Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Латвійская кампанія пераводзіць нерэнтабэльную вытворчасьць у Гомель


Латвійская кампания Liepajas papirs («Папера Ліепаі») 30 жніўня аб’явіла пра стварэньне ў Гомелі беларуска-латвійскага сумеснага прадпрыемства па выпуску паліграфічнай прадукцыі, якое пачне працаваць у наступным годзе.

Як паведамляе сайт Бизнес&Балтия, латвійскае прадпрыемства плянуе перавезьці ў Беларусь 6 старых паліграфічных машын, падрыхтаваць пэрсанал, і ў першай палове наступнага года пачаць вырабляць этыкетачную прадукцыю коштам 70 тысяч эўра ў месяц. Сума пакуль мізэрная. Сваё рашэньне кіраўніцтва латвійскай кампаніі тлумачыць больш таннай працоўнай сілай і нізкімі вытворчымі выдаткамі.

«Суседнюю рэспубліку часьцяком называюць паліцэйскай дзяржавай, але гэта стабільная дзяржава зь яснымі правіламі гульні, а галоўнае — вытворчыя выдаткі ніжэйшыя», — менавіта так тлумачыць свае матывы старшыня праўленьня Liepajas papirs Яніс Вілніціс. Паводле ягоных словаў, у Беларусі будзе выпускацца больш танная прадукцыя, вытворчасьць якой ужо эканамічна немэтазгодная ў самой Латвіі, для далейшага збыту на рынках Расеі, Беларусі і Казахстана.

Латвійскай кампаніі неабходна тэрмінова вызваліць свае вытворчыя памяшканьні для мадэрнізацыі вытворчасьці — пастаўкі новага абсталяваньня па выпуску этыкетак коштам у 1 мільён эўра. Прадукцыя, вырабленая на новым абсталяваньні, будзе прадавацца ў самой Латвіі і іншых краінах Эўразьвязу, у той час як выдаткі на мадэрнізацыю будуць часткова пакрывацца за кошт эксплюатацыі старога абсталяваньня на СП у Гомелі, дзе ёсьць ня толькі танная працоўная сіла, але пакуль яшчэ і танная электраэнэргія.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG