Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Ларыса Геніюш стала грамадзянкай Чэхаславакіі


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.



Юрка, Ларыса і Янка Геніюшы. Прага, 1942 г.

З зацішнай Зэльвы ў залатую Прагу да мужа Ларыса Геніюш у 1937 годзе выяжджала як грамадзянка Польшчы. Прычым, дазвол на выезд польскія ўлады давалі з адной умовай — у графе «нацыянальнасьць» мусіў стаяць запіс — «полька».

Ларыса Антонаўна адмовілася выканаць гэтае бязглуздае патрабаваньне. У выніку маладая сям’я змагла зьяднацца толькі праз два гады пасьля нараджэньня сына Юркі.

У 1939 годзе польская дзяржава перастала існаваць, і Геніюшы засталіся без грамадзянства. Калі ў Прагу прыйшлі немцы, яны толькі запатрабавалі, каб усе некарэнныя жыхары аб’ядналіся ў нацыянальныя арганізацыі. Так узьнік Праскі камітэт самапомачы, у якім Ларыса Геніюш выконвала абавязкі скарбніка.

Пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны над сотнямі тысячаў уцекачоў з Савецкага Саюзу навісла пагроза прымусовага вяртаньня на радзіму. Па вызваленай ад гітлераўцаў Эўропе езьдзілі савецкія рэпатрыяцыйныя місіі ды агітавалі вяртацца ў «камуністычны рай». У адной з такіх місій, дарэчы, нёс службу пісьменьнік Максім Лужанін. Сустрэўшы ў лягеры для ўцекачоў свайго былога калегу па літаб’яднаньні «Ўзвышша» Антона Адамовіча, ён пасьпеў шапнуць таму: «Ня едзь!». Чым, відавочна, выратаваў не адзін дзясятак жыцьцяў.

Асаблівую цікавасьць савецкае МГБ выяўляла да Геніюшаў. У іхні гасьцінны дом у Празе на вуліцы Гежманова, 7 пачалі наведвацца дзіўныя знаёмыя зь яшчэ заходнебеларускіх часоў, перадаваць «прывітаньні» ад Максіма Танка (зь якім, зазначым, Ларыса Геніюш упершыню ўбачылася толькі ў 1966 годзе).

Трэба было неяк ратавацца. І паэтка 5 верасьня 1945 году піша роспачны ліст тагачаснаму амбасадару ЗША ў Чэхаславакіі Лорэнсу Стайнгарду, у якім, між іншага, гаварылася:
Я ведаю, што савецкія агенты хочуць мяне зацягнуць у канцлягер у Страшніцах і адтуль як злачынцаў дэпартаваць у СССР, дзе нас чакае бяда, калі ня сьмерць.

«Мы ніколі не былі савецкімі грамадзянамі, і я была паінфармаваная, што немагчыма выдаць ордэр на наш арышт. Але ўсё ж у падобных выпадках людзей часам прымусова вывозяць у Савецкі Саюз, там зьвінавачваюць і караюць. Савецкія агенты ўжо спрабавалі гвалтоўна ўварвацца ў маю кватэру. Я зь сям’ёю была вымушаная хавацца ў знаёмых, каб пазьбегнуць тых жахаў, якія зрыхтаваныя для мяне ў Расеі. Чэхаславацкія ўлады ня могуць нічога зрабіць дзеля нашай бясьпекі. Я ведаю, што савецкія агенты хочуць мяне зацягнуць у канцлягер у Страшніцах і адтуль як злачынцаў дэпартаваць у СССР, дзе нас чакае бяда, калі ня сьмерць. Я апэлюю да гуманнасьці і велікадушнасьці грамадзяніна Злучаных Штатаў, прашу аб дапамозе, прашу, каб мяне і маю сям’ю ўзялі пад апеку ўлады і войскі Злучаных Штатаў у Чэхаславакіі».

Амбасадар падышоў да справы фармальна: паінфармаваў аб сытуацыі Праскі Град і супакоіў Ларысу Геніюш: маўляў, баяцца вам няма чаго.

«Хто вас, асобаў без грамадзянства, абароніць ад саветаў?» — пытаўся ў Геніюшаў іхні знаёмы ангелец. «Наша абарона — Бог», — адказвала Ларыса Антонаўна. «А нас, ангельцаў, бароняць Бог і ангельская каралева», — дасьціпнічаў знаёмец.

Урэшце Янка і Ларыса Геніюшы зьвярнуліся да чэхаславацкіх уладаў з просьбай аб грамадзянстве і атрымалі яго 27 ліпеня 1947 году — акурат на дзень нараджэньня Ларысы Антонаўны (паводле старога стылю). У пастанове аб наданьні грамадзянства зазначалася, што грамадзянінам Чэхаславакіі таксама стаў «непаўналетні сын Геніюшаў Іржы, які нарадзіўся 21 кастрычніка 1935 году ў Зэльве».

29 ліпеня 1947 году Ларыса Геніюш атрымала чэхаславацкі пашпарт, папярэдне запоўніўшы ва ўправе дзяржаўнай бясьпекі анкету, дзякуючы якой мы сёньня ведаем, што паэтка мела рост 169 сантымэтраў, валасы — цёмна-русыя, а вочы — шэра-блакітныя.

На жаль, чэхаславацкае грамадзянства не абараніла Ларысу і Янку Геніюшаў ад ГУЛАГу. Не прайшло і году, як пашпарты ў іх былі адабраныя, а на працытаванай вышэй анкеце чыясьці рука нэрвова накрэсьліла: «Дэпартаваць з ЧСР!».

Аднак, гэта ўжо другая гісторыя.

Ларыса Геніюш. «Ня краты, ня цяжкасьць аковаў…»
Ня краты, ня цяжкасьць аковаў,
ня штык і ня люты канвой,
зрабілі мой воблік суровым
і душу маю ледзяной.

Я собскага болю ня знаю.
Ад сэрца адорваны сын.
Вось толькі начамі, бывае,
мне душу трывожыць адзін.

Пот ціха сьціраю з аблічча
і голаў уздымаю ізноў.
На нашай зямлі не палічыш
такіх вось няшчасных сыноў.

Ад сьлёзаў народных разьліву,
ад гора саломенных стрэх
замоўк мой, калісьці шчасьлівы,
жаночы рассыпчасты сьмех.

Так, я не умею сьмяяцца,
праменную радасьць змаглі,
ды ўмею, як волат, змагацца,
каб людзі сьмяяцца маглі!
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG