Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Адпачынак альбо кампутар — трэба выбіраць”


«Дзе аздараўляюцца вашы дзеці на канікулах?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

Спадарыня: «Дома і ў бабулі. Яны вясной езьдзілі ў Чонкі ў санаторый. Сказалі: адзін раз аздаравіліся — і ўсё. У тым годзе самі езьдзілі, а сёлета дома. Дзіцяці сказалі, што па праграме навучаньня патрэбны ўжо кампутар. Адпачынак альбо кампутар — трэба выбіраць».

Спадар: «Пад Менскам у лягеры. Адзін месяц за сэзон — і ўсё».

Спадарыня: «Сёлета мы неяк не зарганізаваліся. Дык дома з маці сядзіць. Вазіла ў Піцер на тыдзень проста паглядзець. А пуцёўку ў лягер, у санаторый не змаглі ўзяць».

Спадарыня: «Па магчымасьці — у бабулі, у лягеры. У прынцыпе ў Крым можна было б зьезьдзіць. Ну, а далей — Турцыя, Канары — гэта складана з фінансавага гледзішча».

Спадар: «У нас двое дзяцей. Някепска было б іх у Нямеччыну, Іспанію, Італію. Неяк усё затухае чарнобыльская тэма. Трэба нанова яе разьвіваць — няхай дзеці езьдзяць, на сьвет паглядзяць. Плюс — не будаваць лядовыя палацы, у якіх бацькі павінны паўзаробку пакінуць, каб пазабаўляць дзяцей, а ўсе грошы на пуцёўкі дзецям накіраваць».

Спадарыня: «Адзін — пад Менскам, другі — у Чонках. Болей пакуль не атрымліваецца. Хацелася б, канечне, на мора».

Спадар: «Нашы дзеці адпачываюць дома разам з намі, таму што мы ня так багата жывём, каб нам кудысьці іх выправіць».

Спадарыня: «Дачка нядаўна прыехала з-пад Менску, з санаторыю — „Рассвет“ называецца. Ёй там спадабалася. Далей — дома. Былі б фінансы, з задавальненьнем паехала б і ў Турцыю, і на Канары, і на Багамы».

Спадарыня: «Пакуль толькі экзамэны здалі. Зьбіраюцца зьезьдзіць у Еўпаторыю на мора на дзесяць дзён. Надта дорага — жытло, харчаваньне. Ня тое, што раней мы — на месяц ехалі. Зараз яны хаця б дзесяць дзён адпачылі».

Спадарыня: «Мы — з Буда-Кашалёва. Адзін раз на год дзеці могуць аздаравіцца. Пасярод навучальнага году дзеці езьдзілі ў Сочы».

Спадарыня: «Пуцёўкі можна купіць самім — 600 тысяч рублёў каштуе пуцёўка ў лягер. У санаторыі пуцёўкі — праз паліклінікі. У прынцыпе, адпачыць можна. „Чонкі“, „Залатыя пяскі“ — у нас шмат санаторыяў, дамоў адпачынку, лягераў паблізу гораду».

Спадарыня: «На жаль, дома. Сродкаў бракуе, каб куды-кольвечы выправіцца».

Спадарыня: «Гэта — унукі, адпачываюць разам з бабуляй. Бабуля на працу — яны адны, бабуля з працы — яны са мной».


XS
SM
MD
LG