Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У часе Беларускага інвэстыцыйнага форуму ў Лёндане была заключаная дамова пра намер збудаваць на Гарадзеншчыне вугальную электрастанцыю коштам звыш 1 мільярда даляраў. Праект мае рэалізоўвацца ў пасёлку Зэльва. Як ставяцца да гэтага намеру навукоўцы? Наколькі адпавядае інфармаванасьць насельніцтва Беларусі пра будаўніцтва ТЭЦ Орхускай канвэнцыі, выконваць якую афіцыйны Менск абавязаўся з 2001 году?

У інтэрвію газэце “Белорусы і рынок” начальнік упраўленьня пэрспэктыўнага разьвіцьця “БелЭнерга” паведаміў, што Мінэнэрга і польская кампанія “Кульчык Холдынг”падпісалі дамову аб сумеснай рэалізацыі праекту будаўніцтва вугальнай кандэнсацыйнай электрастанцыі, а таксама інфраструктуры, неабходнай для экспарту вырабленай там электраэнэргіі ў Польшчу.

Праект будзе рэалізоўвацца ў мястэчку Зэльва на Гарадзеншчыне. Магутнасьць электрастанцыі разьлічаная на ўнутраныя беларускі ды польскі рынкі і мае скласьці 1,6 тысячы МВт. А працаваць электрастанцыя будзе на польскім вугалі. Гэтае паліва, на погляд Міхаіла Малько, кандыдата фізычных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Ядзернага цэнтру ў Соснах, — сапраўдная атрута для экалёгіі рэгіёну.

“Калі пабудуюць нам цеплавую электрастанцыю кшталту тых, якія працуюць у Польшчы, — нам будзе канец. Станцыя, якая мае магутнасьць 740 тысяч кВт электрычных (гэта меней за чарнобыльскі рэактар,
Горшай па экалёгіі за цеплавую электрастанцыю на вуглі — няма.
чарнобыльскі меў мільён кВт), а там — недзе пад 700. Дык гэта давала ў год 155 тысяч тон сярністага газу, які ператвараецца ў серную кіслату. Яна капае зьверху. Вось за савецкім часам у краінах, дзе стаялі на бурым вугалі цеплавыя станцыі, там жа ўсе лясы зьнішчаны. Горшай па экалёгіі за цеплавую электрастанцыю на вуглі — няма”.

Сябра ініцыятывы “Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь” Юры Варонежцаў лічыць, што калі выбіраць з двух зол меншае, то цеплавая электрастанцыя — лепшая за атамную:

“Электраэнэргія атрымліваецца досыць танная. Але! Выкіды — ад спальваньня вугальнага пылу — утрымліваюць вялікую колькасьць канцэрагенных рэчываў. Фільтры для гэтых станцый досыць дарагія. Тым ня меней экспэрты сьцьвярджаюць, што калі ўсё дасканала пралічыць, гэткія цеплавыя электрастанцыі будуць больш выгадныя эканамічна за атамную”.

У зьвязку з намерамі ўраду спэцыялісты згадваюць сёлетнюю гісторыю змаганьня жыхароў пухавіцкага пасёлку Дружны і актывістаў нацыянальнага зялёнага руху супраць будаўніцтва там заводу з асабліва шкоднай для экалёгіі вытворчасьцю. На сёньня справа затармазілася адсутнасьцю дакладна прапісанай юрыдычнай працэдуры ўліку грамадзкай думкі. А што можа адбыцца ў выпадку, калі пачнецца адпаведная барацьба і ў Зэльве?
Калі ўсё дасканала пралічыць, гэткія цеплавыя электрастанцыі будуць больш эканамічна выгадныя за атамную.


Канцэпцыяй энэргабясьпекі Беларусі прадугледжана, што вугальная станцыя там павінна быць пабудаваная да 2013 году. Гэты факт проста канстатавалі ў СМІ. У жыхароў рэгіёну, дзе плянуецца збудаваць экалягічна небясьпечны аб’ект, ніхто згоды не пытаўся. На думку прафэсара Георгія Лепіна, экспэрта антыядзернай ініцыятывы, афіцыйная Беларусь відавочна парушае Орхускую канвэнцыю:

“Яны мусілі, да таго як прыняць рашэньне, паведаміць пра гэта і абмеркаваць з грамадзкасьцю. Каб грамадзкасьць брала ўдзел у вырашэньні пытаньня. А яны спачатку рашэньне прынялі, а потым гэтае рашэньне паведамілі”.

Адрозна ад прафэсара Лепіна, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Алена Лаеўская трымаецца думкі, што Орхускую канвэнцыю, калі трактаваць яе літаральна, у сытуацыі з Зэльвэнскай электрастанцыяй не парушылі:

“Так, павінны абмяркоўваць.Але ёсьць праблема з рэалізацыяй палажэньняў міжнароднай дамовы ў нацыянальным заканадаўстве. У канвэнцыі сказана, што кожная краіна выбірае свае сродкі абмеркаваньня, якія для яе значныя, прымальныя”.

Згодна з нацыянальным заканадаўствам, паведамленьне ў СМІ пра намер будаваць АЭС або цеплавую электрастанцыю лічыцца дастатковым, каб прызнавацца абмеркаваньнем, тлумачыць Алена Лаеўская. У прафэсара Лепіна іншая думка:

“Канвэнцыю гэтую падпісалі — яе абавязаныя выконваць. І калі ў нечым наша заканадаўства не адпавядае ёй — трэба мяняць заканадаўства”.
Дзеяньні ўладаў адпавядаюць літары Орхускай канвэнцыі, але духу канвэнцыі — супярэчаць


Сродкі, каб дамагчыся шырокага грамадзкага абмеркаваньня пытаньняў кшталту будаўніцтва цеплавой электрастанцыі, нацыянальным заканадаўствам прадугледжаныя, распавядае Алена Лаеўская:

“Калі ў нас ёсьць кола грамадзкасьці, якое праяўляе сябе як выключна зацікаўленае, і яно патрабуе правядзеньня паўнавартасных грамадзкіх слуханьняў, то наша дзейнае заканадаўства дазваляе іх праводзіць. Калі дзяржаўны орган катэгарычна адмаўляе, можна абмяркоўваць, наколькі гэтая сытуацыя не адпавядае канвэнцыі. І карыстацца наступнай магчымасьцю, якая прапісаная і ў Орхускай канвэнцыі, і ў нашым заканадаўстве: трэба зьвяртацца ў суд”.

Цьвёрдых намераў зьвяртацца ў суд ініцыятыва “За бязьядзерную Беларусь” пакуль ня мае, кажа прафэсар Лепін:

“Можна, напэўна. Але тут складнасьць — ад імя каго зьвяртацца ў суд. Трэба, каб была нейкая зарэгістраваная арганізацыя. Вось ёсьць у нас партыя зялёных, прыкладам. Калі яны будуць падаваць у суд, я гатовы да іх далучыцца”.

Алена Лаеўская падсумоўвае: дзеяньні беларускіх уладаў адпавядаюць літары Орхускай канвэнцыі, але духу канвэнцыі — супярэчаць.



Орхуская канвэнцыя — гэта міжнародная дамова, якая аб’ядноўвае экалягічныя і агульныя правы чалавека . Яна дае грамадзянам шырокія правы і ўскладае на дзяржаўныя органы пэўныя абавязкі ў галіне забесьпячэньня доступу да экалягічнай інфармацыі і ўдзелу грамадзкасьці ў прыняцьці значных рашэньняў. Канвэнцыя забясьпечвае таксама і доступ да правасудзьдзя. Гэтыя палажэньні складаюць так званыя тры пастуляты Орхускай канвэнцыі. У Беларусі Орхуская канвэнцыя ўступіла ў сілу 30 кастрычніка 2001 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG