Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Эўрапарлямэнту бароніць Тэрэсу Собаль

  • БелаПАН

Дэпутат Эўрапарлямэнту з Польшчы Марэк Мігальскі арганізуе акцыю ў падтрымку старшыні Івянецкай арганізацыі неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі Тэрэсы Собаль.

4 жніўня Тэрэсу Собаль зьнялі ў Берасьці зь цягніка, які накіроўваўся ў Польшчу, заявіўшы, што яна знаходзіцца ў сьпісе невыязных.

У Валожынскім РАУС адвакату Собаль паведамілі, што 3 жніўня пракуратура аднавіла крымінальную справу ў дачыненьні да Т.Собаль.

Справа была ўзбуджаная 18 снежня 2009 года па абвінавачваньні спадарыні Собаль у злоўжываньнях пасьля атрыманьня ў 2004 годзе матэрыяльнай дапамогі ад кіраўніцтва СПБ. Аднак 24 лютага яна была спыненая ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўніны. Неўзабаве яе аднавілі, у доме Собаль 28 чэрвеня прайшлі ператрусы. Аднак супрацоўнікі міліцыі не знайшлі названыя ў пастанове на ператрус "прылады злачынства" — кампутары і носьбіты інфармацыі.

Эўрапарлямэнтар Марэк Мігальскі лічыць чарговае ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць актывісткі польскай меншасьці "новым відавочным выпадкам парушэньня правоў чалавека беларускімі ўладамі" і заклікаў падтрымаць Собаль, падпісаўшы адпаведны ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі і беларускае пасольства ў Варшаве і накіраваўшы яго электроннай поштай.

У прыватнасьці, у лісьце прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку гаворыцца пра аднаўленьне крымінальнага перасьледу актывісткі неафіцыйнага саюзу і ўтрымліваецца заклік "спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да Собаль і адмовіцца ад любых іншых формаў ціску на грамадзян Беларусі". Таксама адзначаецца, што Тэрэса Собаль — "пажылая жанчына, якая не ўяўляе пагрозы для беларускіх уладаў".

"Міжнародная супольнасьць уважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, бо гэта аснова для магчымай фінансавай дапамогі краіне", — гаворыцца ў звароце да беларускага прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG