Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці накрые Беларусь новая хваля прыватызацыі ў Расеі?


Расейскае міністэрства фінансаў выступіла з праграмай маштабнай прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці, паводле памераў супастаўнай з той, якая была ў Расеі ў 1990-х гадох. Што прычынілася да новай эканамічнай палітыкі Расеі і якімі могуць быць наступствы гэтай палітыкі для Беларусі?

На пачатку гэтага тыдня Міністэрства фінансаў Расеі апублікавала прапановы, якія прадугледжваюць прыватызацыю на працягу трох гадоў значных пакетаў дзесяці найбуйнейшых дзяржаўных кампаніяў. Размова ідзе пра такіх гігантаў расейскай эканомікі, як “Раснафта”, “Транснафта”, “Ашчадны банк” і расейская чыгунка.

Ува ўсіх гэтых кампаніях расейская дзяржава мае пераважную большасьць акцый, на продаж будуць выстаўляцца мінарытарныя пакеты – гэта значыць, што і пасьля продажу кантрольныя пакеты акцый дзяржава захавае за сабой.

У межах гэтай трохгадовай праграмы прыватызацыі мяркуецца атрымаць каля 900 мільярдаў рублёў (прыблізна 29 мільярдаў даляраў).

Адна з прычынаў узьнікненьня гэтай прапановы – наступствы эканамічнага крызісу, праблемы зь бюджэтам. У прапановах Мінфіну Расеі падкрэсьліваецца, што ўсе даходы ад гэтай праграмы прыватызацыі мяркуецца накіраваць на пагашэньне бюджэтнага дэфіцыту. Міністар фінансаў Аляксей Кудрын абяцае за кошт продажу дзяржмаёмасьці скараціць дэфіцыт з 4% ВУП у наступным годзе да 2% ВУП у 2013 годзе.

Паводле “The Financial Times”, “важней за ўсё тое, што хоць Масква, безумоўна, не адмовіцца ад кантролю над гэтымі кампаніямі, плян, як мінімум, дэманструе гатовасьць аслабіць хватку. Плян Кудрына дасьць зваротны ход павелічэньню дзяржаўнага кантролю ў эканоміцы, якое выявілася ў гады прэзыдэнцтва Ўладзіміра Пуціна. Кампаніі будуць вымушаныя стаць больш празрыстымі і падсправаздачнымі прыватным інвэстарам. Акрамя таго, плян Кудрына можа прывесьці ў краіну стратэгічных замежных інвэстараў, якія маюць капіталы і ноў-хаў”.
Мы можам апынуцца ў сытуацыі калгаснага рынку...


Як новая расейская праграма прыватызацыі можа адбіцца на беларускай эканоміцы і беларускай эканамічнай палітыцы? Ці ня зьнізіць расейскае прапанаваньне цэны і прывабнасьць магчымых беларускіх аб’ектаў прыватызацыі? Гаворыць эканаміст Міхась Залескі:

“На час першай прыватызацыі расейскія актывы былі не такія выгадныя, як польскія, чэскія і вугорскія. Асноўныя плыні інвэстыцыйнага капіталу ішлі тады ў Цэнтральную Эўропу. Цяпер сытуацыя паўтараецца, але люстэрка для нас – ня з Захаду, а з Усходу. Пры ацэнцы доўгатэрміновай рызыкі інвэстары цікавяцца не ў апошнюю чаргу палітычнымі фактарамі. Расейскі аб'ём прапановы несупастаўны з тым, што можа прапанавацца ў нас. Небясьпечна таксама і тое, што структура расейскіх прадпрыемстваў паўтарае структуру беларускай вытворчасьці: Расея і Беларусь у СССР былі ўзаемадапаўняльнымі часткамі. І мы можам апынуцца ў сытуацыі калгаснага рынку, калі два прадаўцы прадаюць прыблізна аднолькавы тавар, але ў аднаго яго мала, а ў другога шмат. Той, у каго многа, за кошт рэспэкту, за кошт саліднасьці выйграе гэтую рынкавую пазыцыю”.
Пачнецца ціск на наша кіраўніцтва з расейскага боку...


Дракахруст: А ці можа гэтая новая расейская прыватызацыя псыхалягічна падштурхнуць аналягічныя працэсы ў Беларусі?

Залескі: Мы можам колькі заўгодна імітаваць паказчыкі, неабходныя МВФ. А інвэстары будуць ісьці ў Расею, бо для іх працэдура будзе больш празрыстая. І тут пачнецца ціск на наша кіраўніцтва з расейскага боку – давайце сынхранізуем нашы меры па прыватызацыі. А ці гатовае наша кіраўніцтва ісьці гэтым шляхам, ці здольнае кіраваць гэтым працэсам так, як будуць рабіць расейскія кіраўнікі? Гэта будзе выпрабаваньне для нашай сацыяльнай палітыкі. У Расеі ніякай гаворкі не ідзе ні пра захаваньне працоўных калектываў, ні пра паляпшэньне дабрабыту насельніцтва: гэтая рыторыка там проста адкідаецца. І гэта будзе прапанавана нам. І гэта будзе палітычны пройгрыш, калі ўлада прыме такі падыход.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG