Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС шкадуе, што дзецям не далі візаў


Міністэрства замежных спраў Беларусі выказала шкадаваньне ў зьвязку з адмовай Вялікабрытаніі выдаць візы групе беларускіх дзяцей з рэгіёнаў, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы.

Пра гэта заявіў журналістам прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, перадае БелТА.

Дзеці накіроўваліся на адпачынак.

Спадар Савіных адзначыў, што за выдачу візаў хадайнічалі рэспэктабэльныя брытанскія гуманітарныя арганізацыі.

Аднак, паводле А.Савіных, такія дзеяньні - сувэрэннае права брытанскага боку, таму ніякіх афіцыйных прэтэнзій у гэтым выпадку прад'явіць нельга.

Адказваючы на пытаньне пра тое, як успрымаецца гэты інцыдэнт на фоне перамоваў Беларусі з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму для беларускіх грамадзянаў, А.Савіных адзначыў:

"Мы не ўвязваем гэты працэс у гэтым выпадку. На перамоўны працэс аб візавай лібэралізацыі маем вялікія надзеі, мы прыхільныя да працягу гэтага працэсу і гатовы максымальна канструктыўна узаемадзейнічаць з нашымі эўрапейскімі калегамі".

У нядзелю ў брытанскім штодзёньніку Independent быў апублікаваны артыкул пад назовам "Чарнобыльскіх дзяцей не пускаюць у Брытанію".

Гаворка ў ім ідзе пра тое, што дзецям, якія пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай аварыі, брытанскае памежнае агенцтва рэгулярна адмаўляе ў візах. У артыкуле падаюцца канкрэтныя выпадкі: толькі сямёра з 17 дзяцей, якія меліся паехаць у Вялікую Брытанію з дапамогай дабрачыннай ініцыятывы «Лінія жыцьця дзяцей Чарнобылю», атрымалі візы.

На пытаньне агенцтва БелаПАН, як такія дзеяньні брытанскіх уладаў суадносяцца з заявамі эўракамісара Штэфана Фюле аб неабходнасьці значна аблегчыць візавыя дачыненьні зь Беларусьсю, прэс-сакратар МЗС адказаў, што гэтыя два працэсы "ніяк ня зьвязаны". Паводле слоў Савіных, беларускі бок "ускладае вялікія надзеі на пасьпяховае прасоўваньне працэсу спрашчэньня ўсіх візавых працэдур для грамадзян Беларусі". "Мы гатовыя да гэтага працэсу і гатовыя да канструктыўнага ўзаемадзеяньня з нашымі эўрапейскімі партнэрамі", — заявіў прэс-сакратар МЗС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG