Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчукі супраць новага заводу


«Гомельдрэў»
«Гомельдрэў»

У Гомелі жыхары вуліц Галавачова, Дастаеўскага, Севастопальскай ды іншых, прылеглых --> http://maps.google.com/maps?q=52.383314,31.019812&num=1&t=h&sll=52.383904,31.022966&sspn=0.00812,0.022724&ie=UTF8&ll=52.383615,31.013117&spn=0.032481,0.090895&z=14&lci=org.wikipedia.en да акцыянэрнага таварыства «Гомельдрэў», пратэстуюць супраць будаўніцтва тут заводу па вытворчасьці валакністых пліт сярэдняй шчыльнасьці — так званых пліт МДФ. Мясцовыя жыхары сабралі сотні подпісаў з патрабаваньнем узводзіць шкодную вытворчасьць за межамі гораду.


На патрабаваньне гараджанаў сёньня ў канфэрэнц-залі «Гомельдрэву» ладзіліся грамадзкія слуханьні. Генэральны дырэктар аб’яднаньня Генадзь Каротчанка, распрацоўшчыкі праекту заводу з інстытуту «Гіпражыўмаш», гарадзкая экалягічная інспэкцыя даводзілі да грамадзкасьці, чаму неабходна будаўніцтва новага заводу на месцы старых карпусоў.

Выступае дырэктар Генадзь Каротчанка

Рэакцыя прысутных была надзвычай крытычнай:

Спадар: «Чаму не азнаёмлена насельніцтва Навабеліцкага раёну з гэтым будаўніцтвам — вось пытаньне? Ніхто ня ведае! Я, напрыклад, даведаўся празь дзесятыя рукі й прыйшоў сюды. І прысутнічаць на такім форуме павінна ня 150 чалавек, а 1500, як мінімум. Што мы тут сабраліся? Што мы тут вырашаем?


Дырэктар Каротчанка распавёў, што «Гомельдрэў» ужо перажываў банкруцтва, а з пускам у 2013 годзе новай вытворчасьці выраб прадукцыі падвысіцца ў параўнаньні з сёньняшнім у 2 разы — да 200 мільярдаў рублёў.

На новым прадпрыемстве будуць працаваць 200-300 чалавек. Завод МДФ-плітаў прапаноўвалі абсталёўваць і кітайцы, і італьянцы, але дырэкцыя й вышэйшыя ўлады перавагу аддалі нямецкай тэхналёгіі.

Па словах спэцыялісткі ў справе аховы працы й навакольнага асяродку, пабольшае ў атмасфэры толькі выкідаў двухвокісу азоту й сажы. Іншыя паказьнікі шкодных рэчываў, у тым ліку й фармальдэгіду, наадварот, зьменшацца:

«Нязначнае павышэньне нормаў канцэнтрацыі прымесяў у атмасфэры чакаецца двухвокісу азоту й сажы , але пры гэтым безь перавышэньня дапушчальных канцэнтрацыяў у жылой зоне».

Такія тлумачэньні мала заспакойвалі прысутных.


Спадар Аляксандар: «Павелічэньне выкідаў сажы й двухвосісу азоту — як вы з гэтага становішча будзеце выбірацца? Гаворыце пра ліміты выкідаў, а тут жывуць людзі й будуць гэтым дыхаць? Зараз у вас чадзіць труба, якая ніжэй жылога дому — у мяне дома ўся бялізна брудная, бо вокны выходзяць у бок прадпрыемства. І дыхаць няма чым».

Што называецца, рубам ставілі людзі й пытаньне выратаваньня «Гомельдрэву» за кошт новага заводу, на будаўніцтва якога спатрэбіцца 40 мільёнаў эўра:

Аляксандар: «Вы самі верыце ў тое, што гэты завод выратуе фінансавае становішча „Гомельдрэву“? Праз сем гадоў, калі на поўную магутнасьць выйдзе гэты завод, мода на гэты ламінат ды ламініраваную пліту пройдзе».

Дырэкцыя не пагаджаецца з такой высновай гараджанаў. Цьвердзіць, што зараз у краіну імпартуецца каля 300 тысячаў тон ламініраванай пліты. Апрача гомельскага, падобныя заводы будуць пабудаваны ў Віцебску й Мастах, што ў Гарадзенскай вобласьці.

Гараджане здавацца не жадалі. Дапытваліся, чаму адрынута пляцоўка для будаўніцтва заводу вытворчасьці МДФ-пліт у Рэчыцкім раёне:

Спадарыня: «Усе прадпрыемствы выносяцца за межы гораду. А чаму ў нас будуюць пад носам у людзей? Вы ж слухалі прэзыдэнта, што ў Менску ўсе прадпрыемствы выносяцца за межы гораду, а вы тут садзіце пад носам, дзе жывуць малыя дзеці, дзе школы, садзікі, ясьлі. Бессаромна!»

Прысутны на слуханьнях начальнік гарадзкой экалягічнай інспэкцыі Міхаіл Чэркас паабяцаў усе пытаньні мясцовых жыхароў перадаць у Мінпрыроды, якое мусіць даць канчатковае заключэньне наконт магчымасьці будаўніцтва новага прадпрыемства на тэрыторыі цяперашняга прадпрыемства «Гомельдрэў».

Выступае Міхаіл Чэркас

Аднак заспакоенасьці ў людзей гэта не прыбавіла.

Спадарыня Людміла: «Я разумею так: калі сабралі людзей, выслухалі іхнія меркаваньні, павінен нарадзіцца нейкі дакумэнт, дзе запісана наша меркаваньне, нашы пытаньні. Слуханьні скончыліся. Пагаварылі, паслухалі — разышліся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG