Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьляды лёсу Ларысы і Яна Геніюшаў зноў знойдзеныя ў чэскім мястэчку Вімпэрк. Да юбілею паэткі ў адной зь вежаў замку тут адкрылася выстава.

Чэскі сэнатар Томаш Ірса ў сваім выступе з нагоды вэрнісажу выказаў перакананьне, што чэхаславацкая дзяржава, выдаючы Геніюшаў у СССР, зрабіла памылку.

Пераезд Геніюшаў з Прагі ў Вімпэрк пад канец 1947 году ня быў уласна іх рашэньнем. Ад 1945 году савецкія ўлады дабіваліся выданьня Геніюшаў, ставячы ім у віну “антысавецкую нацыяналістычную дзейнасьць” падчас вайны. Калі паэтка не паддалася на ўгаворы аб пераезьдзе, пачаліся спробы яе фізычнага выкраданьня. Геніюш у адчаі піша ліст з просьбай аб абароне на імя прэзыдэнта Эдварда Бэнэша, а таксама амэрыканскага пасла ў Празе Лорэнса Стэйнгарта. Заступніцтва гэтых асобаў падаравала ім яшчэ некалькі гадоў на волі. У 1947 годзе ўся сям’я атрымала грамадзянства Чэхаславаччыны, а доктара Геніюша перавялі далей з Прагі ў той самы Вімпэрк.

Дом на вул. д-ра Бэнэша, 161 у Вімпэрку, дзе жылі Ларыса і Янка Геніюшы

Мястэчка было на самай мяжы зь Нямеччынай, і, як здагадвалася Ларыса Антонаўна, чэхі думалі, што доктар, аднойчы паехаўшы на выклік, мог лёгка заблудзіць і апынуцца па той бок мяжы... На выклікі разам з мужам, як правіла, выпраўлялася і яго жонка. Паводле ўспамінаў Геніюш выглядае, што часта яна замяняла мужу мэдсястру. Сын Юрка застаўся ў Празе ў сям’і знаёмых – мусіў закончыць гімназію.

Доктар Геніюш, аднак, ні пра якую эміграцыю на захад чуць не хацеў – ён цешыўся з свайго новага грамадзянства і аддана выконваў сваю працу. Па Геніюшаў прыйшлі ў іх вімпэрскую кватэру позна ўвечары 5 сакавіка 1948 года. Мінула усяго некалькі дзён пасьля прыходу да ўлады ў Чэхаславаччыне камуністаў (так званы лютаўскі пераварот 48-га). Гэтым разам тэлеграма з Масквы спрацавала хутка. Мужа і жонку пасадзілі пад арышт у адной зь вежаў Вімпэрскага замку.

У мэмуарах Геніюш успамінае: “ У бруднай, зялёнай ад плесені камэры на памосьце, пакрытым мятай саломай, сядзелі дзьве маладыя немкі за пераход граніцы, якая была побач. Я села і толькі цяпер усьведаміла сабе ўсю трагедыю адзінокага свайго дзіцяці ў гэтым горадзе і ў гэтым народзе, болей ужо ні аб чым думаць не магла…”

13-гадовы Юрка Геніюш з гэтай хвіліны фактычна быў разлучаны з бацькамі. Іх неўзабаве этапіруюць у Пісэк, потым у Прагу, адтуль выдадуць Саветам. У Чэхію Геніюшы ўжо ніколі ня вернуцца, грамадзянства іх пазбавяць празь некалькі месяцаў пасьля яго атрыманьня…

Усе гэтыя факты ў сучасным Вімпэрку былі прызабытыя. Калі пра іх даведаўся кашталян замку Антанін Дворжак, ён вырашыў, што сьляды трагічнай гісторыі Геніюшаў будуць адноўленыя. Першай крыніцай для яго былі мэмуары “Споведзь”, а таксама мясцовая хроніка ды апытаньне старэйшых жыхароў. Вэрсія – дзе ж была тая камэра з саломай і зялёнай цьвільлю – правяралася некалькі разоў. Урэшце, па ўзважаньні ўсіх дэталяў, кашталян лякалізаваў ў якасьці месца зьняволеньня вось гэтае памяшканьне.



Ужо пад арыштам Янка Геніюш у 1948 годзе адзначыў і свой дзень нараджэньня (8 сакавіка). У Вімпэрку адбыліся першыя допыты. Сярод экспанатаў выставы ўпершыню былі прадстаўленыя грамадзкасьці пратаколы допытаў, знойдзеныя ў Нацыянальным архіве Чэхіі. Гэта вынік карпатлівай дасьледчыцкай працы беларусісткі Францішкі Сокалавай, якая была аўтаркай канцэпцыі выставы. У вежы замку прагучаў і новаперакладзены ёю на чэскую мову верш Геніюш той паваеннай пары “Чужыя хвоі”. Сваё слова сказалі і беларускія літаратары Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч. А Антон Рудак, які стаў пераможцам конкурсу Пэн клюбу, прысьвечанага юбілею Геніюш, прызнаўся, што і нарадзіўся ён у адзін дзень з паэткай, толькі на 80 гадоў пазьней.

Намесьнік старасты Вімпэрку Богуміл Пэтрашэк парадаваў беларусаў такой высновай: “Дагэтуль ня так шмат людзей міжнароднага маштабу жыло ў нашым малым Вімпэрку. Цяпер мы ведаем, што тут была Ларыса Геніюш...”

Фрагмэнт выставы

На адкрыцьці выставы выступае сэнатар Томаш Ірса

Кашталян замку А.Дворжак (другі справа) праводзіць экскурсію для беларусаў

Экскурсія па замку

У замкавых сутарэньнях

Альгерд Бахарэвіч, Максім Жбанкоў, Барыс Пятровіч
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG