Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чарнобыльскіх дзяцей не пускаюць у Брытанію"


Дзяцей, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай аварыі, апошнім часам рэгулярна не пускаюць у Вялікую Брытанію на аздараўленьне, адмаўляючы ім у візах. Пра гэта піша ў нядзельным выпуску брытанскі штодзёньнік Independent. Мы знаёмім вас са зьместам гэтага артыкулу.

Ад часоў аварыі ў 1986 годзе брытанскія дабрачынныя арганізацыі арганізавалі для тысячаў дзяцей з пацярпелых раёнаў Беларусі і Ўкраіны аздараўляльныя паездкі ў брытанскія сем’і. Але цяпер прадстаўнікі гэтых арганізацыяў скардзяцца, што іх праца зрабілася немагчымай, бо брытанскае памежнае агенства вельмі часта адмаўляе ў візах у апошні момант.

У мінулым месяцы толькі сямёра з 17 дзяцей, якія меліся паехаць у Вялікую Брытанію з дапамогай дабрачыннай ініцыятывы “Лінія жыцьця дзяцей Чарнобылю”, атрымалі візы. Астатнім 10 напярэдадні паездкі паведамілі, што яна скасаваная. Іншай брытанскай дабрачыннай арганізацыі, “Мэдыцына і Чарнобыль” сёлета адмовілі прынамсі ў васьмі візах.

10-гадовы Ўладзіслаў Шпачук, які жыве ўсяго за 110 кілямэтраў ад месца аварыі, быў адным з тых, каму адмовілі ў візе. Ён пакутуе ад рэгулярных галаўных боляў, а ягоная сям’я ня можа сабе дазволіць, паводле парады доктара, праводзіць прынамсі месяц на год па-за заражанай зонай. Ягоная маці, Сьвятлана Шпачук кажа, што ўвечары напяярэдадні ад’езду “ён ужо сядзеў на чамаданах. Ён сказаў нам, што ня можа дачакацца раніцы, калі мікрааўтобус забярэ яго ў аэрапорт. А потым нам пазванілі і сказалі, што не атрымалася зь візай. Нам было страшна сказаць гэта яму, а калі мы сказалі, ён плакаў і пытаўся “чаму я?”

Брытанскае памежнае агенцтва тлумачыць, што больш жорсткія захады выкліканыя клопатам пра бясьпеку дзяцей. Але брытанскія сем’і, якія прымаюць дзяцей, загадзя праходзяць праверку ў Бюро крымінальнай дакумэнтацыі і ўхваляюцца дабрачыннымі арганізацыямі. У адным выпадку двое дзяцей меліся прыехаць у адну сям’ю, і адному далі візу, а другому адмовілі, што ставіць пад сумнеў тлумачэньні памежнага агенцтва.

Дзеці ў некаторых раёнах Беларусі і Ўкраіны па-ранейшаму трапляюць пад рызыку сьмяротнай хваробы праз забружанае навакольнае асяродзьдзе. Месяц у Брытаніі, дзе яны маюць магчымасьць есьці чысьцейшыя прадукты, дыхаць чысьцейшым паветрам і набрацца сілаў, можа павялічыць іх працягласьць жыцьця.

"Вельмі незвычайныя праверкі"

Брытанскія сем’і, якія прымаюць дзяцей, паведамілі Independent, што часам рабіліся аб’ектамі “вельмі незвычайных” праверак з боку памежнай службы. Некаторым тэлефанавалі з самай раніцы прадстаўнікі агенцтва з Масквы, Кіева ці Менску і прасілі па літарах назваць імёны дзяцей, якія да іх прыедуць, а таксама пыталіся, ці будуць дзяцей добра карміць. У некаторых выпадках прадстаўнікі агенцтва ўвогуле не кантактавалі зь сем’ямі, але ў візах было адмоўлена. Само агенцтва цьвердзіць, што у кожным выпадку адбылася “адэкватная праверка”.

Пол Сьміт, сацыяльны работнік і кіраўнік аднаго з аддзяленьняў ініцыятывы “Лінія жыцьця дзяцей Чарнобылю”, кажа, што дзеяньні памежнага агентва ніяк не абараняюць дзяцей. “У агенцтва ёсьць доступ да файлаў Бюро крымінальнай дакумэнтацыі, і такімі тэлефанаваньнямі нічога не дасягнеш. Гэтыя сем’і – незаўважаныя героі, якія працуюць бясплатна, каб даць дзецям шанец”.

Лінда Ўолкер, выканаўчы дырэктар праекту Дзецям Чарнобылю, сутыкнулася з падобным допытам з боку памежнага агенцтва. "Мне цяжка зразумець, чаму памежнае агенцтва цяпер патрабуе ад [бацькоў чарнобыльскіх дзяцей] дакумэнтацыю, каб “даказаць”, што ў дзяей ёсьць прычыны вярнуцца дамой пасьля паездкі”.

Гэтыя праблемы зьявіліся адначасова з кардынальнай зьменай падыходу да бясплатных візах для ахвяраў Чарнобылю. Усе дзеці, пацярпелыя ад Чарнобылю, маюць права на бясплатныя візы, але большасьці даводзіцца плаціць за візу 70 брытанскіх фунтаў.
Былы брытанскі амбасадар у Беларусі Браян Бэнэт кажа: “Дабрачынныя арганізацыі лепш абараняюць дзяцей, чым памежнае агенцтва. Не магу зразумець, чаму [адмаўляюць у візах]. Можа быць, гэта зьвязана з тым, што візы павінны быць бясплатныя – можа іх злуе, што дзеці ня плацяць”.

Прадстаўніца памежнага агенцтва Барбара Вудвард кажа: “Вядзецца не пра бюракратыю, а пра абарону дзяцей. У гэтай сувязі мы правяраем, каб была згода бацькоў і каб былі наладжаныя адпаведныя ўмовы для перабываньня”.

“Яна некалькі дзён не магла размаўляць"

Стывэн і Нікі Рэй чакалі візыту трох дзяцей у сваю сям’ю. У іх саміх двое прыёных дзяцей, яны прашлі праверкі Бюро крымінальнай дакумэнтацыі, а таксама раней яны ўжо некалік разоў прымалі на аздараўленьне чарнобыльскіх дзяцей. Тым ня меней усім траім дзецям адмовілі ў візах.

Людміла Камінская, маці адной з гэтых дзяцей, 11-гадовай Марыны Камінскай, кажа: “Калі мы даведаліся пра магчымасьць паслаць нашае дзіця за мяжу на аздараўленьне, нам здалося, што нам шалёна пашанцавала. Яна пакутуе ад частых прастудаў, інфэкцыяў і ў яе павялічаная шчытападобная залоза. Мы самі ня можам сабе дазволіць паслаць яе кудысьці палепшыць здароўе.
Таму для нас гэтам было як гром зь яснага неба, калі нам сказалі, што ёй адмовілі ў візе. Мы не маглі паверыць, што гэта зрабіла брытанскае консульства. Што нам было казаць нашай дзяўчынцы? Мы не маглі паверыць, што нехта такое зробіць дзіцю. Яна атрымала такую траўму, што не размаўляла з намі некалькі дзён”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG