Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Чэхаславакія выдала Геніюшаў Маскве


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.




Ларыса Геніюш з сынам Юркам. Прага, 1941

Пасьля Другой усясьветнай вайны ва ўсходнеэўрапейскіх краінах адна за другой — дзе бурлівыя, дзе ціхмяныя — адбываліся рэвалюцыі, у выніку якіх да ўлады прыходзілі камуністы. Іх падтрымліваў Савецкі Саюз-вызваліцель, які меў дастаткова рэсурсаў і паўнамоцтваў, каб дыктаваць сваю волю. Ня стала выключэньнем і Чэхаславакія, дзе кіраўніком ураду ў 1946-м і прэзыдэнтам у 1948-м стаў лідэр КПЧ Клімэнт Готвальд.

Маскоўскія спэцслужбы, дачакаўшыся прыходу да ўлады аднапартыйцаў, атрымалі магчымасьць легальна чыніць свае цёмныя справы. І яны распачалі сваё «дзікае паляваньне» на людзей. 10 лютага 1948 году Праскі Град атрымаў з Масквы афіцыйнае патрабаваньне выдаць трох «ваенных злачынцаў». Двума зь іх былі Ларыса і Янка Геніюшы. У тым дакумэнце, нядаўна апублікаваным Францішкай Сокалавай у трэцім выпуску альманаха «Асоба і час», між іншага, гаварылася:

У цяперашні час распаўсюджвае розныя антысавецкія ідэі, у сваіх артыкулах і вершах паклёпнічае на Савецкі Саюз.
«Ларыса Геніюш — актыўная ўдзельніца антысавецкіх нацыяналістычных арганізацый, з 1942 году ўзначальвала праскі аддзел „Беларускага камітэту падтрымкі“. У цяперашні час распаўсюджвае розныя антысавецкія ідэі, у сваіх артыкулах і вершах паклёпнічае на Савецкі Саюз».

Адносна Янкі Геніюша ў сакрэтным мэмарандуме паведамлялася, што ён «таксама прымаў удзел у антысавецкіх нацыяналістычных групоўках у Чэхаславакіі, а ў 1942 годзе актыўна выступаў супраць Савецкай арміі і савецкіх партызанаў на тэрыторыі Беларусі, занятай немцамі».

У верхніх эшалёнах чэхаславацкай улады ўсчаўся лёгкі перапалох: як жа так — усяго год таму Геніюшы атрымлівалі грамадзянства і аніякіх грахоў у іхніх біяграфіях тады выяўлена не было! Адпаведныя міністэрствы і ведамствы абменьваліся ў гэтай справе тэрміновымі цыркулярамі і ўрэшце прыйшлі да высновы, што грамадзянства Геніюшаў неабходна ануляваць, як… незаконнае. Чаму незаконнае — ніводзін чыноўнік патлумачыць ня змог.

5 сакавіка 1948 году Ларыса і Янка Геніюшы былі арыштаваныя чэхаславацкімі спэцслужбамі ў мястэчку Вімпэрк (ад Прагі 150 кілямэтраў), дзе Іван Пятровіч працаваў лекарам.

За арыштантаў паспрабаваў заступіцца абласны суд у Празе, схарактарызаваўшы дзеяньні ўладаў як неправамоцныя. Аднак слугаў Фэміды ніхто не паслухаў. Першай вязьніцай Геніюшаў стаў старажытны вімпэрскі замак, чые сутарэньні і сёньня ўражваюць сваёй змрочнасьцю і двухмэтровымі глухімі сьценамі.

Міністэрства ўнутраных спраў Чэхаславакіі адмысловай пастановай ад 1 красавіка 1948 году пазбавіла Ларысу і Янку Геніюшаў грамадзянства, а 7 ліпеня іх пад канвоем дэпартавалі з тэрыторыі Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі бяз права вяртаньня ў краіну…

Пасьля вызваленьня з ГУЛАГу, у 1956 годзе Ларыса Геніюш у адным зь вершаў прыгадала тыя поўныя драматызму дні і ночы ў Чэхаславакіі:

Нягадана мне на шляху сустрэчаны,
Прадаўшы ў путах душу не адну,
О, край чужы, ты зь людзкасьцю разьвенчаны, —
Я да цябе ніколі не прыйду!

Аднак гэта не перашкодзіла паэтцы ў 1968 годзе, калі ў Прагу ўвайшлі савецкія танкі, адкрыта выказаць сваю салідарнасьць з чэхамі.

Ларыса Геніюш. «Калі кранае нас жыцьцё суровай лапай…»
Калі кранае нас жыцьцё суровай лапай,
спрабуе нехта дыктаваць законы малпаў,
сьвятлом біць трэба ў хмару цьмы, стрымоўваць ката,
трэ памятаць, што людзі мы, наш век — дваццаты.
Як быццам выйшлі вось на нас зь лясоў з клыкамі,
гатовы мудрасьць ўсіх часоў таптаць нагамі,
прага крыві ў вачах тупых — страшны малюнак,
розум — ня сіла супраць іх, страх — не ратунак.
Ў іх мае толькі чэсьць кулак — зь бясьсільным біцца…
Жаль, той, хто людзкасьцю прасяк, крыві баіцца.
І шчэрыць малпа злую пасьць, разьдзьмула храпы.
Не, нельга сёньня нам упасьць да ўзроўню малпаў.
Ісьці трэ з малпай твар у твар, браць зло за рогі
і біць ударам за ўдар — да перамогі!
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG