Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня і АДКБ


Саміт АДКБ у Армэніі скончыўся тыдзень таму, адышлі ў мінулае здагадкі, ці паедзе туды Лукашэнка, што азначае яго прыезд на два дні раней і ад’езд на дзень раней, ці памірыцца ён там з Мядзьведзевым і г.д. Сухой рэштай стаў выдатны здымак сумнага Лукашэнкі ды згода Беларусі ўзяць на сябе старшыняваньне ў АДКБ. Вось гэта апошняе – што яно азначае?

Ці азначае яно, што ў інфармацыйнай і нават шырэй – палітычнай вайне паміж Крамлём і афіцыйным Менскам наступіў калі ня мір, то хаця б часовае перамірье?

Хутчэй за ўсё -- не азначае. Варта нагадаць, што часовым старшынём у АДКБ па ратацыі Беларусь павінна была стаць у чэрвені мінулага году. Але тады грымнула малочная “вайна” і Менск у якасьці дэмаршу адмовіўся заступаць на пасаду і блякаваў падпісаньне дамовы пра корпус хуткага рэагаваньня (КСАР) АДКБ.

Потым, увосень летась, дамову падпісаць пагадзіліся, але тэхнічным старшынём арганізацыі заставалася Расея. Зараз быў адноўлены звыклы парадак, так што ў дадзеным выпадку калі хто і пайшоў на мікраскапічную саступку, то Лукашэнка, а не Масква. Дэмарш, дэманстрацыя была і скончылася.

Маскве пярэчыць таму, каб Беларусь скарысталася сваім законным правам, было б даволі дзіка – магчыма, іншыя кіраўнікі дзяржаваў АДКБ і не гараць жаданьнем абараняць беларускага калегу ад маскоўскага ціску, але парушэньне працэдуры стварыла б прэцэдэнт. А ў Масквы хапае праблемаў з “братамі па зброі” ў АДКБ, каб яшчэ абцяжарваць іх, выносячы супярэчнасьці з беларускім саюзьнікам на ўзровень усёй арганізацыі.

Тры ў адным


Тым больш што размова ідзе пра рэчы абсалютна сымбалічныя. Гэта ня значыць нязначныя і нікчэмныя, у міжнародных адносінах магія сымбаляў адыгрывае выключную ролю. Ну дык вайну Беларусі Расея абвяшчаць не зьбіраецца, выключаць з АДКБ – таксама, так што менавіта сымбаль беларускага старшыняваньня нічому не замінае.
А гэта і сапраўды ўсяго сымбаль. Мяркую, што ніхто ня памятае, хто, скажам, зараз часовы старшыня СНД. І я ня памятаю, і нават у Google не палезу высьвятляць. А хто ў саюзе Беларусі і Расеі – памятаю. І гэта гучыць камічна – прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. А яго падначалены ў межах саюзнай дзяржавы – прэм’ер Расеі Ўладзімер Пуцін. І вельмі дапамагае Лукашэнку тое старшыняваньне?
Да таго ж у ваенным саюзе, якім з’яўляецца АДКБ, уплыў яго сябраў незалежна ад фармальнага старшыняваньня разьмяркоўваецца ў адпаведнасьці зь іх вайсковым патэнцыялам. А Расея ў ваенным сэнсе ў разы мацнейшая астатніх сябраў АДКБ разам узятых.

Да таго ж, як адзначыў у інтэрвію Свабодзе армянскі экспэрт Сяргей Мінасян ,АДКБ гэта фактычна тры розныя ваенных саюзы з удзелам Расеі – з Беларусьсю, з Армэніяй і з краінамі Цэнтральнай Азіі. Занадта слабые сувязі паміж іншымі, апроч Расеі, сябрамі АДКБ, занадта розныя ў іх у гэтым саюзе інтарэсы. Існуе, праўда, вэрсія, што прызначэньне АДКБ – быць жандарам постсавецкай прасторы, душыць свабодалюбівыя парывы народаў супраць карумпаваных дыктатур.

Можа і так, а можа гэта проста страшылка. У Кіргізстане, напрыклад, ані ў красавіку, калі скідалі Бакіева, ані ў чэрвені, калі кіргізы і ўзбэкі рэзалі адзін аднаго, АДКБ ня ўмешваўся.


Беларусы пад натаўскімі танкамі і на вуліцах Оша


Аднак гэта ня значыць, што АДКБ нікому, акрамя Расеі, непатрэбная. Той жа Армэніі патрэбная, як супрацьвага ваеннай пагрозе з боку Азэрбайджана – пагрозе зусім не гіпатэтычнай. Эрэван можа і не на 100% упэўнены, што Масква абароніць яго ў выпадку канфлікту, але ж і Баку ня можа быць упэўнены, што не абароніць.

Што да Цэнтральнай Азіі, то пагроза ісламісцкіх паўстаньняў і нават ўварваньня замежных “гасьцей” – таксама зусім не абстрактная, асабліва, дарэчы, пасьля плянаванага сыходу амэрыканцаў з Аўганістану.


Самая цьмяная матывацыя – ў Беларусі: класьціся пад натаўскія танкі, калі яны кінуцца на Маскву. Відаць, не ядуць, ня сьпяць - рыхтуюцца да таго кідка.

Ёсьць, праўда, яшчэ такая рэч, як больш нізкія, саюзьніцкія цэны ў межах АДКБ на ўзбраеньні. На расейскія ў першую чаргу і пераважна.

З гэтай трыадзінай прыроды АДКБ вынікае, што ніхто з трох сэгмэнтаў арганізацыі ня мае вялікага жаданьня ваяваць за іншых. Мяркуецца, што ў выпадку чаго за ўсіх будзе ваяваць Расея.

Дарэчы, калі Лукашэнка прапаноўваў паслаць войскі АДКБ у Кіргізстан – ці не разьлічваў ён сьвядома на адмову? А калі б сказалі – так, то няўжо ж паслаў бы беларускіх салдат ваяваць? Здаецца, што першая ж труна адтуль вельмі дорага каштавала б кіраўніку Беларусі ў масавай сьвядомасьці.

“Бацька” і “мядзьведзь”


Суммуючы, можна сказаць, што на палітычную вайну паміж Масквой і Менскам беларускае старшыняваньне ў АДКБ не паўплывае і прыкметай яе спыненьня ня стане. Ды і па тоне расейскіх мэдыяў непадобна пакуль на спыненьне, НТВ, па чутках, чарговага “Хроснага бацьку” ваяе.

Да разбурэньня ўсёй структуры двухбаковых стасункаў гэтая вайна яшчэ не дайшла і наўрад ці дойдзе, нават калі Крэмль сапраўды мае далёкасяжныя пляны адносна Лукашэнкі, што зусім невідавочна. Гэта Лукашэнка часам выкарыстоўвае такога кшталту пагрозы, як прыгаданы леташні дэмарш з АДКБ. Але зараз, гледзячы па рахманым тоне яго ацэнак “Хросных бацек” ён аддае перавагу глухой абароне, а не вострым контратакам. Контратакі былі дарэчныя, калі расейскі “мядзьведзь” махаў лапай спарадычна і па сутнасьці даволі ляніва. Калі ў руху яго лап і зубоў стала назірацца пэўная мэтадычнасьць і нават мэтанакіраванасьць, магчыма, палічылі за лепшае не надаваць імпэту гэтаму руху дзеяньнямі ў адказ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG