Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экалягічны тур па Прыпяці. Балотныя птушкі



Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла экалягічны прэс-тур «Прыпяць — жывая вада Палесься». Галоўнымі дарадцамі ў гэтай паездцы былі гаспадар аграсядзібы «Прыпяцкі плёс» Анатоль Нефідовіч зь вёскі Лахаўка Лунінецкага раёну й ягоны бацька, сябра БАЖ Сьцяпан Нефідовіч. Першы рэпартаж экалягічнага туру па Прыпяці прысьвечаны праблеме зьберажэньня птушынай разнастайнасьці гэта ўнікальнага рэгіёна.


Бацька й сын Нефідовічы сустрэлі журналістаў у вёсцы Лахва — той самай, якая ў XVI-XVIII стагодзьдзях належала роду Радзівілаў і якой ужо ў наш час захапляўся Ўладзімер Караткевіч.

У нарысе «Зямля пад белымі крыламі» пісьменнік занатаваў, што найпрыгажэйшая рэчка з «непрыгожаю назваю Смердзь», якая за колькі кілямэтраў да ўпадзеньня ў Прыпяць пачынае драбіцца на рукавы, дзеліць вёску на «некалькі астравоў». Яны злучаныя драўлянымі мастамі, і на гэтых астравах «хаты, што патанаюць у садах».

Старэйшы Нефідовіч, выдатны краязнаўца, нядаўні настаўнік беларускай мовы й літаратуры, ня надта пагаджаецца з Караткевічам наконт «астраўнога» жыцьця тутэйшых вяскоўцаў, але два масткі, якія аддзяляюць «выспу» ад «выспы», паказвае. Дый самі мы, удзельнікі прэс-туру, перабіраемся да байдарак праз экзатычны драўляны масток, што выгнуў сваю хісткую сьпіну па-над Сьмердзю. Гэты масток — найкарацейшы шлях з адной вуліцы на другую.

Паглядзець фотагалерэю ва ўвесь экран.

Пакуль мы аглядалі Лахву, над якой з радасным піскам носяцца ластаўкі, Сьцяпан Нефідовіч апавёў пра спрадвечных спадарожнікаў жыцьця чалавека — птушак:

«Я яшчэ калі ў дзяцінстве тут жыў — у суседняй вёсцы Лахаўка, альбо Малая Лахва, нарадзіўся й рос, — то столькі было птаства: кнігаўкі, кулікі розныя, качкі ўсіх відаў. Насіліся яны, так сказаць, хмарамі. Балацянкі птаствам усе былі занятыя, выпасы, лугі. Усё наўкол аж гаманіла.

Цяпер асушылі ўсё, задамбавалі, польдэр зрабілі. Праедзеш кілямэтраў дзесяць па гэтых дамбах, добра, калі кулічка ўбачыш, кнігаўку, дзесьці качку».

Але нам шчасьціць. Блізу сажалкі мясцовага рыбгасу прыслухаліся да гукаў, якія даносяцца з густых зарасьцяў прыбярэжнага чароту.

Нефідовіч пазнае «сьпевака» — гэта вяртлявая чаротаўка, рэдкая ў Эўропе птушка. Найбольшая папуляцыя чаротаўкі захавалася якраз на Палесьсі.

Малодшы Нефідовіч — таксама пэдагог. Паводле першай адукацыі ён — настаўнік геаграфіі, паводле другой — гісторыі. Анатоль — сябра абласной рады ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», кіраўнік праекту «Захавальнікі тэрыторый, важных для птушак».

Перш чым заняцца экалягічным турызмам, Нефідовіч-малодшы дасьледаваў сам і разам са школьнікамі ўсе тутэйшыя балацянкі, рэчкі й затокі. І вельмі быў усьцешаны, што нарэшце тэрыторыя роднай Лунінеччыны ўвайшла ў рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Сярэдняя Прыпяць». Інакш складана было абараняць тутэйшую флёру й фаўну:

«Тут азначана ў нас, на гэтай тэрыторыі, 182 віды птушак. 150 — гняздуюцца, зь іх 52 віды занесены ў Чырвоную Кнігу. Калі браць тэрыторыю Беларусі, то найбольш тут сканцэнтраваны, як называюць, глябальныя віды, якіх у сьвеце вельмі мала. Так, вядомая ўжо нам вяртлявая чаротаўка — дзьве траціны ўсёй папуляцыі ў нас знаходзіцца. Альбо вялікі арлец — у нашых Лунінецкім і Столінскім раёнах яго найбольшая эўрапейская папуляцыя.

Кваква ў вусьці Лані гняздуецца. Ну і кулікі, зразумела: кулік-сарока, марадунка, якой у Эўропе амаль ня стала».

Анатоль, як і ягоны бацька, засмучаны найбольш тым, што ўсё гэтае багацьце мала знаёмае ня толькі дзятве, але й школьным выкладчыкам:

«Засмучае наш адукацыйны падыход. Людзі нават з вышэйшай адукацыяй, ня кажучы пра школьнікаў, ня ведаюць самага простага, звычайнага ў пляне птушак і расьлін. Калі пералічваць віды, якія ведаюць нават біёлягі, хопіць пальцаў на руках. А ў прыродзе — зрокава, на слых — яны вызначаць яшчэ меней. А калі мы ня ведаем, то мы не імкнёмся гэта захаваць, не беражэм, ня цэнім».

Пакуль Нефідовіч-малодшы рыхтаваў на беразе Сьмердзі байдаркі для воднага паходу на Прыпяць, пацікавіліся ў мясцовага жыхара пра рэдкіх птушак, якія водзяцца ў ваколіцах Лахвы. І пачулі:

«А я й ня ведаю, як іх называюць. Ведаю, што ёсьць ластаўкі, вераб’і, вароны — такіх багата».

На здымках: Сьцяпан Нефідовіч, Анатоль Нефідовіч, гняздо вяртлявай чаротаўкі, масток празь Сьмердзь, чаўны ў тунэлях ракі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG