Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі будуюць дарогу праз парк і старажытныя курганы



З паўночна-ўсходняга боку Гомелю гарадзкія ўлады распачалі будаўніцтва аб’язной чатырохпалоснай дарогі. Будаўнікі нішчаць зарэчную зялёную зону й старажытныя паселішчы блізу вёскі Якубоўка, якая ўваходзіць цяпер у гарадзкія абшары.

На раку — па аўтастрадзе.

Юры Клімовіч
Адным зь першых трывогу забіў грамадзкі актывіст Юры Клімовіч, сын колішняга вязьня ГУЛАГу Рыгора Клімовіча. Ён апавёў, што, будучы студэнтам Гомельскага ўнівэрсытэту, саджаў дрэвы на правабярэжжы Сожа, блізу цяперашняга мікрараёну «Мельнікаў луг»:

«Тут фактычна рос лес. Прычым, гэты лес саджаў і я. У 79-м годзе нас, студэнтаў некалькіх курсаў, зьнялі з заняткаў і прыгналі сюды. Тут было поле чыстае, і мы гэтыя дрэвы саджалі рыдлёўкамі. Гэта зона адпачынку, па сутнасьці, стотысячнага мікрараёну. Гэта было менавіта тое, што ў Эўропе называецца гарадзкім лесам. Палякі, напрыклад, называюць „miejski las“ — запаведная тэрыторыя адпачынку людзей. Як у Парыжы ёсьць Булонскі лес ці Цэнтральны парк у Нью-Ёрку — улоньне прыроды ў межах гораду».

Лес апанавала тэхніка.

Будаўнікі пусьцілі пад нож шырокую паласу прыбярэжнага лесу між яхт-клюбам і портам. Цяпер тут з дапамогай земснараду, бульдозераў і самазвалаў намываюць насып для будучай аб’язной дарогі, якую запраектавалі чамусьці праз гарадзкую лесапаркавую зону.

Наперадзе — Сож.

Адзін з кіраўнікоў падраднай будаўнічай арганізацыі распавёў:

«Доўга ішлі ўзгадненьні, пакуль трасу гэтую выбіралі. Вялася выведка Навукова-дасьледчым інстытутам горадабудаўніцтва рэспублікі. Выбар трасы цягнуўся прыкладна пяць гадоў. Тут будзе першая частка аб’язной дарогі, якая злучыць з Валатавой новыя мікрараёны Бярозкі, Раманавічы — і далей на Добруш. З гэтага правага боку Сожа будзе другі этап. Дарога пойдзе вакол 18-га мікрараёну на вуліцу Каменшчыкава, па Лепешынскага й выйдзе на «Гомсельмаш».

На пракладку аб’язной дарогі выдаткавана зь бюджэту прыкладна 113 мільярдаў рублёў. Будуюць яе аб’яднаньне «Гомельпрамбуд», РУП «Мастабуд» і «Белаўтадар».

Тэхніка на беразе Сожа.

Гараджане, якія ў летнюю сьпёку адпачываюць на правабярэжжы Сожа, ад выбару месца трасы не ў захапленьні.

Малады гамяльчук спадар Алег кажа, што 20 гадоў хадзіў да ракі адпачываць. Цяпер тут усё руйнуюць бульдозэры:

«Забіваюць на корані прыроду! Прасеку такую бабахнулі! Я ж ведаю, колькі яны тут высеклі! Адпачывалі тут усе з Валатавы. Прырода ў цэнтры гораду — рыбу нават лавілі. А зараз што? Хана! Крыўдна вельмі. Я й на левым беразе быў — забіваюць прыроду з-за гэтага асфальту. Паедзьце ў Навабеліцу, паглядзіце і пабудуйце крыху далей ад гораду гэты мост».

Тут будзе мост.

На левабярэжжы Сожа будаўнікі таксама вынішчылі частку зарэчнай лесапаркавай зоны.

На левабярэжжы Сожа.

Блізу Якубоўкі яны зруйнавалі й старажытныя ўзвышшы, якія папярэдне не дасьледавалі археолягі +. Тут на паверню бульдозэры падымалі керамічныя парэшткі бронзавага веку, фрагмэнты прыладаў з крэмнію.

Старажытныя паселішчы ля Якубоўкі.

Гісторык Уладзімер Літвінаў: «Паводле зьвестак археолягаў, у раёне Якубоўкі вядомыя некалькі паселішчаў каменнага й бронзавага вякоў. Еўдакім Раманаў згадваў і пра курганы ля Якубоўкі. Спробы іх знайсьці, наколькі я ведаю, у той час нічым ня скончыліся. У панядзелак мы падрыхтуем ліст ва ўпраўленьне культуры наконт таго, што гэтыя работы на зямлі з археолягамі ніяк ня ўзгоднены».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG