Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экалягічны тур па Прыпяці. Асушаныя балоты


Праход на байдарках

Праход на байдарках

Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла экалягічны прэс-тур па рацэ Прыпяць. Галоўнымі дарадцамі ў гэтай паездцы былі гаспадар аграсядзібы «Прыпяцкі плёс» Анатоль Нефідовіч зь вёскі Лахаўка Лунінецкага раёну й ягоны бацька, сябра БАЖ Сьцяпан Нефідовіч.

Першы рэпартаж экалягічнага туру па Прыпяці быў прысьвечаны праблеме зьберажэньня птушынай разнастайнасьці гэтага ўнікальнага рэгіёну. Сёньняшні расповед — пра балоты поймы Прыпяці, зьнявечаныя мэліярацыяй.

Па Прыпяці мы веславалі на байдарках Нефідовіча ўніз па цячэньні гадзіны чатыры — ажно да Чарабасаўскага каналу. Царства вады, зеляніны й сонца дадавала моцы й настрою. І як толькі з-за купчастага кустоўя ў блакітную вышыню ўзмывала белая ці шэрая чапля, бажаўцы дружна «сушылі» вёслы й браліся за сваю галоўную зброю — фотаапараты.

Белая чапля.

«Фотамадэлямі» тут былі і чаплі, і белыя німфэі, і матылі нейкага незвычайнага сіне-зяленага колеру.

Белыя німфэі.

У Чарабасаўскім канале нас зьдзівіла вада. У Прыпяці яна празрыстая, а тут — шэра-чорная, з часьцінкамі торфу. Канал гэты ўжо многія гады высмоктвае жывыя сокі з Грычынскага балота, якое тут яшчэ пры канцы ХIX стагодзьдзя пачала асушаць экспэдыцыя генэрала Жылінскага, а давяршылі справу савецкія мэліяратары.

Сьцяпан Нефідовіч
Нефідовіч-старэйшы апавёў, што мэліярацыя моцна зьмяніла тутэйшыя абшары:

«Цяпер і балота ня тое, ня тое балота — яно асушана. Няма вады! Там раней і чарвячок нейкі быў, і розныя ракавінкі, і шмат што яшчэ. Цяпер усё — сухое балота. У такім балоце ежы няма. Для птушак гэта непрымальны абшар».

Спадар Нефідовіч заўважае, што пасьля павальнай мэліярацыі на Палесьсі перасталі выкошвацца й паплавы. Яны зарасьлі кустоўем, высачэзнай асакой. Паступова мяняюцца й насельнікі тутэйшых абшараў:

«Некаторыя тыя віды, якія раней тут не жылі, зьяўляюцца ў гэтых зарасьцях. Напрыклад, баклан зьявіўся — непажаданая, агрэсіўная й вельмі пражэрлівая птушка. У вусьці Лані ў нас тут заказьнік. Раней тут цэлыя калёніі былі шэрых чапляў. Цяпер бакланы ўсё асядлалі. Захапілі іхнія гнёзды, зьядаюць птушанят і яйкі чапляў. Праўда, зьявіліся ў нас белыя чаплі — вялікія й малыя. Доўгі час іх тут не было, а дзесьці зь дзясятак гадоў таму сталі іх заўважаць, прычым шмат.

Калёнія бакланаў.

Нашыя мясцовыя птушкі — кнігаўкі, шматлікія кулікі й гэтак далей — паступова зьнікаюць».

Ня стала пасьля суцэльнай мэліярацыі й маленькіх рэчак, дзе людзі бралі рыбу, а абапал сяліліся птушкі:

Сьцяпан Нефідовіч: «Ох, рэчак згінула — дзясяткі такіх рэчак. Вось у нас была Каніца — назва ад слова „каня“, кнігаўкі вадзіліся. Альбо, напрыклад, Ваўчанка, Выдранка — іх зрабілі каналамі, яны зьберагліся хоць у каналах. Журавінная зьнікла рэчка — гэта з прыгожымі назвамі. А так — Люта, Марочна. Ёсьць Лань, а яшчэ была рэчачка Лана, глухая такая. Сьвінапаска была маленькая рэчачка, каля Кажан-Гарадка працякала — зьнікла».

Канал замест рэчкі.

Выявілася таксама, што палеткі на колішніх балотах, дзе неабачліва вырошчвалі прапашныя культуры, «панізіліся» амаль на мэтар. Частку глебы вывезьлі разам з ураджаем, а частку — вынесьлі пыльныя буры.

Адзін з колішніх мясцовых старшыняў калгасаў, які меў участак на асушаным Грычынскім балоце, так сказаў пра мэліярацыю:

«Мэліярацыя, зробленая на Палесьсі ў шасьцідзесятыя гады, накарміла крыху нас і нашых дзяцей, але зрабіла бяднейшымі нашых унукаў і праўнукаў».

Анатоль Нефідовіч
Малодшы Нефідовіч, які заняўся зараз агратурызмам, лічыць, што краіна маглі б мець значна болей цяпер даходу ад жывой прыроды, чым ад неабдуманай суцэльнай мэліярацыі:

«Сёньня ў нас дзесяцігодзьдзе ці нават болей не вядзецца нейкага актыўнага асушэньня. А за тое, што нарабілі, за тое — крыўдна. Быў бы ў нас той жа Грычын альбо, дзе зараз польдэр, пойма, — мы б значна больш мелі, як я цяпер разумею пэрспэктыву».


XS
SM
MD
LG