Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памірыць Саргсян Лукашэнку з Мядзьведзевым?


Загадка раньняга прыезду А.Лукашэнкі ў Армэнію, стаўленьне Ерэвану да збліжэньня Менску і Баку, значэньне АДКБ – тэмы гутаркі з армянскім палітолягам, намесьнікам дырэктара Інстытуту Каўказу Сяргеем Мінасянам. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.




Дракахруст: Як у Ерэване тлумачаць больш раньні прыезд беларускага прэзыдэнта – за два дні да пачатку саміта АДКБ?


Мінасян
: Інфармацыі вельмі мала, ні афіцыйныя асобы ні палітычныя лідэры не камэнтуюць гэты візыт. Найбольш папулярная вэрсія палягае ў тым, што ўлічваючы асаблівы фармат адносінаў лідэра Армэніі з прэзыдэнтам Мядзьведзевым, візыт Лукашэнкі можа быць зьвязаны з пошукам магчымасьцяў прымірэньня з Крамлём. Пасярэдніцкімі магчымасьцямі Сэржа Саргсяна, магчыма, і тлумачыцца больш раньні візыт беларускага прэзыдэнта перад нефармальным самітам АДКБ.

Дракахруст: Расейскі друк са спасылкай на крамлёўскія крыніцы абнародаваў інфармацыю, што Мядзьведзеў ня мае намеру сустракацца падчас саміту ў Ерэване з Лукашэнкам. Ці стане крытэрам пасьпяховасьці пасярэдніцкіх высілкаў армянскага прэзыдэнта тое, ці адбудзецца такая сустрэча?

Мінасян: Пакуль цяжка казаць, наколькі гэта будзе пасьпяховым. Я бачыў гэтыя публікацыі ў расейскіх СМІ. Іх зьяўленьне ўскосна пацьвярджае, што Лукашэнка спрабуе выкарыстаць пасярэдніцкія рэсурсы Сэржа Саргсяна для прымірэньня з Масквой. З іншага боку, абнародаваньне такой пазыцыі Крамля можна разглядаць як яго спробу завысіць перамоўную плянку.

Дракахруст: Наколькі Ерэван занепакоены палітычным і эканамічным збліжэньнем Беларусі з Азэрбайджанам, якое назіраецца апошнім часам?

Мінасян: Гэты фактар мае месца. І тое, што Беларусь прадае ўзбраеньні ваеннаму праціўніку Армэніі выклікае ў Армэніі занепакоенасьць, асабліва з улікам таго, што і Армэнія, і Беларусь знаходзяцца ў адным ваенна-палітычным блёку. Але, наколькі я ведаю, Беларусь імкнецца захоўваць балянс у ваенных пастаўках Азэрбайджану і Армэніі. Аднак самае важнае, што ў Армэніі разумеюць, што ўсе гэтыя гульні Лукашэнкі з Ілхамам Аліевым, як і апошнія спробы гуляць з грузінскім кіраўніцтвам, – ні што іншае, як форма гандлю з Масквой. Мне цяжка сабе ўявіць, што Беларусь стане важным транзытэрам азэрбайджанскай нафты і газу.

Дракахруст: Што такое АДКБ для Армэніі? І што такое гэтае ўтварэньне наагул? Вы сказалі, што ваенны праціўнік Армэніі – гэта Азэрбайджан. Але з улікам кіргіскага вопыту ўяўляецца малаімаверным, што АДКБ падтрымала б Армэнію ў выпадку ваеннага канфлікту з Азэрбайджанам.

Мінасян: Для Армэніі АДКБ уяўляе інтарэс пераважна таму, што галоўным маторам АДКБ зьяўляецца Расея. І для Армэніі стасункі з АДКБ – гэта найперш стасункі з Расеяй. У рэальнасьці не існуе адзінага АДКБ, ёсьць тры яго вымярэньні – эўрапейскае, каўкаскае і цэнтральнаазіяцкае. Паміж гэтымі вымярэньнямі няма нічога агульнага, акрамя расейскага фактару. Нягледзячы на тое, што і кіргіскія падзеі, і іншыя, якія адбываліся раней, даюць падставы сумнявацца ў дзейнасьці АДКБ, гэта адзіная ваенна-палітычная арганізацыя на постсавецкай прасторы. Нават такое рыхлае ўтварэньне дае пэўныя гарантыі бясьпекі з боку блёку, а ў выпадку Армэніі – у большай ступені з боку Расеі. Наяўнасьць такіх гарантый хутчэй добра, чым кепска.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG