Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Занядбаная мара савецкага дзяцінства


Недабудаваны будынак у комлексе летнікаў у Валожынскім раёне.

Недабудаваны будынак у комлексе летнікаў у Валожынскім раёне.

У Беларусі сёлета зачынены 36 занядбаных дзіцячых летнікаў. Летась такіх было 23, а годам раней — 41. Такім чынам, істотна зьмяншаюцца магчымасьці для летняга адпачынку дзяцей. Шырокая сетка аздараўленчых аб’ектаў дасталася незалежнай Беларусі ў спадчыну ад БССР. Значная частка іх сёньня разбураецца.




МАГІЛЁЎШЧЫНА


Дзеці зь летнікаў прывозяць… вошы

На Магілёўшчыне ў дзіцячых летніках найбольш нараканьняў выклікаюць санітарна-бытавыя ўмовы. Здараецца, што нават прыбіральні знаходзяцца па-за жылымі карпусамі, бо ў іх безнадзейна сапсаваная каналізацыя.

Пра нязручнасьці лягернага жыцьця расказалі «Свабодзе» школьнікі, якія адбылі там адведзены пуцёўкай час. Юначка Алена наведала не адзін летнік паблізу абласнога цэнтру. Пра побыт згадвае наступнае:

«Там прыбіральня знаходзілася й на вуліцы, і ў памяшканьні. Днём мы хадзілі на вуліцу. Для таго, каб лішні раз не забруджваць прыбіральні ў памяшканьнях. А ноччу нам дазвалялі карыстацца імі ў памяшканьні. Душавыя знаходзіліся таксама на вуліцы, у асобным будынку. Бывала такое, што дзяўчаты падыходзілі пакарыстацца душам, каб менавіта сёньня. А ім адказвалі: сёньня нельга, можа, заўтра, й тое ня факт».

На санітарна-бытавыя ўмовы ў летніках наракае і юнак Пётар:

«Прыбіральні знаходзяцца на вуліцы. Мала таго, што яны знаходзяцца на вуліцы, дык яны яшчэ не прыбіраюцца як мае быць. Таксама вялікая праблема — гэта душавыя кабіны. Толькі дзякуючы таму, што
Калі ў вас добрыя адносіны з выхавацелямі ці з дырэктарамі, вы можаце хадзіць у душ у любы час, а ня раз на тыдзень.
ў вас добрыя адносіны з выхавацелямі ці з дырэктарамі, вы можаце туды хадзіць у любы час, а ня раз на тыдзень ці два на тыдзень».

Бацькі таксама незадаволеныя. Яны сьцьвярджаюць, што з савецкіх часоў у летніках мала што зьмянілася.

«Прыбіральні на вуліцах, і дзяцей ня часта водзяць мыцца. Свайго незадавальненьня я не выказвала. Выказвалі тыя, чые дзеці прывозілі вошы. Вось дзяцей прынялі, паглядзелі галовы — і добра, калі іх яшчэ раз паглядзяць. Нічога не памянялася. Як было, так і засталося. Нейкага разьвіцьця няма», — зазначае маці, чыя дачка пабыла ў трох летніках.

На Магілёўшчыне 23 аздараўляльныя лягеры. Чатыры зь іх, паводле вынікаў праверкі санітарна-эпідэміялягічнай службы, засталіся не падрыхтаванымі да прыёму дзяцей. Не было гарачай вады, заўважаліся праблемы ў сталоўках. Пра прыбіральні на вуліцах і душавыя пакоі як крытэры гатоўнасьці лягераў ніхто ня згадваў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Безнадзейна састарэлі яшчэ 16 былых летнікаў

На Гарадзеншчыне сёлета безнадзейна састарэлымі прызнаныя 16 былых летнікаў. Тут гніюць драўляныя пабудовы 1970-х гадоў, непрыдатная для выкарыстаньня мэбля.

У вёсцы Байбы на Смаргоншчыне непрыдатным для дзіцячага адпачынку стаўся састарэлы дзіцячы летнік. Мясцовы жыхар інфармуе:

«Няма ўжо ў Байбах лягеру ніякага, даўно купіў фэрмэр. Раней там была школа і дзеці летам адпачывалі. А цяпер фэрмэр там».

У маляўнічым Залесьсі, дзе знаходзіцца маёнтак Міхала Агінскага, побач панура стаіць вялікі будынак былога санаторыю-прафілякторыю сылікатнага заводу. У канторы мне распавядаюць, што ўзімку там заўсёды аздараўляліся рабочыя, а ўлетку прафілякторый засялялі на тры месяцы дзеці.

Будынак спустошаны, не функцыянуе, ніхто там нічога ня робіць, развальваецца ён…
Некалькі гадоў таму, з-за таго, што прадпрыемства не магло ўтрымліваць яго на балянсе, прафілякторый прадалі з аўкцыёну. І цяпер спадарыня з бухгальтэрыі сылікатнага заводу з сумам зазначае:

«Санаторый-прафілякторый ужо даўно не функцыянуе, няма ўжо яго. Гэта раней там дзеткі аздараўляліся».

Карэспандэнт: «А што ў вас там зараз?»

Спадарыня: «Наагул нічога. Будынак спустошаны, не функцыянуе, ніхто там нічога ня робіць. Развальваецца…»

Намесьніца загадчыка Слонімскага РАНА Наталя Ёдчыц таксама кажа, што яны ня могуць забясьпечыць усіх ахвотных дзяцей месцамі ў летніх аздараўленчых лягерах, бо такіх у раёне зараз дзейнічае толькі два.

У вёсцы Нізы Слонімскага раёну яшчэ два гады таму існаваў такі летнік, але каб яго адрамантаваць, ва ўладаў неставала грошай, і летнік перадалі ва ўласнасьць праваслаўнай япархіі.

Ёдчыц: «Пажарнікі не дазволілі эксплюатаваць, паколькі там драўляныя будынкі, стан якіх не адпавядае нормам для кругласутачнага пражываньня дзяцей. Ён быў зроблены з дрэва, шалашом, без фундамэнту нават».

Плянавалася, што праваслаўная япархія адкрые сёлета гэты лягер для аздараўленьня дзяцей, але дагэтуль там не чуваць дзіцячых галасоў. Кажуць, што і ім нібыта пажарнікі не дазволілі гэтага зрабіць.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Замест адпачынку ў летніках дзяцей зьбіраюць на канікулы на тэрыторыях вайсковых частак і памежных атрадаў

Сёлета яшчэ тры дзіцячыя летнікі рэгіёну застаюцца забароненымі для эксплюатацыі. Санітарныя і пажарныя службы выявілі грубыя парушэньні бясьпекі.

Начальнік управы аздараўленьня Берасьцейскага аблвыканкаму Ніна Чопчыц заявіла Радыё Свабода, што толькі ў першую зьмену трэба аздаравіць ня менш як 45 тысяч дзяцей:

«Мы як і плянавалі ва ўсіх актах, усе летнікі прыдатныя для прыняцьця дзяцей. Калі параўноўваць зь мінулым годам, то сёлета не працуюць толькі тры летнікі. Але яны не распачалі працу своечасова з-за таго, што цяпер тут праводзяцца рамонтныя працы».

Разбурэньне летнікаў адбываецца ў выніку недахопу сродкаў і фінансаваньня зь дзяржбюджэту.
Для іншых катэгорый насельніцтва таксама існуюць прапановы для летняга адпачынку ў аздараўленчых санаторыях. Праўда сытуацыя тут больш складаная з увагі на кошты паслугаў і на попыт. На Берасьцейшчыне засталіся ў асноўным санаторыі, якія ўтрымліваюцца найбуйнейшымі прадпрыемствамі. Атрымаць накіраваньне ў такі санаторый часта магчыма толькі праз заводзкі прафсаюз. Мікалай Коўш, які некаторы час таму кіраваў аддзелам адукацыі ў Берасьці, кажа, што адсутнасьць санаторыяў або летнікаў, які існуюць самі па сабе, а ня ўтрымліваюцца за кошт прадпрыемстваў, абумоўлена недахопам фінансаваньня з боку дзяржавы:

«Летнік — гэта ўстанова, якая працуе, як правіла, у летні сэзон. Падчас зімы будынкі не абслугоўваюцца. Таму пасьля зімы патрэбен рамонт. З увагі на гэта патрэбна ўкладаньне сродкаў. Але ж мы, на жаль, ведаем як сёньня ў Беларусі разьвіваецца сацыяльная сфэра, як папаўняецца бюджэт», — менавіта на гэта якраз сродкаў не хапае».

Паказальна, што ва ўмовах скарачэньня звычайных летнікаў на Берасьцейшчыне дзяцей пачалі часьцей зьбіраць у ваенізаваныя лягеры. Сёлета больш за тысячу хлопчыкаў і дзяўчатак правядуць канікулы ў вайсковых частках і на заставах памежнікаў.
Занядбаныя летнікі на Валожыншчыне
Зачынены летнік “Ветразь”.
Летнік «Галяктыка»
Летнік «Галяктыка»
Дзіцячы летнік “Сьвітанак”
Дзіцячы летнік “Сьвітанак”
Шыльда на ўваходзе ў зачынены летнік “Сьвітанак”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG