Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Шарамет: «Экс-міністар Навумаў сядзіць у засадзе»


Павел Шарамет

Павел Шарамет

Былы капітан міліцыі Вячаслаў Дудкін, які ўцёк на Захад і атрымаў прытулак у Францыі, абвінаваціў шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў у карупцыі і стварэньні перашкодаў у расьсьледаваньні карупцыйных спраў. Што думаюць пра гэтыя абвінавачаньні ў праваахоўных структурах Беларусі?

Цяперашні кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў названы Вячаславам Дудкіным сярод высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, падазраваных у карупцыі. «Свабода» папрасіла пракамэнтаваць гэтую заяву намесьніка кіраўніка Цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ Артура Стрэха:

«Не, ніякіх камэнтарыяў ня будзе. Калі нешта будзе падрыхтавана, мы для прадстаўнікоў мэдый паведамім дадаткова».

Адмовіліся камэнтаваць інфармацыю Вячаслава Дудкіна таксама ў Генэральнай пракуратуры і ў Камітэце дзяржкантролю. Прэсавы сакратар міністра ўнутраных спраў Сьвятлана Бароўская сказала, што не кантактавала з былым міністрам Уладзімерам Навумавым з часу ягонай адстаўкі, а што да ягонага пераемніка Анатоля Куляшова, то на ягоны адрас Дудкін нічога не казаў і камэнтаваць няма чаго.

Экс-міністар Уладзімер Навумаў цяпер жыве ў Маскве, дзе працуе дарадцам кіраўніка дзяржкарпарацыі «Ростехнология» Сяргея Чэмізава. Атрымаць асабісты тэлефон Навумава не ўдалося, а па службовым адказалі, што ён адсутнічае. Маскоўскі журналіст Павел Шарамет мяркуе, што прыйдзе час, і ад Уладзімера Навумава грамадзкасьць Расеі і Беларусі даведаецца больш сэнсацыйных зьвестак, чым ад Вячаслава Дудкіна, які зьбіраў доказы карупцыі беларускіх чыноўнікаў пад непасрэдным кіраўніцтвам Навумава:
Я абсалютна не выключаю таго, што адносна Навумава ёсьць загад прэзыдэнта яго нэўтралізаваць.

«Што да антыкарупцыйнай барацьбы, Навумаў сапраўды аказаўся такім службоўцам, адданым дзяржаве, які менш працаваў на ўласную кішэню і прэзыдэнта, а больш на праўду, як ён яе разумеў. Я абсалютна не выключаю таго, што адносна Навумава ёсьць загад прэзыдэнта яго нэўтралізаваць, таму ён і маўчыць увесь гэты час. Наколькі мне вядома, Навумава цяпер у Маскве ахоўваюць, проста так да яго не падабрацца. Але, мяркую, ён выступіць у апошні момант, калі ўжо будзе відавочна, што Масква канчаткова пайшла на беларускага прэзыдэнта, і ягоная сытуацыя стане вельмі складанай».

Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак ня дзівіцца, што дзяржаўныя структуры, адказныя за выкананьне законаў, маўчаць пасьля выкрыцьцяў капітана Дудкіна:

Алег Воўчак
«Ну як можа рэагаваць пракуратура, калі гаворка, паводле Дудкіна, пра кругавую паруку, пачынаючы ад судзьдзяў і пракурораў? Да каго яшчэ зьвяртацца? І ёсьць жа факты, дакумэнты… Жахліва! Горш, чым была сыцылійская мафія, бо атрымліваецца, што няма дзяржавы, а ёсьць нейкая карупцыйная злачынная дзяржаўная групоўка».

Капітан Вячаслаў Дудкін у сваіх выкрыцьцях некалькі разоў згадвае сьледчую па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятлану Байкову, якая таксама расьсьледавала карупцыйныя справы. Дудкін ня выключыў, што з Байковай распраўляюцца за яе прынцыповасьць. Ужо шосты месяц Сьвятлану Байкову ўтрымліваюць у турме КДБ. Яе абвінавачваюць у службовых злоўжываньнях. Сёньня, паводле адваката Міхаіла Воўчака, Сьвятлану Байкову, чый стан здароўя рэзка пагоршыўся, адвезьлі на абсьледаваньне ў шпіталь КДБ. Некалькі дзён таму адвакат бачыўся з Байковай і па выніках той сустрэчы казаў, што яна пачуваецца лепш. Вось як Міхаіл Воўчак патлумачыў зьмены ў ацэнцы стану здароўя падабароннай:

«Яна хавала гэта ад мяне. А мужу напісала такія рэчы, што я мусіў напісаць хадайніцтва аб тэрміновым лячэньні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG