам:

Праневіч: “На сёньняшні дзень такой асобы, унівэрсальна адоранай, якая спалучала б у сабе якасьці выдатнага палітыка, гуманіста, культуроляга, філёзафа, чалавека, які мог бы так дасканала бачыць шлях да рэалізацыі ідэалаў, мы ня маем”.

У іншых месцах мерапрыемствы плянаваліся, але не адбыліся

Што датычыць адзначэньня юбілею канцлера Сапегі ў Гарадзенскай вобласьці, то правядзеньне адпаведных мерапрыемстваў плянавалася ў некалькіх гарадах, аднак сёньня нічога нідзе не адбывалася. У Лідзе, напрыклад, як паведаміў мне супрацоўнік музэю Валеры Сьліўкін, былі заплянаваны некалькі лекцыяў у школах, але іх не адбылося.

Сябра ТБМ Станіслаў Суднік зьвярнуўся да ўладаў гораду Ліды з тым, каб адну з вуліц назвалі імём Лява Сапегі.

Як паведамілі ў рэдакцыі “Газэты Слонімскай”, у горадзе сёньня не наладжваецца ніякіх імпрэз, але наагул спадзяюцца, што тут мае зьявіцца помнік Ляву Сапегу.

“Постаць Сапегі можа зьяднаць усіх грамадзян краіны, незалежна ад іхных палітычных поглядаў”

Сябра фонду Лява Сапегі, гісторык і краязнаўца з Горадні Ўладзімер Хільмановіч кажа, што іх фонд прапанаваў яшчэ напачатку году дзяржаўным і грамадзкім арганізацыям абвясьціць год памяці Лява Сапегі. Сам фонд ніякіх мерапрыемстваў ня ладзіць, бо не валодае на гэта сродкамі.

Кажа Ўладзімер Хільмановіч:

“Канечне, гэты юбілей мусілі адзначаць у самых лепшых залях краіны. Гэта павінна было прагучаць у парлямэнце. Бо такі дзень – вялікае нацыянальнае сьвята. Да таго ж, постаць Л.Сапегі можа зьяднаць усіх грамадзян краіны, незалежна ад іхных палітычных поглядаў”.
XS
SM
MD
LG