Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустаршыню БХД аштрафавала падатковая


Георгі Дзьмітрук

Георгі Дзьмітрук

Аднаму з кіраўнікоў стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Георгію Дзьмітруку з Кобрыня падатковая інспэкцыя выставіла штраф у памеры 18 мільёнаў рублёў за перавышэньне ягоных асабістых расходаў над даходамі. Актывіст лічыць гэтае рашэньне палітычна матываваным і зьбіраецца яго аспрэчваць.

Георгі Дзьмітрук кажа, што рознага кшталту праверкі ягоных даходаў цягнуцца апошнія некалькі гадоў. Спачатку прыбыткі апазыцыянэра аналізаваў дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, потым дзяржаўны кантроль, а на працягу апошніх чатырох месяцаў яму амаль кожны дзень прыходзілася сустракацца з падаткоўцамі Кобрыня. Інспэктары аналізавалі прыбыткі і выдаткі спадара Дзьмітрука за апошнія дзесяць гадоў:
мне паведамілі, што даходы за 10 гадоў не пакрываюць маіх расходаў ...

"Яны не знайшлі нейкіх парушэньняў за гэтыя гады. Таму пайшлі іншым шляхам: падлічылі, колькі я павінен зарабляць, каб пакрыць расходы. Прычым гэтыя расходы яны таксама самастойна разьлічвалі, беручы пад увагу пражытковы мінімум, падлічвалі заплачаныя падаткі. У выніку мне паведамілі, што даходы за 10 гадоў не пакрываюць маіх расходаў".

На працягу расьсьледаваньня падаткоўцы, кажа актывіст БХД, павялічвалі суму штрафу. У выніку цягам бліжэйшага часу яму прыйдзецца заплаціць каля 18 мільёнаў рублёў:

"Мне прыйшло паведамленьне, што цягам некалькіх месяцаў я павінен аплаціць гэтую суму, у адваротным выпадку справа будзе перададзена ў суд".

Георгі Дзьмітрук кажа, што цяпер вядзе кансультацыі зь юрыстам і зьбіраецца абскарджваць рашэньне падаткоўцаў у судзе.

Каардынатар БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шухрай перакананы, што гэты выпадак палітычна матываваны:
Дзьмітрук зьяўляецца кіраўніком альтэрнатыўнага ўраду для адзінага кандыдата ...

"Гэты штраф зьвязаны з палітычнай дзейнасьцю Георгія Дзьмітрука. І тут, мяркую, ціск напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі. Дзьмітрук зьяўляецца кіраўніком альтэрнатыўнага ўраду для адзінага кандыдата".

Падатковыя праверкі ў адносінах да грамадска-палітычных актывістаў на Берасьцейшчыне апошнім часам актывізаваліся, кажа Зьміцер Шухрай.

Георгі Дзьмітрук займаецца бізнэсам, ён выхоўвае 5 дзяцей. На працягу апошніх дзесяці гадоў ён працаваў кіраўніком прадстаўніцтваў розных замежных прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі.
XS
SM
MD
LG