Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве затрымліваюць за расейскі сьцяг


У Маскве затрыманыя ўдзельнікі акцыі, прысьвечанай Дню дзяржаўнага сьцягу. У Пецярбургу абышлося без затрыманьняў. У Маскве затрыманыя каля 20 апазыцыянэраў - ўдзельнікаў акцыі. У ліку затрыманых - сустаршыня руху "Салідарнасьць" Барыс Нямцоў і кіраўнік яго маскоўскага аддзяленьня Міхаіл Шнэйдэр.

Актывісты вырашылі пранесьці расейскі сьцяг па Новым Арбаце, нягледзячы на тое, што ўлады далі дазвол толькі на пікет у памятнага знака на скрыжаваньні Арбату і Садовага кальца. Як паведамляе РИА "Новости", пасьля ўмяшаньня АМАПу мітынгоўцы паспрабавалі прайсці па Садовым кальцы ў бок будынку міністэрства замежных спраў, але зноў былі спыненыя АМАПам.

Барыс Нямцоў у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што сваім шэсьцем яны мелі намер выказаць павагу да сваёй краіны і яе сьцяга, і пры гэтым яны нікому не перашкаджалі.

У Пецярбургу прайшлі мерапрыемствы ў гонар Дня расейскага сьцягу - гэта і канцэрты, і моладзева-патрыятычная акцыя-прабег "Пад сьцягам Расеі", і тэатралізаванае шэсьце па Неўскім праспэкце трох калонаў па колерах расейскага сьцягу, з акцёрамі тэатра "Лицедеи" на чале.

Наладзілі шэсьце і апазыцыянэры - хоць іх акцыя ўзгодненая не была, тром дзесяткам удзельнікаў "Салідарнасьці" і Аб'яднанага грамадзянскага фронту ўдалося бесперашкодна прайсьці ад станцыі метро "Василеостровская" да Палацавай плошчы, выкрыкваючы лёзунгі: "Расея бязь Пуціна", "Расея будзе свабоднай "," Нам патрэбная іншая Расея ". У руках у іх быў 30-мэтровы расейскі сцяг.

Аб сэнсе акцыі кажа лідэр АГФ Вольга Курносова:

- Наш сьцяг застаецца для нас сьцягам волі, і ён ім і застанецца. Нягледзячы на тое, што “Адзіная Расея” зрабіла з нашай краіны паліцэйскую дзяржаву, мы ўсё роўна ўпэўненыя, што свабоду ў нас не адняць.

Некаторыя кіроўцы сігналілі на знак падтрымкі. Акцыя прайшла без затрыманьняў.

Дзень Дзяржаўнага сцяга быў усталяваны ў Расеі ў 1991 годзе пасьля жнівеньскага путчу, калі ў Маскве наўзамен дзяржаўнага сымбалю СССР - чырвонага палотнішча з сярпом і молатам - упершыню быў узьняты трохкаляровы расейскі сьцяг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG